Жыццё ў свеце цемры

Источник материала:  

Існуе стэрэатып, што невідушчыя людзі вельмі абмежаваныя ў сваіх магчымасцях. Але на самой справе яны імкнуцца жыць так, як і мы з вамі. Ходзяць на працу, у крамы, чытаюць кнігі, слухаюць музыку, карыстаюцца, па магчымасці, дасягненнямі камп'ютарнай тэхнікі. Але робяць гэта ў цемры. Кожны дзень для іх — гэта сапраўднае выпрабаванне на трываласць. Наколькі ж прыстасавана наша асяроддзе да людзей, якія не бачаць фарбы навакольнага свету, не могуць загадзя абысці фізічную перашкоду на сваім шляху?

"Я скончыла звычайную школу..."

Сустрэча з Анжэлай Мартысевіч прызначана на прыпынку "Захад-4". Гэты раён сталіцы адметны тым, што тут кампактна пражываюць сляпыя і слабавідушчыя людзі. Аб гэтым няцяжка і здагадацца: спецыяльныя ярка-жоўтыя металічныя канструкцыі абмяжоўваюць тратуар...

У прызначаны час да прыпынку падыходзіць прыгожая маладая дзяўчына. Каб не бела-чырвоны кій у руках, то і не здагадаешся, што яна не бачыць...

— Праблемы са зрокам у мяне былі яшчэ з маленства. Але яны не перашкодзілі скончыць звычайную агульнадукацыйную школу, — успамінае Анжэла. — Пасля паступіла ў педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. На першай сесіі рыхтавалася да іспыту па гісторыі Беларусі. І злавіла сябе на тым, што перастала бачыць надрукаваны тэкст! Пасля было некалькі аперацый на вачах, але выратаваць зрок, на жаль, не атрымалася... Безумоўна, жыццё працягваецца, нягледзячы на такі круты паварот. Ды і не ўсё згублена. Урачы сказалі, што шанц аднавіць зрок ёсць. Аднак пакуль што гэта можна зрабіць толькі за мяжой...

Жыццё ў свеце цемры

Першапачаткова не магла прымусіць сябе хадзіць са спецыяльным кіем. З роднага Белаазёрска нават прывезла парасон, і з дому выходзіла з ім. Маці доўга пераконвала, што кій з бела-чырвонай расфарбоўкай патрэбен, ён сігналізуе, што ім карыстаецца невідушчы чалавек.

Дарэчы, вучобу ва ўніверсітэце я не кінула. Праўда, на дзённым аддзяленні вучыцца больш не магла, таму была вымушана сысці на "завочку".

У краме

Каб высветліць, наколькі ж прыстасавана звычайная крама для невідушчых людзей, Анжэла прапануе правесці невялікі эксперымент. Для яго абралі магазін закрытага акцыянернага таварыства "Комвак" на рагу вуліц Якубоўскага і Адзінцова — гэта адзін прыпынак да яе інтэрната. Дзяўчына ўваходзіць у краму і проста стаіць з бела-чырвоным кійком, каб да яе падышлі і дапамаглі купіць сок. Сама ж па гандлёвых радах не ідзе, каб штосьці незнарок не пабіць. Мінае хвілін пяць — Анжэла працягвае заставацца на тым жа месцы. Хоць побач праходзіць шмат пакупнікоў... Разам з фотакарэспандэнтам падыходзім да вітрыны, "ловім" аднаго з прадаўцоў і кажам, што ў гандлёвай зале знаходзіцца невідушчы чалавек. Праз пару хвілін Анжэла з пакупкамі ўжо стаіць у чарзе ў касу. Прадавец не толькі дапамагае ёй разлічыцца, але і складвае тавары ў пакет. А мы падыходзім і "здымаем" з сябе інкогніта.

— Невідушчыя людзі да нас заходзяць часта, бо яны тут кампактна пражываюць. Таму заўжды гатовы дапамагчы ім. Але шкада, што ніхто з пакупнікоў не падышоў да прадаўцоў і не растлумачыў сітуацыю. Шчыра кажучы, непрыемна здзіўлена такой людской чэрствасцю, — кажа прадавец крамы Вольга Саўчыц.

— Вось таму мы рэгулярна пасылаем у краму "ганца", у якога ёсць спіс неабходных пакупак і патрэбная сума грошай, — дадае Анжэла.

Няпростая дарога дадому

Пасля паходу ў краму чакаем аўтобус 116-га маршрута, каб даехаць да інтэрната. Шлях наш недалёкі: выходзіць трэба на наступным прыпынку. Месца Анжэле ўступіў... пенсіянер. Пасажыры сярэдняга ўзросту адварочваліся і моўчкі аглядалі краявіды з акна аўтобуса...

— Самы адаптаваны для невідушчых людзей від гарадскога транспарту — гэта метро. Персанал станцыі заўсёды дапамагае спусціцца на перон, увайсці ў вагон. Станцыі аб'яўляюцца. Але ж метро па кожнай вуліцы не пракладзена... Наземным транспартам чалавеку, які не бачыць, карыстацца куды горш. Па-першае, пры пасадцы даводзіцца спадзявацца толькі на дапамогу пасажыраў ці кандуктара. Па-другое, раз-пораз здараецца так, што гукавы інфарматар увогуле маўчыць. І рызыка заехаць у невядомыя мясціны павялічваецца, — гаворыць Анжэла.

Жыццё ў свеце цемры

Але апошнім часам назіраюцца істотныя перамены. Так, на станцыях метрапалітэна з'явіліся ярка-жоўтыя рыфлёныя палосы. У гэты ж колер пафарбаваны і краі прыступак у наземным транспарце. Больш за тое, на лініі выходзяць усё больш аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў, дзе прыступкі перад дзвярыма адсутнічаюць увогуле.

Аўтобус спыняецца каля падземнага перахода. Побач з ім — спецыялізаванае прадпрыемства інвалідаў па зроку "Святлопрыбор". Падземны шлях спецыяльна абсталяваны для невідушчых людзей — на гэта паказваюць адмысловыя ярка-жоўтыя парэнчы. Але...

— За тры дні да Новага года гэты пераход з-за дажджоў і адлігі затапіла, — успамінае дзяўчына. — І каб патрапіць на той бок вуліцы, даводзілася выбіраць з трох шляхоў, адзін за аднаго горшы. Ісці некалькі соцень метраў да бліжэйшага святлафора па галалёдзе ці пераходзіць ажыўленую дарогу, штосекундна рызыкуючы трапіць пад колы аўтамабіляў? Давялося "плысці" па пераходзе, дзе вады было амаль па калена...

Аднак перайсці дарогу пад зямлёй можна далёка не ўсюды нават у цэнтральнай частцы сталіцы. Што ўжо казаць пра спальныя раёны!

— Пакуль што назваць гарадскую інфраструктуру максімальна прыбліжанай да невідушчых людзей не выпадае, — лічыць намеснік старшыні Цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Міхаіл Антоненка. — Напрыклад, сталіца вельмі адстае па колькасці агучаных святлафораў. У той жа Брэсцкай вобласці праца вядзецца куды больш актыўна. На абласным узроўні прынята рашэнне, што ўсе святлафорныя аб'екты павінны быць агучаны! Іншае пытанне — тэхнічны складнік. Апараты састарэлай канструкцыі моцна гудзяць і таму ствараюць дыскамфорт для мясцовых жыхароў. Аднак у краінах Заходняй Еўропы гэтая праблема даўно вырашана. Узровень гуку святлафора наўпрост залежыць ад шуму вакол. Калі на дарозе ціха, то і сігнал будзе падавацца нягучна...

— Па стане на снежань 2012 года ў Мінску ўстаноўлены 28 агучаных святлафораў. Сёлета іх стане больш. Спецыяльны спіс знаходзіцца ў распрацоўцы, — паведамілі "Звяздзе" ва ўпраўленні ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама.

Невідушчым ад нараджэння шрыфт Брайля засвоіць лягчэй

Заходзім у інтэрнат. Свой пакой Анжэла знаходзіць лёгка — на дзвярах шрыфтам Брайля выбіты нумар. Заходзім і бачым на канапе таўшчэзны буквар.

— Па праўдзе кажучы, мне цяжкавата засвойваць шрыфт Брайля. Справа ў тым, што ў невідушчых ад нараджэння людзей адчувальнасць кончыкаў пальцаў вельмі высокая. А ў чалавека, які перастаў бачыць у свядомым узросце, такой ярка выражанай уласцівасці няма — усё прыходзіць пакрысе. Таму пакуль што больш карыстаюся аўдыякнігамі. З аднаго боку, гэта зручней, бо бібліятэка для невідушчых адна на сталіцу. Каб там узяць кнігу, надрукаваную шрыфтам Брайля, трэба ехаць праз паўгорада як мінімум з адной перасадкай. З другога боку, і спампаваць на камп'ютар электронную ці аўдыякнігу не так проста. Для гэтага трэба ўвесці адпаведны код, які з'яўляецца на маніторы. А спецыяльная праграма агучвае іх проста: "Графіка"...

Намеснік дырэктара выдавецтва "Народная асвета" Уладзімір ЦЕЛЕШ гаворыць, што шрыфтам Брайля друкуецца пераважна вучэбная літаратура:

— Сёлета мы плануем выдаць для невідушчых 38 кніг. Большасць з іх — гэта падручнікі. Але не забываемся і на мастацкую літаратуру. Так, шрыфтам Брайля будуць надрукаваны творы Міхаіла Булгакава, Аляксандра Салжаніцына, Міхаіла Шолахава. Таксама свет убачыць зборнік твораў Максіма Гарэцкага. Але трэба ўлічваць, што аб'ём кнігі, надрукаванай такім спосабам, павялічваецца ў чатыры-пяць разоў у параўнанні са звычайнай. Акрамя таго, спецыяльнае абсталяванне, якое дазваляе друкаваць кнігі шрыфтам Брайля, знаходзіцца толькі ў адной тыпаграфіі — адкрытага акцыянернага таварыства "Чырвоная зорка".

Замест эпілога

Тым часам Анжэла завіхаецца па гаспадарцы. Яна спрактыкавана мые посуд, палівае кветкі, кладзе на стол буквар. Неўзабаве ёй выходзіць на працу. Наперадзе васьмігадзінная змена на заводзе.

— У Белаазёрску для мяне працы не знайшлося. Але змагла ўладкавацца на мінскі "Святлопрыбор". Працую там слесарам механазборачных работ. Так, гэтая прафесія не зусім жаночая. Але працаваць трэба, калі для гэтага ёсць магчымасць. Галоўнае — гэта не зламацца псіхалагічна... І я не магу сядзець склаўшы рукі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

←Амнистия завершена

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика