12 гучных спраў 2012 года
1 студзеня споўніцца год з дня стварэння Следчага камітэта ў нашай краіне. У якасці вынікаў дзейнасці новага ведамства вашай увазе падборка найбольш рэзанансных крымінальных спраў гэтага года. Па большасці з іх ужо завершана расследаванне.
Першая справа Следчага камітэта
Пачнём, вядома ж, з першай справы — забойства ў навагоднюю ноч школьніцы з вёскі Лядзец Столінскага раёна, якое не пакінула абыякавым бадай што ніводнага беларуса. 13-гадовую Юлію Ляшук згвалтавалі, а затым пазбавілі жыцця фактычна ў першыя гадзіны існавання Следчага камітэта яе ж непаўналетнія аднавяскоўцы. За расследаваннем гэтай справы назірала ўся краіна. Таму злачынства, можна сказаць, было выклікам новай структуры. Каб вылічыць злачынцаў і даказаць іх віну, следчым давялося працаваць, не шкадуючы ні сіл, ні часу. Пра гэта сведчаць 20 тамоў крымінальнай справы, дзе змяшчаюцца ў тым ліку допыты больш за 300 чалавек, вынікі больш за 100 заключэнняў розных экспертаў... Паводле слоў афіцыйнага прадстаўніка Следчага камітэта Юліі ГАНЧАРОВАЙ, раскрыццё забойства дзяўчынкі — узор узаемадзеяння ўсіх службаў, аператыўнасці і якасці расследавання. Гэту справу па праве можна лічыць эталоннай. Да такой зладжанай работы варта імкнуцца ўсёй праваахоўнай сістэме. У лістападзе суд паставіў кропку ў гэтай гучнай справе. Прыгаварыў Валерыя Карпаўца і Паўла Галіка да пазбаўлення волі. Галоўны абвінавачаны атрымаў за зверства максімальна магчымы ў гэтым выпадку тэрмін — 15 гадоў калоніі агульнага рэжыму, яго змоўшчык — 11 гадоў.
За паўгода — 4 выпадкі забойства ўласных дзяцей
Калі працягнуць вышэйназваную тэму, то варта ўзгадаць забойствы маладымі жанчынамі сваіх маленькіх дзетак. Толькі за апошнія паўгода ў Беларусі адбыліся 4 такія забойствы. Прычым тры з іх — у снежні.
6 снежня ў Светлагорску 19-гадовая маці закапала 1,5-месячнага сына ў снег. Хлопчык застаўся жывым толькі дзякуючы выпадку: адна з жыхарак райцэнтра ўбачыла гэта праз акно.
10 снежня ў Салігорску ў ванне сваёй кватэры рабочы таварыства "Беларуськалій" знайшоў мёртвымі 3-гадовую дачку і гадавалага сына. Згодна з папярэднімі данымі эксперта, дзяцей утапілі. 23-гадовая маці знаходзіцца ў вышуку.
13 снежня ў вёсцы Шумілінскага раёна ў дзіцячым ложку згарэла 1,5-месячнае дзіця. У забойстве падазраюць яго маці. Прызначана комплексная псіхіятрычная экспертыза.
Раней, 23 жніўня, з 9 паверха разам з сынамі сямі і двух гадоў выкінулася 32-гадовая журналістка.
Паводле слоў намесніка начальніка аддзела працэсуальнага кантролю за расследаваннем злачынстваў супраць асобы і грамадскай бяспекі Следчага камітэта Віталя МІРАШНІЧЭНКІ, няшчасці адбыліся ў нармальных сем'ях, якія мелі пэўны дастатак і неблагія жыллёвыя ўмовы. У момант трагедыі ўсе жанчыны знаходзіліся ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. Па вышэйназваных здарэннях расследуюцца крымінальныя справы, кожны выпадак вывучаецца асобна, высвятляюцца прычыны здзяйснення злачынстваў.
Педафіл педагог-псіхолаг знаходзіцца пад вартай
Завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да былога 22-гадовага педагога-псіхолага. Ахвярамі абвінавачванага сталі больш за 10 хлопчыкаў ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў. На працягу 2008 года — лютага 2012 года ён прымушаў школьнікаў шляхам псіхалагічнага ўплыву ўступаць з ім у сэксуальны кантакт, паказваў ім порнафільмы. Каб увайсці ў давер, нават знаёміўся з бацькамі хлопчыкаў. Тым самым ствараў памылковае ўяўленне пра тое, што ставіцца да дзіцяці як старэйшы сябар, які разбіраецца ў дзіцячай псіхалогіі. Паводле слоў Юліі ГАНЧАРОВАЙ, гэта дастаткова складаная справа ў плане расследавання, бо следчым давялося дапытваць дзяцей з псіхалагічнай траўмай, да якіх трэба асаблівы падыход. Ідуць судовыя слуханні.
Карупцыйныя справы
Справа Варламава
Завершана расследаванне і па справе ў дачыненні да Аляксандра Варламава — начальніка Цэнтра моладзевай моды БДУ, дырэктара прадпрыемства "Агенцтва моды Сашы Варламава". Мадэльер абвінавачваецца па некалькіх саставах злачынстваў, у тым ліку ў тым, што падманваў бацькоў, дзеці якіх займаліся ў гэтым агенцтве. Пацярпелымі прызнаны 353 чалавекі. У якасці сведкаў па справе праходзяць больш за 800 чалавек. Па даных следства, агульны матэрыяльны ўрон, нанесены злачыннымі дзеяннямі, склаў больш за 1 млрд 200 мільёнаў рублёў. Справа накіравана ў суд.
Справа Полудня
Скончыў Следчы камітэт і расследаванне па справе былога намесніка міністра ўнутраных спраў Яўгена Полудня. Ён абвінавачваецца ў тым, што неаднаразова даваў распараджэнні і прымаў рашэнні, якія выходзілі за межы яго паўнамоцтваў, прычым рабіў гэта ў асабістых мэтах і ў парушэнне закона. І атрымліваў за гэта хабар. Справу Полудня будзе разглядаць Ваенная калегія Вярхоўнага Суда ў закрытым рэжыме. Слуханні пачнуцца 14 студзеня.
Справа Васільева
Вялікі рэзананс выклікаў у грамадстве і арышт былога першага намесніка мінскага мэра Ігара Васільева. Ён абвінавачваецца ў тым, што вымагаў хабар у еўрапейскага інвестара ў памеры 500 тысяч долараў за спрыяльнае рашэнне пытання, якое ўваходзіла ў яго кампетэнцыю. Гаворка ішла аб заключэнні інвестыцыйнага дагавора паміж Мінгарвыканкамам і суб'ектам гаспадарання Чэхіі на суму звыш 30 мільёнаў долараў. Супрацоўнікі КДБ затрымалі Ігара Васільева 6 ліпеня ў службовым кабінеце пасля атрымання першай часткі хабару ў памеры 250 тысяч долараў. Крымінальная справа разглядаецца ў судзе, на судовых слуханнях прысутнічаюць і журналісты.
Фінансавая піраміда "МММ"
На стадыі расследавання знаходзіцца нашумелая справа фінансавай піраміды "МММ". Яна змяшчае мноства эпізодаў. Людзі, якія маюць дачыненне да справы, "раскіданы" па ўсёй краіне. Следчыя праглядаюць вялізную колькасць камп'ютараў і дакументаў, праводзяцца шматлікія экспертызы, дапытваюцца сведкі. Усяго па справе ў якасці абвінавачваных праходзяць 6 чалавек: трое з іх знаходзяцца пад вартай, траіх адпусцілі пад заклад. Іх дзеянні падпадаюць пад беларускае крымінальнае заканадаўства, хоць, як адзначылі ў Следчым камітэце, абвінавачваныя загадзя прадумалі, як пазбегнуць адказнасці, прычым з улікам юрыдычных нюансаў у розных краінах, дзе яны спрабавалі працаваць.Беларусы рабавалі нямецкія банкі
Дзякуючы якаснаму міжнароднаму супрацоўніцтву паміж праваахоўнымі ведамствамі Беларусі і Германіі, прыцягнуты да адказнасці беларусы, якія займаліся разбоямі на тэрыторыі Германіі. Яны разам з літоўцамі і палякамі ўваходзілі ў склад міжнароднай злачыннай арганізацыі, у выніку дзейнасці якой з банкаў Германіі было ўкрадзена не менш як 800 000 еўра. "У нямецкіх банкаўскіх работнікаў у службовай інструкцыі прапісана, што пры ўзброеным нападзенні нельга панікаваць, а трэба спакойна аддаць грошы, быццам бы нічога не адбылося, — распавяла Юлія ГАНЧАРОВА. — Бо ў чарзе могуць стаяць цяжарныя жанчыны, пажылыя людзі, хворыя на сэрца. Нашы несумленныя землякі гэтым карысталіся і неаднаразова нападалі на банкі Германіі". Удалося затрымаць і прыцягнуць да адказнасці трох чалавек, у тым ліку і арганізатара арганізаванай групы беларусаў. Справа разглядаецца ў судзе. Падсудныя абвінавачваюцца ў больш чым 20 эпізодах узброеных разбойных нападаў на банкі ў Германіі, а таксама ў незаконным перасячэнні беларускай мяжы. У бліжэйшы час, чакаецца, будзе вынесены прысуд.
Кіберзлачынцы, якія кампенсавалі ўрон, вызвалены ад адказнасці
Апошняя справа, пра якую я распавяду, звязана з крадзяжамі шляхам выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі. Яна з'яўляецца паказальнай у тым плане, што пацвярджае адзін з асноўных прынцыпаў работы Следчага камітэта: не пакаранне дзеля пакарання. Сутнасць у тым, што арганізаваная злачынная група запускала вірус, які блакіраваў камп'ютары, і такім чынам крала грошы з рахункаў уладальнікаў банкаўскіх картак. "Пры дапамозе электроннай плацежнай сістэмы злачынцы ажыццяўлялі несанкцыянаваны доступ да чужых рахункаў і аплачвалі па безнаяўным разліку розныя тавары і паслугі, у тым ліку і турыстычныя паездкі, — паведамілі ў Следчым камітэце. — За 6 месяцаў злачыннай дзейнасці арганізаваная група здзейсніла больш за 2 тысячы крадзяжоў на агульную суму амаль 1,9 млрд рублёў". 6 абвінавачваных, якія актыўна супрацоўнічалі са следствам і добраахвотна кампенсавалі падчас расследавання справы ўрон на суму 600 мільёнаў рублёў, указам Прэзідэнта вызвалены ад крымінальнай адказнасці. Крымінальныя справы ў дачыненні да астатніх членаў злачыннай групы, якія адмовіліся кампенсаваць урон, накіраваны ў суд.
Надзея ДРЫЛА