Цёплы дом, пяшчоты поўны

Источник материала:  

У хуткім часе пяцёра дзетак з Ашмянскай школы-інтэрната знойдуць сапраўдную моцную сям’ю

Вёска Будзёнаўка, што ў прыгарадзе Ашмян — паўночнай кропкі на карце Гродзенскай вобласці, стала апошнім часам сапраўдным цэнтрам прыцягнення шматлікіх гасцей. Будаўнікі, прадстаўнікі мясцовых улад, спецыялісты аддзела адукацыі, журналісты і нават банкаўскія супрацоўнікі амаль што кожны дзень спыняюцца каля дыхтоўнага двухпавярховага катэджа, які за лічаныя месяцы вырас на былой пустэчы. А колькі дзён таму па заснежаных сцяжынках забегалі гарэзлівыя ножкі малых, звонкім рэхам загучалі па аколіцы дзіцячыя галасы.

Трэці дом сямейнага тыпу, што адкрыты на Ашмяншчыне, стаў сапраўдным падарункам для вялікай і дружнай сям’і — мужа і жонкі Якіменкаў і іх малых выхаванцаў, якім цяпер належыць права гаспадарыць ва ўтульных, цёплых сценах. А на Гродзеншчыне такім чынам у рамках прэзідэнцкай праграмы «Дзеці Беларусі» і дзякуючы ініцыятыве Беларускага саюза жанчын з’явіўся ўжо 21-ы сацыяльна значны аб’ект.

Цалкам падтрымала высакародную ідэю, накіраваную на скарачэнне колькасці інтэрнатаў для дзяцей-сірот і распаўсюджванне сямейнай формы выхавання, ААТ «ААБ Беларусбанк». Менавіта фінансаванне ашчадбанка дазволіла зрабіць мары дзясяткаў маленькіх беларусаў аб паўнавартаснай сям’і і ўласным ўтульным пакойчыку рэальнасцю. Дарэчы, на будаўніцтва сямейнага дома ў Будзёнаўцы было затрачана больш як мільярд беларускіх рублёў. А ўжо над стварэннем утульнага інтэр’ера папрацавалі прадпрыемствы, арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі з усяго Ашмянскага раёна.

— Калі ёсць высакародная ідэя, фінансавыя сродкі на яе ажыццяўленне і людзі, якія могуць зрабіць гэта якасна, любая справа будзе мець станоўчы вынік, — заўважыў Юрый Адамчык, старшыня Ашмянскага райвыканкама. — Будаўніцтва гэтага сацыяльнага аб’екта менавіта такі прыклад. Мы рады вітаць гэту вялікую і дружную сям’ю на ашмянскай зямлі, але ўдвая будзем радавацца, калі адсюль выйдуць таленавітыя, вялікія людзі, прыстойныя, сапраўдныя грамадзяне сваёй краіны.

Наталля і Аляксандр Якіменкі, а таксама пяцёра іх выхаванцаў пераехалі ў новы добраўпарадкаваны дом у пачатку снежня з далёкай Гомельшчыны, а дакладней — з Буда-Кашалёва.

— На Дзень маці я разам з іншымі жанчынамі была запрошана ў Мінск. За кубачкам гарбаты старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова расказала, што на Ашмяншчыне пабудаваны выдатны дом на дзесяць дзяцей, а бацькоў-выхавацеляў знайсці пакуль не ўдалося, — распавядае гаспадыня Наталля Аляксандраўна. — А ў нас атрымлівалася наадварот: ёсць вялікая сям’я, а жылля добрага няма. Ужо праз тыдзень мы з мужам прыехалі ў Будзёнаўку паглядзець будынак. На той час вяліся аддзелачныя работы. Нам вельмі спадабалася. Таму доўга не раздумвалі, сабраліся і прыехалі зноў. Толькі ўжо ўсе разам.

Амаль восем гадоў таму Наталлі Якіменка прысніўся сон: кінутае дзіця, хлопчык, цягнецца да яе, а навокал — вялікае мноства абразоў.

— Гэта быў прарочы сон. Ужо назаўтра мы з мужам паехалі ў Гомельскі дзіцячы дом і ўзялі на выхаванне брацікаў Пашу і Колю. Потым з’явіўся Сяргей. А ў чырвоную суботу, напярэдадні Вялікадня, узялі яшчэ чацвёра дзетак, якія засталіся без мамы. Дзве старэйшыя дзяўчынкі пайшлі вучыцца далей, а малодшыя — Даша і Міша — прыехалі з намі. Маім выхаванцам ад 5 да 11 гадоў. Трохі абжывёмся і возьмем яшчэ пяцёра дзетак з Ашмянскай школы-інтэрната. У нас вунь колькі ложкаў пустуе!

Дарэчы, Якіменкі выхавалі дзве родныя дачкі. Дзяўчаты — Таццяна і Тамара — ужо маюць свае сем’і і нават паспелі падарыць бацькам трох унукаў. Але шчыра падтрымліваюць іх у любых пачынаннях.

Паглядзець на выдатны вынік працы ўсяго раёна і на цудоўных яго насельнікаў сабралося шмат людзей. Гаспадары сустракалі гасцей па добрай славянскай традыцыі — хлебам-соллю. Будаўнікі падарылі сям’і сімвалічны ключ ад новага сямейнага «гняздзечка», усе запрошаныя — прыемныя і карысныя для малых і дарослых рэчы: камп’ютар, мастацкую літаратуру і энцыклапедыі, настольныя гульні і мяккія цацкі.

Цёплы дом, пяшчоты поўныНаталля Кучынская, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, заўважыла, што самыя добрыя і важныя справы ў Беларусі заўсёды рабіліся разам, талакою. Сацыяльна значны рэспубліканскі аб’ект на Ашмяншчыне з’явіўся дзякуючы гэтай спрадвечнай традыцыі. Добрая справа, якую рэалізаваў банк, не атрымалася б без падтрымкі мясцовых улад, будаўнікоў, аддзела адукацыі, спонсараў.

Не засталіся ў баку ад мерапрыемства і вучні ашмянскай сярэдняй школы № 1. Яны арганізавалі ў школе збор макулатуры, а на атрыманыя грошы набылі разнастайную літаратуру для выхаванцаў дома сямейнага тыпу.

— Трое з рабят будуць вучыцца ў нашай школе, — падзялілася дзесяцікласніца Караліна Юхевіч, якая ўваходзіць у склад маладзёжнай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў. — Мы спадзяёмся, што яны хутка знойдуць сяброў і самі стануць вернымі таварышамі.

Усе, хто прысутнічаў на ўрачыстым адкрыцці дома сямейнага тыпу, упэўнены, што тут будуць выхоўвацца гарманічна развітыя асобы. Бо для гэтага ў дзяцей ужо ёсць усё самае неабходнае: сапраўдная сям’я, дзе ўсе з любоўю і пяшчотай адносяцца адзін да аднаго, надзейныя сябры, гатовыя заўсёды працягнуць руку дапамогі, і ўтульны дом, які ў хуткім часе павінен стаць ім родным.

На здымках: новы двухпавярховы катэдж відаць здалёк; навасельцы з задавальненнем пазіруюць разам з тымі, хто падарыў ім магчымасць жыць у цудоўным добраўпарадкаваным доме.

Фота: Іна ДАБРЫДЗЕНЬ, Кацярына ВІНЦАЛОВІЧ

←«Лес – моя религия, мой храм души»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика