Над Сірыяй згушчаюцца хмары

Источник материала:  

Зусім па-іншаму загучала "сірыйскае пытанне" пасля афіцыйнага візіту прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна ў Турцыю на пачатку снежня. Нагадаем, што гэты візіт быў запланаваны на 14-15 кастрычніка, але потым быў перанесены на іншую дату нібыта з-за напружанага графіка Пуціна і арганізацыйных перашкод для візіту, якія раптам паўсталі. Тым не менш адмена візіту адбывалася на фоне расійска-турэцкага "самалётнага" крызісу.

Але пасля заявы міністра замежных спраў Турцыі Ахмета Давутаглу, які адзначыў, што гэтыя падзеі не здольны абвастрыць адносіны Турцыі і Расіі, "самалётны крызіс" быў вычарпаны.

Некаторыя турэцкія аналітыкі тады сцвярджалі, што адмена візіту была абумоўлена не "самалётным крызісам", а тым, што пакуль не былі вядомы вынікі прэзідэнцкіх выбараў у ЗША і ў сувязі з імі новы "картачны расклад" вакол сітуацыі ў Сірыі і ў свеце.

Зараз сітуацыя праяснілася. Нягледзячы на тое, што асноўная частка парадка дня трэцяга расійска-турэцкага пасяджэння Савета супрацоўніцтва вышэйшага ўзроўню, для ўдзела ў якім у Стамбул прыбыў Уладзімір Пуцін, складала абмеркаванне сумесных праектаў у гандлёвай, энергетычнай і інвестыцыйнай сферах, увагай не абышлі і сітуацыю вакол сірыйскага крызісу.

Да гэтага моманту Масква і Анкара знаходзіліся на супрацьлеглых полюсах па поглядах на шляхі вырашэння сірыйскага крызісу, які стаў пытаннем нумар адзін знешнепалітычнага парадку дня для Турцыі.

Але пасля візіту Уладзіміра Пуціна ў Стамбул турэцкія аналітыкі пачалі гаварыць пра новы расійска-турэцкі план вырашэння сірыйскага крызісу — "Сірыя без Асада". Падставай для такіх меркаванняў служыць кардынальная змена рыторыкі расійскага боку адносна развіцця сітуацыі ў Сірыі. У сувязі з гэтым знакавай стала заява Уладзіміра Пуціна, якую ён зрабіў падчас візіту ў Стамбул пра тое, што Расія не з'яўляецца адвакатам рэжыму Асада, але занепакоена будучыняй Сірыі. На сумеснай прэс-канферэнцыі з прэм'ер-міністрам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам Уладзімір Пуцін заявіў: "Наконт ацэнкі таго, што адбываецца ў Сірыі. Пазіцыі нашы супадаюць не толькі па гэтым пытанні (па гуманітарным), але і наконт таго, якой сітуацыі мы павінны дасягнуць у Сірыі. Пакуль не можам знайсці агульных падыходаў па метадах дасягнення мэт". Паводле яго слоў, міністрам замежных спраў дзвюх краін, Сяргею Лаўрову і Ахмету Давутаглу, даручана правесці дадатковыя кансультацыі па Сірыі, паколькі ўзніклі "новыя ідэі па ўрэгуляванні сітуацыі".

Згодна з крыніцамі выданняў Hurrіуеt і Mіllіуеt у межах "новых ідэй па ўрэгуляванні сітуацыі" ў Сірыі прадугледжваецца стварэнне рабочых груп, якія павінны правесці перамовы з прадстаўнікамі супрацьлеглых сірыйскіх бакоў і выпрацаваць формулу "пераходнага працэсу" на аснове патрабаванняў сірыйскага народа, але без удзелу ў ім цяперашняга прэзідэнта Башара Асада.

Ізноў жа, згодна з крыніцамі Hurrіуеt, падчас перамоў расійскага і турэцкага лідараў, а таксама міністраў замежных спраў дзвюх дзяржаў, сярод іншага абмяркоўвалася пытанне і аб выдзяленні Башару Асаду і членам яго сям'і "прытулку" на аддаленай ад рэгіёна тэрыторыі. Пры гэтым падкрэсліваецца, што на пытанне турэцкага боку аб магчымасці прыняцця Асада ў Расіі кіраўніцтва Масквы адрэагавала негатыўна.

Іншым такім "сігналам" з'яўляецца дамоўленасць аб правядзенні ў рамках саміту АБСЕ ў Дубліне 6-7 снежня трохбаковай сустрэчы міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова, Дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан і спецпасланніка ААН і Лігі арабскіх дзяржаў Лахдара Браха з мэтай абмеркавання сірыйскага крызісу. Турэцкія выданні Оlау gаzеtе, Zаmаn і Stаr інтэрпрэтуюць удзел Сяргея Лаўрова ў перамовах як згоду Масквы на выдаленне ад улады Башара Асада.

Цікава, што менавіта пасля аканчэння візіту Пуціна ў Турцыю Савет міністраў замежных спраў НАТА прыняў рашэнне аб адпраўцы ў Турцыю сістэм СПА Раtrіоt для прадухілення авіяўдараў з боку Сірыі. Вядома, што пытанне размяшчэння натаўскіх комплексаў Раtrіоt у Турцыі выклікала занепакоенасць афіцыйнай Масквы і, згодна з пазіцыяй Крамля, не спрыяе стабілізацыі і без таго хісткай сітуацыі ў рэгіёне. Гэтае пытанне павінна было абмяркоўвацца падчас перамоў Уладзіміра Пуціна ў вузкім складзе з прэм'ерам Рэджэпам Эрдаганам.

Адразу пасля гэтага, 7 снежня, прагучала заява міністра абароны ЗША Леона Панеты, які паведаміў, што існуючыя разведданыя наводзяць на думку, што сірыйскае кіраўніцтва разглядае магчымасць выкарыстання хімічнай зброі супраць паўстанцаў. Падкрэслім, што такі ж самы аргумент з'яўляўся адным з ключавых пры падрыхтоўцы ваеннай аперацыі міжнароднай кааліцыі супраць Лівіі.

А 9 снежня міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў пацвердзіў, што Масква не вядзе ніякіх перамоў пра лёс прэзідэнта Сірыі Башара Асада. Такім чынам, як мінімум збыўся адзін прагноз турэцкіх аналітыкаў.

Калі прааналізаваць вынікі візіту Пуціна ў гандлёвай, энергетычнай і інвестыцыйнай сферах, то можна зрабіць выснову, што ўсе супярэчнасці паміж Турцыяй і Расіяй па "сірыйскім пытанні" зняты.

І гэта вельмі лагічна на фоне нарошчвання стратэгічнага партнёрства паміж Турцыяй і Расіяй. Каля 60% газу Турцыя набывае ў Расіі. Будаўніцтва першай турэцкай АЭС у Акую, кошт якой ацэньваецца ў $20 млрд, ажыццявіць расійская кампанія "Расатам". Чакаецца, што аб'ём двухбаковага гандлю, які да канца года дасягне каля $35 млрд, згодна з заявай Рэджэпа Эрдагана, на працягу некалькіх гадоў складзе $100 млрд.

Сам неаднойчы быў сведкам цікавых меркаванняў турэцкіх экспертаў, згодна з якімі зняцце супярэчнасцяў паміж Турцыяй і Расіяй па "сірыйскім пытанні" выведзе двухбаковыя адносіны на якасна новы стратэгічны ўзровень, што, у тым ліку, падштурхне Турцыю прыняць удзел у еўразійскіх інтэграцыйных працэсах разам з Расіяй.

Звяртаючыся да сітуацыі ў Сірыі, ўжо зараз можна заўважыць некаторыя аналогіі з "лівійскім сцэнарыем". Сірыйскія паўстанцы прызнаны ў якасці легітымнага прадстаўніка сірыйскага народа Турцыяй, Францыяй і Велікабрытаніяй, маюць фінансавую і ваенна-тэхнічную падтрымку з боку часткі міжнароднай супольнасці. Размяшчэнне натаўскіх комплексаў Раtrіоt на турэцка-сірыйскай мяжы — першы крок да стварэння безпалётнай зоны над тэрыторыяй Сірыі. Пытанне прадастаўлення прытулку Асаду і яго набліжаным знята. Заходнімі краінамі агучана пагроза выкарыстання сірыйскім кіраўніцтвам хімічнай зброі супраць "сірыйскай апазіцыі". Засталося галасаванне па рэзалюцыі ў Савеце Бяспекі ААН наконт міжнароднай інтэрвенцыі ў Сірыю. І верагоднасць таго, што Расія накладзе вета на гэтую рэзалюцыю, вельмі малая, а можа, і зусім адсутнічае...

Арсеній Сівіцкі, палітычны аналітык.

←Снег на голову

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика