Акцэнты тыдня з Вадзімам Гігіным
Першая сярод роўных
У нас. На саміце лідараў краін СНД вырашана, што ў 2013 годзе Беларусь будзе старшынстваваць у гэтай міжнароднай арганізацыі. Такая падзея, безумоўна, адносіцца да сферы знешняй палітыкі, але ў гэтым выпадку закранае многія пытанні ўнутры Беларусі — хаця б таму, што штаб-кватэра СНД размешчана ў Мінску.
Садружнасць незалежных дзяржаў знаходзіцца зараз у стане, які можна назваць пераходным. Па-ранейшаму не сціхаюць галасы тых, хто крытыкуе арганізацыю за малую эфектыўнасць, неабавязковасць тых рашэнняў, якія яна прымае. Адначасова ўсё больш зразумелай становіцца і пазітыўная роля СНД. Садружнасць стала своеасаблівым палітычным клубам для кіраўнікоў дзяржаў, урадаў, міністэрстваў, парламентарыяў на прасторы, якую прынята называць постсавецкай.
За апошнія дваццаць гадоў неаданаразова прапаноўваліся розныя праекты рэфармавання СНД. Апошні раз (і самы гучны) — у сакавіку 2010 года Ігарам Шувалавым, на той час першым расійскім віцэ-прэм'ерам, на Міжнародным эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу. Тады здавалася, што Крэмль вылучае СНД у якасці асноўнай пляцоўкі для развіцця інтэграцыйных працэсаў паміж былымі саюзнымі рэспублікамі. Але словы так і засталіся словамі.
Зараз, на фоне імклівага руху наперад Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы, роля СНД зноў аказалася пад пытаннем. І пераход старшынства ў арганізацыі да Беларусі бачыцца як ніколі своечасовым. Наша дзяржава, адзін з галоўных рухавікоў інтэграцыі на еўразійскай прасторы, валодае ўнікальнай якасцю. Усе тыя арганізацыі і аб'яднанні, якія яна ўзначальвае, атрымліваюць новы імпульс да развіцця. Ні для каго не сакрэт, што Саюзная дзяржава дасягнула такой высокай ступені шчыльнага супрацоўніцтва паміж Расіяй і Беларуссю ў значнай ступені дзякуючы таму, што старшынёй Вышэйшага Дзяржаўнага Савета з'яўляецца Аляксандр Лукашэнка. У АДКБ падчас старшынства Беларусі значна павысіўся ўзровень ваеннай, найперш ваенна-тэхнічнай, кааперацыі паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі. Таму ў наступным годзе, калі Беларусь будзе першай сярод роўных у СНД, трэба чакаць новых інтэграцыйных ініцыятыў.
І яшчэ. Безумоўным дасягненнем Ашхабадскага саміту стала дамоўленасць пра сумеснае святкаванне краінамі СНД 70‑годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта проста правільна і справядліва — і тут няма чаго дадаць.
Вакол нас. На жаль, змрочны сцэнарый развіцця сітуацыі на Блізкім Усходзе пасля г.зв. "арабскай вясны" стаў рэчаіснасцю. У Сірыі працягваецца грамадзянская вайна. На вуліцах Туніса, некалі адной з самых свецкіх краін рэгіёна, з'яўляецца ўсё больш жанчын у паранджы, а ісламісты, якія набіраюць моц, пачынаюць адпужваць замежных турыстаў. Лівія фактычна падзелена паміж рознымі племяннымі кланамі. На гэтым тыдні максімальна абвастрылася сітуацыя ў Егіпце.
Што ж адбываецца ў краіне? Нічога дзіўнага. Чарговы прэзідэнт — Мухамад Мурсі — вырашыў усталяваць уласную дыктатуру. Праўда, гэтым разам у імя рэвалюцыі. Кіраўнік Егіпта прапанаваў прыняць канстытуцыйную дэкларацыю, што дазваляе яму прымаць любыя дэкрэты, зноў жа "ў абарону рэвалюцыі", якія потым нельга абскардзіць у судзе. І гэта выклікала сур'ёзную заклапочанасць як у самім Егіпце, так і за яго межамі. Справа ў тым, што Мурсі — прадстаўнік радыкальнай ісламісцкай арганізацыі "Браты-мусульмане". Гэта адна з самых старых палітычных партый на Блізкім Усходзе, якая дзейнічае адразу ў некалькіх мусульманскіх краінах, пераважна арабскіх. Яе палітычны цэнтр знаходзіцца ў Егіпце. Свецкія кіраўнікі, няхай сабе і аўтарытарныя, жорсткімі захадамі стрымлівалі рост уплыву "Братоў-мусульман", што выступаюць за стварэнне ісламісцкай дзяржавы. Але рэвалюцыйная хваля мінулага года знесла ўсе перашкоды на шляху да ўлады перад самымі радыкальнымі элементамі ісламістаў. Зараз відавочна, што насуперак марам і фантазіям палітыкаў ЗША і Еўрасаюза мінулагоднія "рэвалюцыі" сталі зусім не ліберальна-дэмакратычнымі, а ісламісцкімі. У сувязі з гэтым не можа не ўражваць тая ўпартасць, з якой Захад падтрымлівае ўзброеную сірыйскую апазіцыю, найбольш з'яднанае і ўплывовае ядро якой прадстаўляюць таксама ісламісты.
А пакуль у Егіпце зноў пралілася кроў, зноў з'явіліся танкі на вуліцах Каіра. Сцэнарый развіцця падзей усё больш, хаця і з пэўнай нацяжкай, нагадвае Рускую рэвалюцыю 1917 года, якая прайшла шлях ад лютага да кастрычніка.
З гісторыі. 5 снежня 1867 года ў вёсцы Зулаў Свянцянскага павета Віленскай губерні нарадзіўся Юзэф Пілсудскі, чалавек, якому было наканавана адыграць надзвычай важную ролю не толькі ў польскай гісторыі, але і беларускай.
У апошнія дваццаць гадоў сталі з'яўляцца публікацыі, у якіх Пілсудскага называюць беларусам. На першы погляд, а чаму не? Нарадзіўся на этнічнай беларускай тэрыторыі, у межах былога Вялікага Княства Літоўскага. Але гэта павярхоўнае меркаванне. Вядома, Пілсудскі быў палякам, шчырым, адданым, сапраўдным патрыётам. Яго дзяцінства і юнацтва прыпалі на эпоху палітыкі русіфікацыі, якая праводзілася ў Польшчы. Таму кажуць, што марай Юзэфа было ўзяць Маскву і на мурах Крамля напісаць: "Гаварыць па-руску забараняецца".
Пілсудскі прысвяціў барацьбе за адраджэнне Польскай дзяржавы ўсё сваё жыццё. І дамогся рэалізацыі пастаўленай мэты. Іншая справа, што рабіў ён гэта за кошт суседніх народаў, у тым ліку і беларускага. У красавіку 1919 года, калі польскія войскі ўступілі на тэрыторыю Беларусі, "начальнік дзяржавы" выдаў дэкларацыю "Да грамадзян былога Вялікага Княства Літоўскага", у якой абяцаў роўныя правы і ледзьве не аўтаномію. Трэба сказаць, што пэўныя палітычныя колы і частка інтэлігенцыі паверылі абяцанням. Увогуле, Пілсудскі любіў паразмаўляць пра аўтаномныя правы "нацыянальных меншасцяў". Але гэтыя словы не спраўджваліся. Калі маршал здзейсніў пераварот у 1926 годзе і стаў поўнаўладным дыктатарам, беларусам, як і ўкраінцам, яўрэям і літоўцам, якія жылі ў Польшчы, давялося на сябе зазнаць, што такое гэтая "аўтаномія". Закрыццё школ, газет, часопісаў, павальныя арышты, а ў самым канцы яго праўлення — канцлагер ў Бярозе-Картузскай. Ды і палякам, тым, хто не згаджаўся з воляй Пілсудскага, даводзілася не лепш. Міжваенная дыктатура Пілсудскага і яго спадкаемцаў была адной з самых жорсткіх у тагачаснай Еўропе.
І ўраджэнец Віленшчыны, адданы патрыёт і герой сваёй краіны, у нашай беларускай гісторыі застанецца як адна з самых змрочных постацяў.
gіgіn@bеltа.bу, zvіаzdа.bу