Патрэбная прафесія
Насычаным на працоўныя здзяйсненні, грамадскія акцыі, прафесійныя конкурсы і іншыя мерапрыемствы стаў для калектыву чыгуначнікаў Гомельскага аддзялення год 150-гадовага юбілею Беларускай чыгункі
Апагеем падрыхтоўкі да знакавай даты стала свята, што адбылося напрыканцы тыдня ў культурна-спартыўным комплексе, будынак якога з’яўляецца сапраўдным упрыгажэннем Прывакзальнай плошчы абласнога цэнтра. Сімвалічна, што гэтым днём акурат каля 150 лепшых працаўнікоў сталёвых магістраляў на ўрачыстым сходзе калектыву адзначаны ганаровымі званнямі, граматамі, падзякамі і каштоўнымі падарункамі кіраўніцтва галіны і рэгіянальнага аддзялення, прафсаюзаў. Выказаць удзячнасць, лепшыя пажаданні прадстаўнікам самай даступнай для пасажыраў і эфектыўнай транспартнай галіны прыехалі кіраўнікі Беларускай чыгункі. Завіталі на ўрачыстасць прадстаўнікі абласных і гарадскіх органаў улады і кіравання, а таксама іншых сфер, дзейнасць якіх цяжка ўявіць без грузавога і пасажырскага чыгуначнага транспарту: мытнікі, прамыслоўцы, сацыяльныя, банкаўскія работнікі...
— Першай чыгуначнай лініяй, пракладзенай на беларускай зямлі, стаў 60-кіламетровы ўчастак Парэчча—Гродна, — згадаў гістарычны факт падчас урачыстасці намеснік начальніка БелЖД Валерый Страмук. — Нават калі ўлічыць, што сёння эксплуатацыйная даўжыня пуцей у краіне складае звыш пяці з паловай тысяч кіламетраў, можна зрабіць вывад адносна таго вялікага шляху, які прайшла Беларуская чыгунка за мінулыя 150 гадоў. Не парушылі рытмічнасці працы чыгуначнікаў нават цяжкія выпрабаванні, што перанеслі яны разам з іншымі, — рэвалюцыі, войны, чарнобыльская бяда...
Вядома ж, да знамянальнай даты чыгуначнікі Гомельшчыны прыйшлі не з пустымі рукамі. Калектывы Гомельскага аддзялення — станцыі і лакаматыўнага дэпо Гомель, Калінкавіцкай і Гомельскай дыстанцый пуці ў мінулым годзе прызнаны пераможцамі прафесійнага саперніцтва сярод калектываў Беларускай, Маскоўскай і Паўднёва-Заходняй (Украіна) чыгунак, сёлета яны таксама ў ліку перадавых у нашай краіне.
— Сярод нашых сёлетніх дасягненняў, — зазначае “Р” першы намеснік начальніка Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі Рыгор Дворак, — набыццё двух аднавагонных дызель-паяздоў новага пакалення, якія перавозяць ужо пасажыраў на лініях Васілевічы—Хойнікі і Калінкавічы—Славечна. Нямала зроблена і па абнаўленні рухомага парку: для стварэння камфортных умоў для пасажыраў мы мадэрнізавалі 86 вагонаў, аснасцілі іх кандыцыянерамі, мікрахвалевымі печамі і іншымі тэхнічнымі сродкамі. Уведзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс сартыровачнай горкі станцыі Калінкавічы, актыўна вядзём электрыфікацыю ўчастка Жлобін—Асіповічы… Да Новага года рыхтуем падарунак для нашых працаўнікоў — увядзём у строй сучасны Палац гульнёвых відаў спорту “Лакаматыў” на вуліцы Багдана Хмяльніцкага ў Гомелі. Несумненна, у гэтых дасягненнях найпершая заслуга большасці самаадданых працаўнікоў 13-тысячнага калектыву нашага ад-дзялення, сярод якіх, я кажу гэта з гордасцю, 120 работнікаў, што носяць званні “Ганаровы чыгуначнік”, і 110, якія ўзнагароджаны знакам “Выдатнік Беларускай чыгункі” .
Святочныя музычныя падарункі ў гэты цудоўны вечар чыгуначнікам Гомельшчыны і іх гасцям адрасавалі многія творчыя калектывы і выканаўцы.
На здымку: у ліку ўзнагароджаных лепшых чыгуначнікаў — намеснік начальніка па ідэала-гічнай рабоце і сацыяльных пытаннях Гомельскай дыстанцыі грамадзянскіх збудаванняў Алена НОВІКАВА і бухгалтар Валянціна ЛАЗАВАЯ (справа налева).
Фота: Мікалай ЖДАНОВІЧ