Ці плаваць ласосям па віліі?
Сітуацыя
Ці плаваць ласосям па Віліі?
Ці ведаеце вы, што восенню ў беларускія рэкі на нераст заходзяць рэдкія ласасёвыя рыбы — сёмга і кумжа? Доўгі час яны абедзве лічыліся канчаткова страчанымі для нашай краіны. Ды і цяпер знаходзяцца на мяжы знікнення і занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Шкада, калі здарыцца так, што толькі назвы нашых вёсак і рэк, такіх як Ласасянка, Лоша, Лашанка (якія нясуць у сваёй аснове назву рыбы — ласось) будуць нагадваць, што калісьці гэтая каштоўная чырвоная рыба вадзілася ў беларускіх рэках.
Калісьці чырвоная рыба часта была на стале ў простых беларусаў
Калісьці і кумжа, і сёмга (або ласось атлантычны) нярэдка з'яўляліся на стале простых беларусаў і былі звычайным уловам у беларускіх рэках. Яны рабілі доўгае падарожжа, дабіраючыся да нас з Балтыйскага мора. Кумжа і зусім магла застацца ў мясцовых вадаёмах, ператвараючыся ў фарэль, або стронгу ручаёвую.
Вадзілася чырвоная рыба ў рэках Беларусі да пачатку ХХ стагоддзя. Але ўжо ў 1965 годзе іхтыёлагі зафіксавалі яе поўнае знікненне. Прычыну яны звязвалі ў першую чаргу з будаўніцтвам ГЭС на рэках Літвы і Беларусі.
— Сёмга і кумжа вялікую частку жыцця праводзяць у моры, набіраючы вагу. Але калі (праз 2-5 гадоў) наступае тэрмін, вяртаюцца для нерасту ў рэкі, у тыя ж самыя месцы, дзе нарадзіліся самі (раней яны ўвогуле былі прэснаводнымі), — распавядае старшы навуковы супрацоўнік НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі Міхаіл ПЛЮТА. — Іх шлях пачынаецца ў Куршскім заліве ў Балтыйскім моры. Далей рыба ідзе ўверх па плыні Нёмана. Для адкладвання ікры яны праплываюць больш за 500 км! Іх шлях праходзіць праз тэрыторыі трох дзяржаў: Расіі, Літвы і Беларусі ...
Дарэчы, у прэснай вадзе ў ласося пачынаюцца палавыя змены, якія называюць лашаннем. А самец атрымлівае назву лоха (менавіта адсюль узята слоўца, якім, бывае, называюць розных даверлівых небарак. А ўсё таму, што на гэты час рыба перастае сілкавацца, яна моцна худнее, частка яе гіне...).
Перашкоды на шляху ласасёвыхПаводле слоў Міхаіла Плюты, першая перашкода, з якой рыба не можа справіцца, знаходзіцца каля Каўнаса. Ёю стала Каўнаская ГЭС, якая пачала працаваць у 1959 годзе. Яна была пабудавана без рыбаходаў і, цалкам перакрываючы рэчышча Нёмана, заступіла шлях сёмзе і кумжы да іх нерасцілішчаў, у тым ліку да спрадвечных нерастовых рэк Беларусі. Гэта моцна змяніла шлях рыбы.
У беларускія рэкі сёння сёмгавыя могуць падымацца толькі праз Вілію (якая ўпадае ў Нёман ніжэй Каўнаскай ГЭС). Пераадолеўшы звыш 440 км, кумжа і сёмга дзесьці ў жніўні з'яўляюцца ў нашай Віліі (хоць раней такія рэкі, як Нёман, Заходняя Дзвіна і Заходні Буг таксама былі прыдатнымі для іх міграцый).
Перашкодамі на шляху рыбы з'яўляюцца і пабудаваныя без рыбаходаў плаціны, што закрываюць шлях да месцаў нераставання. Небяспечным для іх з'яўляецца і забруджванне рэк сцёкамі і звалкамі бытавога смецця, бо ласасёвыя рыбы вельмі патрабавальныя да якасці вады: яна павінна быць чыстай і ледзяной. Трывогу ў навукоўцаў выклікаюць і бабры. Нават пара плацін, пабудаваная імі, здольная кардынальна змяніць вадацёк ракі ці ручая. Яны забалочваюцца і становяцца зусім непрыдатнымі для сёмгі і кумжы. Таму ў месцах нерасту ласасёвых неабходна кантраляваць колькасць баброў, што, дарэчы, і робіцца. Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выдадзены дазвол на рэгуляванне колькасці баброў у "ласасёвым" рэгіёне.
Але самай страшнай небяспекай з'яўляецца браканьерства падчас нерасту, якое паставіла папуляцыю кумжы і сёмгі ў нашай краіне пад пагрозу поўнага знікнення. Як адзначае начальнік Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Сяргей ХАЦЯНОВІЧ, да 2010 года Вілія была практычна падзелена браканьерамі на ўчасткі. "Праўда, вось ужо тры гады, як гэтага падзелу няма", — з палёгкай кажа ён...
Але, як лічыць каардынатар праекта "Захавальнікі жывых рэк: удзел грамадскасці ў захаванні дзікага балтыйскага ласося ў Беларусі і Літве" Вольга ЛУКШЫЦ, папуляцыя ласосяў цяпер настолькі малая, што нават адзінкавыя выпадкі іх здабычы ставяць пад сумнеў існаванне віду ў нашай краіне. "Чым менш рыб зможа паспяхова завяршыць нераст, тым менш іх вернецца ў нашы рэкі праз некалькі гадоў. Бо кумжа пасля адкладвання ікры вяртаецца ў мора. І калі ў яе дастаткова сіл, рыба можа за сваё жыццё здзейсніць некалькі нераставых міграцый", — адзначае Вольга Лукшыц.
Прыйдзем ласосям на дапамогу
У нашай краіне ўжо сфарміраваўся грамадскі рух у падтрымку ласося. Актыўна падключыліся да яго, у прыватнасці, і рыбаловы-аматары.
Увесь гэты лістапад прытокі Віліі патрулявалі валанцёры грамадскага аб'яднання "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ), мясцовыя жыхары. Яны назіралі за ласасёвымі рыбамі падчас нерасту і сачылі, каб не з'явіліся браканьеры. Іх рэйды прадоўжацца да заканчэння нераставання, г.зн. да канца снежня. Дарэчы, стаць валанцёрам можа кожны (толькі ўлічыце, што патруляванне праходзіць у палявых умовах, з начлегам у палатках).
— Доўга не маглі вырашыць, як рыбе перайсці мост на адным з прытокаў Віліі, — распавядае валанцёр, кандыдат біялагічных навук Мікалай ЧЭРКАС. — Адна з праблем — вельмі вялікая хуткасць вады. І хоць ласось з'яўляецца майстрам па руху ў хуткай плыні і можа пераадольваць плаціны да метра, тут ён прайсці не мог. Усе лічылі, што ў пабудову рыбахода трэба будзе ўкласці шмат сродкаў. Але сёлета за справу ўзяліся валанцёры і самі зрабілі рыбаходы. У прыватнасці, Анатоль Лоўгіс знайшоў магчымасць зрабіць іх з падручных матэрыялаў. А яшчэ здагадаўся, як можна замарудзіць плынь. У выніку ласось пайшоў!
Але Мікалай Чэркас трывожыцца, што будзе далей, калі запрацуе Астравецкая АЭС. "Невялікае пацяпленне вады або памяншэнне яе аб'ёму ў прытоках — і ласось можа не пайсці сюды, — сцвярджае ён. — Акрамя таго, пасля ўвядзення АЭС у эксплуатацыю насельніцтва Астраўца вырасце ў 2-2,5 раза. Гэта неймаверна ўзмоцніць антрапагенны прэс на прылеглыя рэкі і ручаі, якія працякалі раней у бязлюднай мясцовасці". На яго думку, можа ўзмацніцца і браканьерства...
Кіраўнік групы па інфармацыйнай рабоце Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі Эдуард СВІРЫД спрабуе развеяць трывогі навукоўцаў.
Ён сцвярджае, што дзякуючы выкарыстанню адваротнай сістэмы ахаладжэння з вежавымі выпарнымі градзільнямі нагрэтая вада будзе ахалоджвацца з дапамогай спецыяльных гідратэхнічных збудаванняў і не трапляць у Вілію, а зноў падавацца на ахаладжэнне рэактара. Гэта значыць, атрымаецца замкнёны контур, які не дасць паўплываць на цеплавы рэжым ракі. Што тычыцца трывогі наконт абмялення Віліі, то яна, па запэўніваннях Эдуарда Свірыда, таксама беспадстаўная, бо вада для замкнёнага контуру будзе ўзята толькі адзін раз. Далей з Віліі вада будзе брацца толькі для кампенсацыі выпарэння ў градзільні, у памеры 2,6 куб.м/сек. Гэта складзе ў сярэднім усяго 4% ад сярэднегадавога расходу вады ў Віліі. Так што, як лічаць у Дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі, ніякай небяспекі для ласасёвых атамная электрастанцыя ўяўляць не павінна.
Ну што ж, быць ці не быць ласосям у беларускіх рэках, пажывём — пабачым. Адно зразумела: залежаць гэта будзе ад нас з вамі.
Святлана БУСЬКО. Фота аўтара.