Зефір і Эльза

Источник материала:  

У Замосці адкрылі мемарыяльную дошку Міхаілу Мукасею. Ён быў не толькі выдатным разведчыкам, але навучыў чапліна піць рускую гарэлку

На радзіме разведчыка Міхаіла Ісакавіча Мукасея ў сярэдняй школе в. Замосце Слуцкага раёна ўрачыста адкрылася мемарыяльная дошка, прысвечаная легендарнай асобе. Супрацоўнікі КДБ і прадстаўнікі дэлегацыі Службы знешняй разведкі Расійскай Федэрацыі перадалі вучням школы аргтэхніку, а таксама кнігу і фільм пра Міхаіла Мукасея. У свой час сам Мукасей перадаў школе сваю кнігу з надпісам "Дарагой маёй школе, дзе я шмат гадоў таму навучыўся чытаць і пісаць".

"Імя Мукасея было рассакрэчана толькі ў 2001 годзе. Гэты чалавек не меў ніводнага правалу, а працаваць і здабываць патрэбныя звесткі даводзілася нават у Галівудзе. Быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, многімі медалямі, у тым ліку "За баявыя заслугі", — сказаў на ўрачыстай цырымоніі намеснік старшыні КДБ Рэспублікі Беларусь па разведвальнай дзейнасці генерал-маёр Леанід Дзядкоў.

Зефір і Эльза

Міхаіл Мукасей нарадзіўся ў 1907 годзе ў вёсцы Замосце. З дзесяці гадоў дапамагаў старэйшым у кузні. Потым паехаў у Піцер. Днём — кавальскі цэх Балтыйскага суднабудаўнічага, вечарам — рабфак. Пасля заканчэння рабфака быў залічаны ў Ленінградскі ўніверсітэт. Тут пазнаёміўся з Лізай, студэнткай біялагічнага факультэта. У хуткім часе маладыя пажаніліся. Ліза пасля працавала на фабрыцы, была дырэктарам школы працоўнай моладзі. Міша па заканчэнні ўніверсітэта быў накіраваны ў Ленінградскі ўсходні інстытут, дзе вывучаў бенгальскую і англійскую мову, а ў 1937 годзе быў накіраваны ў разведшколу Разведвальнага ўпраўлення Генеральнага штаба Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі.

Першая замежная камандзіроўка Міхаіла і Елізаветы Мукасеяў пачалася летам 1939 года. Да 1943 года Міхаіл працаваў у Лос-Анджэлесе па ліні ваеннай разведкі пад прыкрыццем віцэ-консула. На прыёмах у савецкім консульстве часта бывалі Тэадор Драйзер, Чарлі Чаплін, Уолт Дысней і іншыя зоркі, з якімі ў Мукасеяў склаліся сяброўскія адносіны. Чаплін так давяраў ім, што папярэджваў: "Я ведаю, Гітлер абавязкова нападзе". І ледзь не з самога Галівуда ішла радыяграма: нават Чаплін пацвярджае, што хутка вайна.

Пасля вызвалення Беларусі Мукасей даведаўся, што яго бацькі і сваякі, якія засталіся на акупаванай тэрыторыі, загінулі. Амаль усе жыхары яўрэйскага пасёлка Замосце былі расстраляны фашыстамі.

У 1943-м пара вярнулася ў Маскву і атрымала прапанову папрацаваць у якасці разведчыкаў-нелегалаў. У 1955-м Мукасей (псеўданім "Зефір") выехаў на нелегальную разведвальную працу ў заходнееўрапейскую краіну. Праз два гады на сустрэчу да свайго "новага" мужа адправілася Елізавета — "Эльза". Яна падтрымлівала двухбаковую сувязь з Цэнтрам.

Паводле звестак Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі, аператыўная геаграфія Мукасеяў была досыць вялікай. Ім давялося выконваць заданні на некалькіх кантынентах. За ўвесь час працы не было дапушчана ніводнага промаху. На Радзіму пара вярнулася ў 1977 годзе. Міхаіл Ісакавіч заняўся падрыхтоўкай нелегалаў, пісаў вучэбныя дапаможнікі для слухачоў разведшколы, стаў прафесарам расійскай Акадэміі праблем бяспекі, абароны і правапарадку. 

Іх сын Анатоль — вядомы кінааператар, муж актрысы і рэжысёра Святланы Дружынінай, вельмі многае зрабіў для таго, каб і ў Расіі, і ў Беларусі даведаліся пра бацьку. Дачка шаноўнай пары таксама доўгія гады працавала ў той жа галіне.

Паводле ўспамінаў Анатоля, менавіта ў Амерыцы ён заразіўся "бацылай кіно". У інтэрв'ю газеце "Известия" сын разведчыкаў расказваў, што тата з мамай сталі першымі гледачамі фільма "Вялікі дыктатар". "А яшчэ тата навучыў Чапліна піць рускую гарэлку... Ніколі не забуду, як пасля вячэры, пад сталом, накрытым доўгім абрусам, я гуляў з п'яным дзядзькам Тэадорам (Драйзерам. — Аўт.)".

"Сумяшчаць" сям'ю і працу "Эльзе" было, вядома, няпроста. Аднак яна ніколі не расказвала пра гэта. З задавальненнем прыгадвала хіба пра МХАТ, пра таго ж Чапліна. Як па просьбе мужа-консула савецкія маракі прывезлі падчас вайны ў падарунак Чарлі медзведзяня з расійскіх лясоў. Мішку, дарэчы, назвалі Чарлі. Ён доўга жыў у Чапліна дома, а калі падрос, акцёр перадаў яго ў заапарк.

Міхаіл Мукасей пражыў 102 гады і памёр у 2008 годзе, а Елізавета — у 2009, ёй было 97.

Святлана БАРЫСЕНКА.

←Церковь «Новая жизнь» принудительно выселяют

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика