Вечныя каласы

Источник материала:  

Беларусы здаўна, успрымаючы жыта як дар Бога, далі яму яшчэ адно імя, сугучнае боскаму, — збожжа

Чароўны водар бохана

Больш за паўстагоддзя працую ў журналістыцы, і ўвесь час мае самыя жаданыя і паважаныя героі — вяскоўцы, хлебаробы. І хоць нарадзіўся і вырас у вёсцы, але даўно жыву ў вялікім горадзе, а калі выпадае час і завітаю ў вёску, для мяне гэта быццам свята. На жаль, такія сустрэчы ўсё радзей і радзей, бо розныя жыццёвыя абставіны ды й наш тлумны, імклівы час паступова аддаляюць нас, гараджан, ад таго, што з даўніх часоў для нашых продкаў было самым дарагім, жыццёва неабходным. Гэта жыта ў полі, пасеянае руплівымі людзьмі з надзеяй і верай у добры ўраджай. Існуе даўняя біблейская легенда аб райскім паходжанні хлеба і пачатку хлебаробства. Так людзі па-свойму вызначылі сваю мудрасць, свае выключныя адносіны да дробненькіх, зусім несамавітых зярнятак, што валодаюць незвычайнай сілай, якой падуладна амаль усё на нашай зямлі. З маленькіх, іншы раз непрыкметных зярнятак мы маем на сваім стале боханы хлеба, такія духмяныя, з такім сапраўды чароўным водарам, які больш ні ў чым і ніколі не паўтараецца.

Адданасць жытнёваму полю

Ніна Жалязнова, дырэктар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Азярыцкі-Агра» Смалявіцкага раёна, шчыра прызнаецца:

— Сёлета з кожнага гектара мы атрымалі амаль па 52 цэнтнеры зерневых і зернебабовых. Для нашай зямлі вельмі добры паказчык, ніколі раней такога ўраджаю ў гаспадарцы не было. Намалацілі звыш 16 тысяч тон зерня, таксама для нас рэкорд. Не падумайце, што занадта хвалюся, але што ёсць, тое ёсць. І калі ў народзе гавораць, што збожжа — дар ад Бога, дык такія высокія ўраджаі — ад людской руплівасці і адданасці жытнёваму полю. Менавіта па палетках можна беспамылкова меркаваць, якія на вёсцы гаспадары, з якога яны роду. Багаты ўраджай — значыць, дбайныя гаспадары, а гэта і механізатары, і брыгадзір, і аграном, і старшыня. Таму я бясконца ўдзячна нашым рупліўцам за іх бязмежную любоў да роднай зямлі, клопаты пра ўраджай. Але ж, як кажуць, ад «дзякуй» сытым не будзеш. Мы правялі ў гаспадарцы вельмі цікавыя дажынкі. Было шмат песень, музыкі, добрага настрою, весялосці і ўдзячных слоў нашым хлебаробам. І яшчэ ў прыдачу выплацілі перадавікам ажно 85 мільёнаў рублёў прэміяльных. Такога таксама раней ніколі не было ў нашай гаспадарцы.

Расліна-асілак

Сіла і ўлада жыта — выключэнне, ні адна расліна на нашай зямлі больш такім дарам не валодае. Зноў жа, ці то Бог, ці сама матухна-прырода, адводзячы жыту такую выключную ролю і месца ў гісторыі чалавецтва, надзялілі яго такой незвычайнай жыццяздольнасцю, што проста здзіўляешся. Звернемся да некаторай, як бы мовіць, агранамічнай інфармацыі, тут лічбы шасцізначныя і больш. За чатыры месяцы вегетацыі адна расліна азімага жыта стварае 13 800 000 вялікіх і маленькіх карэньчыкаў. Агульная іх даўжыня — звыш 600 кіламетраў, паверхня — 240 квадратных метраў. Ну а калі гаварыць пра каранёвыя валаскі, дык іх колькасць проста касмічная — 14 000 000 000, з агульнай даўжынёй дзесяць тысяч з паловай кіламетраў і паверхняй каля 400 квадратных метраў. Такая расліна штодзённа дае каля 4—5 кіламетраў новых каранёў, цесна пераплеценых у моцную агульную плошчу. Яна па сіле ўсмоктвання можа ў сотні разоў перавышаць паверхню наземных органаў.

Гэтыя карані адначасова паглынаюць вільгаць і выдзяляюць у глебу іоны мінеральных солей, амінакіслоты, цукар, мачавіну. Во якая жытнёвая расліна, проста асілак!

Узнёслы маналог

Жыта на нашых палетках — яно надзейна і безадказна корміць беларусаў з даўніх часоў. Паслухаем разважанні Міхаіла Кадырава, вядомага нашага аграрыя, дырэктара Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі, доктара сельскагаспадарчых навук. Мы даўно з ім знаёмы, і заўсёды Міхаіл Анатольевіч расказвае пра жыта ўзнёсла і вобразна:

— Чаму да жыта беларусы адносяцца з асаблівай пашанай? Чаму любоў да яго ніколі не мінае? Таму, што яно з усіх зерневых культур самае непатрабавальнае, расце там, дзе іншая культура загіне. Ну, як найлепш падыходзіць для нашай беднай, у асноўным падзолістай глебы.

Тут трэба ўлічваць і такія важныя фактары. У Беларусі паступова мяняецца клімат. Жыта мае здольнасць супрацьстаяць такім пераменам, і яно ўжо «даказала» гэта на практыцы. Сёлета валавы збор зерневых і зернебабовых культур ва ўсіх катэгорыях гаспадарак у рэспубліцы склаў амаль 9 мільёнаў 200 тысяч тон, альбо больш, чым у мінулым годзе, на мільён тон. «Пра гэта мы раней маглі толькі марыць, а сёння мары сталі явай», — падкрэсліў Прэзідэнт А.Р. Лукашэнка на «Дажынках-2012» у Горках.

І зараз перад маімі вачамі такі малюнак дзяцінства ў Ельскім раёне. Мы самі малолі зерне ў жорнах. І вось самае радаснае: бабуля дастае з печы боханы хлеба на капусных лісцях. У хаце свята. І я цяпер хачу аднаго: няхай такія святы, з духмянымі боханамі, будуць заўсёды ў хатах беларусаў.

Такі ўзнёслы маналог пра жыта знакамітага вучонага.

Што сказала пра наш хлеб кітаянка

Аднойчы мне давялося суправаджаць у паездцы па Беларусі высокіх кітайскіх гасцей. Гэта былі намеснік старшыні Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў (адпаведны нашаму парламенту) спадарыня Хэ Лулі і пасол КНР у нашай краіне спадарыня У Сяоцю. Стаяла цудоўная восень, нас мякка лашчыла яркае сонца, лясы былі ў рознакаляровым убранні, на палетках зелянела густая сакавітая рунь. Гасцінныя гаспадары частавалі гасцей рознымі беларускімі стравамі. Асабліва ім спадабаўся наш чорны хлеб, хаця яго ў Кітаі і не пякуць.

— Очень вкусный, приятно пахнет, — сказала Лулі. — Это ржаной хлеб?

— Так, — адказалі мы.

— А как по-белорусски слово «рожь»? — пацікавілася яна.

— Жыта. На нашай роднай матчынай мове жыта сугучна слову «жизнь», па-беларуску «жыццё». Значыць, у жыце, у хлебе — само жыццё, так і ёсць на самай справе.

— Ваши предки были очень мудрые люди, — заключыла спадарыня Хэ Лулі. — Они хорошо знали, с чего на их родине начинается и чем продолжается жизнь…

Фото: БЕЛТА

←Красочная открытка и подписка на “Народную газету”

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика