Горад з настроем

Источник материала:  

На свае вочы

У многіх гарадоў ёсць сваё ўлюбёнае надвор'е, якое падкрэслівае іх непаўторнасць, дае турысту магчымасць адчуць пах, смак, настрой, колер месца, хуткасць або маруднасць часу і да таго падобнае. Упершыню я быў у Вільні менавіта ў такое надвор'е: гарачае вясенняе сонца сагравала кожны куточак маленькіх вуліц і завулкаў старога горада. Усё навокал свяцілася, спявала, усміхалася. На кожным кроку можна было сустрэць ці то мастака, ці то спевака, ці то танцора, ці то музыканта і шмат каго іншага.

Горад з настроем

Мой новы візіт у былую сталіцу Вялікага Княства Літоўскага прыпаў на гэтыя дні. Моцны пранізлівы вецер цяпер сустрэў мяне на вакзале. Горад замярзаў. Шэрасць панавала паўсюль. Паглыбляючыся ў старое месца, добра адчуваў, як кожны дом, кожная сцяна дранцвее. Невялікія дамкі, што стаяць побач, нібы туліліся адзін да аднаго, вуліцы сціскаліся... Але нават такая Вільня выглядае шыкоўна і непаўторна! Толькі без мінулых адчуванняў я не зразумеў бы гэтага кантрасту і не змог бы ацаніць халоднай прыгажосці.

Незвычайнае месца

На другі дзень раніцай выпаў снег. Цяпер карціна была гатова: горад апрануўся ў матава-белы (ніколі, дарэчы, такога не заўважаў: часам снег можа быць матавы, а часам — бліскучы, глянцавы) снег. Стала цяплей. Ахінуты горад перасталі непакоіць дрыжыкі. Ён сагрэўся і стаў весялейшы. У выніку і шпацыр атрымаўся выдатным. Вунь, напрыклад, Вострая брама. Гэта адзін з галоўных помнікаў архітэктуры. Брама была пабудавана на пачатку ХVІ стагоддзя ў гатычным стылі (таму, можа, і называецца Вострай). Гэта адзіная брама горада, якая захавалася да нашых дзён. Па старым звычаі, унутры ёсць капліца, дзе захоўваецца знакаміты абраз Маці Божай Вастрабрамскай, што аднолькава шануецца і праваслаўнымі, і каталікамі і ўніятамі. Капліцы ў брамах у сярэднявеччы ладзілі для таго, каб абараніць горад ад захопаў ды каб бласлаўляць падарожнікаў. Абраз відаць яшчэ з вуліцы праз вялікія вокны, калі ідзеш з боку горада. Да каплічкі вядзе высокая лесвіца, па якой хочацца ісці як мага цішэй — такая незвычайная там атмасфера. Каля абраза заўсёды ёсць людзі: хтосьці моліцца за сябе, хтосьці — за родных. Абраз жа цудатворны. Але гэтае месца незвычайнае не толькі з-за цудаў. Унікальнасць у тым, што тут няма розніцы паміж хрысціянамі (ці ты католік, ці праваслаўны), як гэта было раней.

Стварэнне атмасферы — "фішка" горада

Такая думка ў мяне ўзнікла, калі зайшоў у адну з мастацкіх галерэй, якіх у горадзе вельмі шмат. У Вільні сама па сабе цалкам незразумелая, прыемная атмасфера. Але там, акрамя шыкоўных карцін, кожнага наведніка чакае сюрпрыз — мяккая музыка і... лімонны водар. У пакоях галерэі стаялі вялікія талеркі з некалькімі лімонамі. Паверце, гэта было і прыгожа, і смачна (калі гаварыць пра пах:)).

Замак, які немагчыма захапіць

Усяго за 28 кіламетраў ад Вільні знаходзіцца сусветна вядомы Троцкі замак. Гэта астраўны замак, які пабудаваны сярод Троцкіх азёраў. Для таго, каб туды патрапіць, неабходна перайсці спачатку на маленькі астравок, а толькі з яго ўжо можна дайсці па мосце да велічнай цытадэлі. Дарэчы, сам горад Трокі быў заснаваны сынам полацкай князёўны Рагнеды Яраславам у 1045 годзе. А замак пабудавалі пазней, у ХІV стагоддзі. Замак і горад сталі рэзідэнцыяй вялікіх князёў літоўскіх. Некалі, у 1377 годзе, крыжакі спрабавалі захапіць замак, але безвынікова. Ды нават калі б яны неяк прабраліся за сцены, іх бы чакаў яшчэ адзін непрыступны фарпост — дзядзінец з асобным ровам і пад'ёмнай брамай. Таму гэты замак, можна лічыць, захапіць амаль немагчыма. Ён хоць і невялікі, але вельмі моцны.

Горад з настроем

Між іншым, мяне ўразіла нават не тое, які замак, а тое, што ён паўстаў амаль з руін. На старых фотаздымках, што прадстаўлены ў музеі, відаць, наколькі разбуранымі былі сцены і вежы. Цяпер жа замак выглядае як новы. Ёсць чаму павучыцца ў нашых суседзяў. І нават не ўменню рэстаўрацыі (нашы рэстаўратары, можа, лепшыя за іншых), а памяці, шанаванню. Разумееш гэта па дарозе ў замак ад чыгуначнай станцыі: спачатку ідзеш па вуліцы Гедыміна, потым па вуліцы Вітаўта і Міндоўга...

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

←Стеклянный глаз

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика