“З тварам да вянца...”
У Дубровенскім раёне выбралі найлепшых на конкурсе вясельных абрадаў
Падзівіцца цікавымі звычаямі і акунуцца ў атмасферу традыцыйнага свята змаглі госці і ўдзельнікі абласнога конкурсу вясельных абрадаў Віцебшчыны “Вялікая вясельніца — 2012”. Ён адбыўся ў горадзе Дуброўна, які славіцца своеасаблівымі вясельнымі традыцыямі. Напрыклад, толькі на Дубровеншчыне існуе цікавы звычай “Ганяць маладу на ваду”. На другі ці трэці дзень вяселля жаніх “ганяў”, абліваў вадой маладую і гасцей, якія трапілі пад руку, каб любая захоўвала вернасць.
Як расказала вядучы метадыст па народных традыцыях і абрадах Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына Шаціла, падчас конкурсу гучалі народныя песні і прыпеўкі, можна было пакаштаваць розныя прысмакі беларускай кухні і нават пусціцца ў скокі. Да свята майстры Дубровенскага народнага клуба “Дубрава” зрабілі арыгінальныя лялькі маладых, а таксама куфар с пасагам нявесты.