Якая яна, шчаслівая сям'я?
Сям'я Глазковых з Віцебска сур'ёзна стала займацца генеалогіяй пасля таго, як знайшліся дзённікавыя запісы іх прапрабабак. На сённяшні дзень іх радавое дрэва налічвае 380 "лісточкаў" — менавіта пра столькіх сваіх сваякоў сабраны звесткі!
Сям'я таксама працягвае традыцыі сваіх продкаў. Так, па прамой радавой лініі ўжо чатыры іх пакаленні настаўнічаюць.
... — З чацвярга мы ўсе з вялікім нецярпеннем чакаем суботу, — шчабечуць Волечка і Верачка Глазковы. — Бо менавіта ў гэты дзень уся наша сям'я дома, і менавіта ў суботу мы ўсёй сям'ёй гатуем пельмені. Для аднаго чалавека гэта праца на цэлы дзень, а для сям'і — на дзве гадзіны. Адзін робіць цеста, другі ў гэты час перакручвае мяса на фарш... Лепім пельмені пры дапамозе пельменніцы. Затым іх раскладваем па поліэтыленавых пакетах і кладзём у маразілку.
— Як распавядала нам бабуля, гатаваць пельмені яе навучыў тата Дзмітрый Фёдаравіч, а яго — ягоная матуля Анастасія Мікітаўна, — падключаецца Яўген...
— Шчасце сям'і, калі дзеці здаровымі растуць, калі побач з табою верны, надзейны муж, калі цябе разумеюць і могуць заўсёды дараваць, калі і сам здольны іншых і сябе любіць. У нашай сям'і пануе атмасфера любові, цяпла, узаемаразумення і падтрымкі. А сямейны дэвіз: "Жыць, каб не было капрызаў", — кажа Таццяна Рыгораўна, маці сям'і Глазковых.Па рашэнні журы, у суперфінал выйшлі сем беларускіх сем'яў: ад Брэсцкай вобласці — сям'я Лаўрэнцік (Пінск), ад Віцебскай — сям'я Кліменцьевых (Полацк), ад Гомельскай — сям'я Галецкіх (Гомель), ад Гродзенскай — сям'я Локцевых (Масты), ад Магілёўскай — сям'я Глазковых (Магілёў), ад сталіцы — сям'я Ровенскіх, ад Мінскай вобласці — сям'я Дарошак (Жодзіна).
Сто пацалункаў за дзеньАксана і Мікалай пазнаёміліся ў аўтобусе. "Я была яшчэ школьніцай, а Коля ўжо прыйшоў з арміі, — успамінае Аксана. — Гэта было каханне з першага погляду"... І вось ужо 16 гадоў яны разам. Зараз у сям'і Лаўрэнцік з Пінска растуць шасцігадовыя трайняты Яраслаў, Міраслаў і Аляксандра. Іх любыя і пяшчотныя сонейкі...
Гэту сям'ю без перабольшвання можна назваць спартыўнай. Аксана працуе ў дзіцячым садку выкладчыкам фізкультуры. Мікалай раней займаўся баскетболам, быў нават кандыдатам у майстры спорту. Цяпер захапіўся рыбалкай. Дзеці з задавальненнем ходзяць у басейн. Летам уся сям'я катаецца на веласіпедах, бавіць час на рэчцы, што працякае ля іх дачы. Зімой — санкі, лыжы. Дзеці з татам гуляюць у хакей. Прычым маленькая Аляксандра сказала: "Я таксама хачу!" і гуляе нараўне з хлопцамі. У яе крыху мужчынскі характар, распавядаюць бацькі. А вось Міраслаў адпавядае свайму імю: дабрадушны, мяккі, уважлівы. Яраслаў — вельмі таварыскі, любіць кампаніі, з'яўляецца галоўным татавым памочнікам...— Мы з мужам усё робім разам, — гаворыць Аксана. — Да сваіх дзяцей прад'яўляем аднолькавыя патрабаванні: няма такога, каб тата сказаў нешта, а мама адмяніла яго рашэнне. Ці, наадварот, тата не падтрымаў маміну прапанову... А яшчэ дзяцей вельмі важна любіць і не менш важна — паказваць ім сваю любоў. Трэба як мага больш лашчыць іх і не баяцца, што яны вырастуць распешчанымі. Мы сваіх любім, ласкаем, абдымаем, цалуем па сто разоў на дзень!..
"Музыка стала нашым жыццём"У сям'і Ровенскіх з Мінска трое дзяцей і сямёра ўнукаў. У гэтай сям'і ёсць дзве прыгожыя традыцыі. Першая — з малых гадоў прывучаць дзяцей да беларускай народнай музыкі, аддаючы іх у музычную школу. Скрыпка, жалейка, гітара, бубен, губны гармонік, цымбалы, барабан — гэта далёка не поўны пералік музычных інструментаў, якімі яны валодаюць. А сямейны ансамбль Ровенскіх быў арганізаваны яшчэ ў 1980 годзе!
У 2000 годзе сям'я Ровенскіх удзельнічала ў фальклорным фестывалі на Тайвані і заваявала там кубак "Лепшай сям'і". Летась аказалася лепшым музычным калектывам на конкурсе ў Сеуле. Дзякуючы свайму захапленню сям'я пабывала ў 40 краінах свету! Яны ўдзельнічаюць і ў дзіцячым фальклорным ансамблі "Дударыкі", арганізаваным Дзмітрыем Ровенскім на базе сталічнай гімназіі № 14, у якой Дзмітрый Дзмітрыевіч працуе настаўнікам музыкі. За гэтыя гады ансамбль сыграў больш за 100 беларускіх найгрышаў і полек амаль на 30 старадаўніх інструментах!
Другая "традыцыя" гэтай творчай сям'і — нараджэнне двайнятак. Так павялося ўжо здаўна. "І ў маёй бабулі Серафімы былі двайняты, і ў цёткі маёй жонкі, — кажа Дзмітрый Ровенскі. — А ў нас — сыны-блізняты і ўнукі-двайняткі".
На наша пытанне, ці магчыма поўнае раўнапраўе ў сям'і, Дзмітрый Дзмітрыевіч прызнаўся: "Камандую я, але шмат ідэй ідзе ад маёй жонкі, я да іх прыслухоўваюся".
У нашага таты — усе "зайкі"...Чатыры кветкі — 29-гадовая жонка Ірына, 8-гадовая Варвара і пяцігадовыя двайняткі Ульяна і Юліяна — радуюць вока і цешаць душу Івана Локцева з г. Масты Гродзенскай вобласці.
"Шчаслівай можна назваць любую сям'ю, дзе пануе лад, мір, узаемаразуменне, — гаворыць Іван. — Усе сем'і і ствараюцца дзеля гэтага. А як там далей атрымаецца — гэта ўжо залежыць ад мужчыны і жанчыны. У нашай сям'і — атрымалася!"
Гэтая прыгожая і дружная сям'я таксама амаль заўсёды разам. Тут лічаць, што мужу і жонцы абавязкова трэба быць сябрамі і мець агульныя захапленні. У іх такім захапленнем стала... рыбалка. І дзяўчынкам таксама спадабалася ездзіць разам з татам і мамай на Нёман, начаваць у палатцы. А яшчэ яны разам ходзяць у госці, вандруюць па памятных мясцінах роднай краіны і нават запісваюць свае ўражанні ў агульнасямейным дзённіку "Беларусь мая сінявокая". І ўсе разам будуюць вялікі новы дом.
"Цесна павінна быць рэчам, а не нам!" У гэтай сям'і муж і жонка называюць адзін аднаго не інакш як "Ірышка" ды "Дзімуля". Калі не сышліся ў чымсьці, не высвятляюць адносіны, а аддаюць перавагу памаўчаць нейкі час. Але такое бывае рэдка. "Нават калі б мой муж чагосьці не зрабіў, я б не "пілавала" яго. Не трэба пускаць свае адносіны пад адхон з-за дробязяў", — кажа Ірына Галецкая.Ірына — настаўніца музыкі ў школе, вядзе яшчэ і танцавальны гурток.
Дзмітрый — інжынер-канструктар сельскагаспадарчай тэхнікі. Раней шмат часу аддаваў футболу, цяпер захапіўся настольным тэнісам. У вольны час праводзіць ранішнікі для дзяцей сваіх супрацоўнікаў. Быў ужо і парасём, і Карабасам...
Вова, 13 гадоў. Інтэлектуал, зараз удзельнічае ў рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы, неаднаразова прымаў удзел у спаборніцтвах па шашках, у тым ліку рэспубліканскага маштабу, займаецца ў спартыўнай школе настольным тэнісам.
Маша, 12 гадоў, захапляецца шмат чым: фігурнае катанне, штодзённыя трэніроўкі па настольным тэнісе, член зборнай каманды юных ратавальнікаў, удзельнічае ў КВЗ.
Ксюша, 5 гадоў: фігурнае катанне, харэаграфія, вакал.
Сямейнае хобі — настольныя гульні, дзяўчынкі таксама любяць ладзіць хатнія канцэрты, тата па выхадных і святах пячэ торцікі. Час ад часу ў сям'і ладзяць тэматычныя вечарынкі. Не дзіўна, што тут часта бываюць госці!
"У нас поўнае раўнапраўе ў сям'і і поўны давер, — кажа Ірына. — Што тычыцца хатняй працы, мы з мужам усю яе робім разам".
Яшчэ ў гэтай сям'і ніколі і ні на што не скардзяцца. Ва ўсім імкнуцца знаходзіць плюсы. Нават калі жылі ўпяцёх у аднапакаёвай кватэры, падзялілі пакой папалам, зрабілі двухярусны ложак... "Цесна павінна быць рэчам, а не нам", — лічаць яны. А тры гады таму Галецкія ўехалі ў трохпакаёвую кватэру, якую пабудавалі як шматдзетная сям'я...
"Гледзячы на сваіх дзяцей, я стала больш разумець людзей..."Святлана і Міхаіл Кліменцьевы з Полацка ўпэўнены, што калі людзі хочуць, каб у іх была добрая сям'я, ім трэба вучыцца дамаўляцца. Святлана прызнаецца, што спачатку ў яе гэтага ўмення не было. "Але жыццё прымусіла, і я навучылася. Хоць у мужа ўсё ж больш падатлівы характар. Мы абое бываем упартымі, але я больш упартая", — самакрытычна дадае яна.
Сёння ў іх растуць шасцёра дзяцей. Старэйшай Наташы 9 гадоў, малодшанькаму Сярожу — паўтара годзіка. Два гады таму Святлане Кліменцьевай уручылі ордэн Маці.
Святлана прызнаецца, што з'яўленне дзяцей змяніла яе. Па-іншаму стала глядзець на многія рэчы, змянілася стаўленне да людзей.
Шэсць дзяцей у сям'і — і пры гэтым мама не выглядае вечна заклапочанай хатняй гаспадыняй. Лёгкая, какетлівая, абаяльная... Можа, сакрэт у тым, што ў гэтай сям'і ўжо з 1 года нікога не трэба адзяваць і карміць з лыжачкі? Дзяцей змалку прывучаюць да самастойнасці, заахвочваюць іх інтарэсы і захапленні. Яны спяваюць, складаюць вершы, малююць, займаюцца дзюдо, ходзяць у басейн... Так што графік жыцця ў сям'і вельмі насычаны.
Наогул, сям'я Кліменцьевых заваявала журы рэгіянальнага конкурсу сваёй асаблівай атмасферай — тым, што бывае цяжка апісаць словамі, але відаць з першага погляду. Гэта прыязнасць, узаемаразуменне, тое, як бацькі ставяцца да дзяцей, старэйшыя — да малодшых брацікаў і сястрычак, як малодшыя глядзяць на старэйшых... "Дзяцей выхоўвае тое, што яны бачаць, а не чуюць, — заўважае Святлана. — Дзеці бачаць, як паводзяць сябе дарослыя, і ў будучыні будуць рабіць гэтак жа".
Прыгожая сям'я ў прыгожым інтэр'ерыГосці заўсёды гавораць, што ім не хочацца пакідаць кватэру сям'і Дарошак з Жодзіна. Жонка Марына ўсюды, дзе ні знаходзіцца — дома, на працы, у двары — імкнецца стварыць утульнасць і прыгажосць. Ды і кожны член гэтай дружнай сям'і ўносіць сваю лепту ў стварэнне творчай атмасферы. У выніку — карціны, кампазіцыі, незвычайныя лямпы...
Марына вельмі непрадказальная асоба, нават для самой сябе, а тым больш — для навакольных. Яна творчая, эмацыянальная, з бурнай фантазіяй. Муж Дзмітрый — больш рацыянальны, цвяроза глядзіць на жыццё. Марына, бывае, "тоне", прападае ў сваіх хобі, але муж заўсёды яе падтрымлівае. У сваю чаргу яна з разуменнем ставіцца да Дзімавых захапленняў. Дзевяцігадовы Данік і шасцігадовая Маргарыта таксама творчыя і артыстычныя. Данік захапляецца бальнымі танцамі, малюе. Маргарыта — разам з мамай выступае вядучай розных гарадскіх мерапрыемстваў.
Сакрэт сямейнага шчасця — у любові, у беражлівым стаўленні адно да другога, павазе, уменні дараваць памылкі, лічаць у гэтай сям'і.
Святлана БУСЬКО.