Казкі для дарослых

Источник материала:  

У Вялікім тэатры — прэм’ера новай рэдакцыі знакамітай оперы «Кашчэй Бессмяротны».

10 лістапада Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета пакажа новую рэдакцыю оперы М. Рымскага-Корсакава «Кашчэй Бессмяротны». Упершыню гледачам яна была прадстаўлена больш як стагоддзе таму і ўразіла сучаснікаў дзёрзкасцю і смеласцю музычнай мовы, выключнай драматургіяй і абсалютным ідэйным наватарствам. Светламу пачатку жыцця, якое кампазітар сцвярджаў у сваёй творчасці операй «Снягурачка», была супрацьпастаўлена цемра «восеньскай казачкі» Кашчэева царства.

Менавіта ідэя неабходнасці супрацьстаяць, здолець перамагчы з дапамогай любові і веры бессмяротнае, абсалютнае, існуючае у мностве праяў зло становіцца вядучай у новым глыбока філасофскім спектаклі-прытчы, створаным у тэатры.

Паводле слоў рэжысёра пастаноўкі Галіны Галкоўскай, на гэтую гісторыю яна паглядзела вачыма сучаснага чалавека, які выдатна разумее, што жыццё — бясконцая барацьба дабра са злом.

— У нашым спектаклі ёсць крыху больш, чым у оперы. Нягледзячы на тое што ў казцы, як і ў жыцці, перамагае дабро, я ўвесь час вяртаюся да думкі пра сённяшнюю актуальнасць размовы аб вытанчанасці, прыцягальнасці, невычэрпнасці зла. «Кашчэі», якія жывуць унутры кожнага з нас, бессмяротныя, перамогі над імі часцяком вельмі няпростыя, але ў гэтым сэнс нашага жыцця. Таму ў оперы ёсць пралог і эпілог, якія дазваляюць расказаць гэтую казку па-свойму, — гаворыць Галіна Галкоўская.

Опера «Кашчэй Бессмяротны» выведзе на сцэну плеяду прызнаных салістаў тэатра, а таксама стане першым аддзяленнем «Вечара казак для дарослых», які працягне легендарны балет «Шахеразада».

Руская і ўсходняя казкі дазволяць адкрыць шматбаковую, поўную разнастайных музычных вобразаў і сімвалаў творчасць М. Рымскага-Корсакава.

←РУП “Белпочта” предлагает Новогоднюю услугу “Письмо Деда Мороза”

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика