Бангладэш: перспектывы супрацоўніцтва
Бангладэш з'яўляецца перспектыўным партнёрам для Беларусі. У 2011 годзе нашы краіны змаглі павялічыць тавараабарот у 2,5 раза ў параўнанні з 2010 годам, давёўшы яго амаль да 140 мільёнаў долараў. Улічваючы, што насельніцтва Бангладэш перавышае 160 мільёнаў чалавек (хоць такая лічба і аспрэчваецца), гэтая краіна можа з часам закупляць большую колькасць беларускіх тавараў, чым цяпер.
Галоўным стрымальным фактарам на шляху беларускага экспарту з'яўляецца нізкая плацежаздольнасць насельніцтва. Валавы ўнутраны прадукт на душу ў Бангладэш амаль у восем разоў ніжэй, чым у Беларусі, што дазваляе грамадзянам купляць у асноўным толькі вельмі танныя тавары. У выніку імпарт тавараў з еўрапейскіх краін з высокім коштам працоўнай сілы мінімальны, асноўнымі экспарцёрамі тавараў у Бангладэш з'яўляюцца краіны з нізкім коштам працоўнай сілы — Кітай і Індыя. У выніку ўсё яшчэ вельмі дрэнна развіты знешні гандаль — тавараабарот Бангладэш ніжэй за беларускі прыкладна ў паўтара раза, пры тым, што насельніцтва ў гэтай краіне больш амаль у 17 разоў.
У эканоміцы Бангладэш дамінуе аграрны сектар з нізкай дабаўленай вартасцю. У той жа час краіна ў апошнія паўтара дзесяцігоддзя змагла дабіцца дастаткова высокіх тэмпаў развіцця эканомікі, што дазваляе разлічваць на сур'ёзныя перспектывы ў развіцці як сельскай гаспадаркі, так і прамысловасці. Менавіта тут Беларусь можа прапанаваць свае паслугі, улічваючы ў тым ліку паспяховы вопыт стварэння зборачных вытворчасцяў у Венесуэле.
У час майскага візіту міністра замежных спраў Народнай Рэспублікі Бангладэш Дзіпу Моні ў 2012 годзе прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч заявіў пра гатоўнасць беларускага боку пабудаваць у Бангладэш некалькі заводаў па выпуску сельгастэхнікі. Танная і якасная беларуская тэхніка дапаможа мадэрнізаваць сельскую гаспадарку краіны, зрабіўшы яе больш сучаснай і павысіўшы рэнтабельнасць. Гэта асабліва актуальна для Бангладэш, улічваючы, што вялізнае насельніцтва краіны вымушана развівацца на тэрыторыі меншай, чым тэрыторыя Рэспублікі Беларусь, і сельская гаспадарка павінна быць вельмі сучаснай, каб скараціць імпарт прадуктаў.
Такога кшталту праекты могуць быць паспяхова рэалізаваны, улічваючы, што на тэрыторыі краіны ёсць свабодныя эканамічныя зоны з вельмі выгаднымі ўмовамі для замежных інвестараў. Акрамя гэтага, падобнае будаўніцтва можа садзейнічаць не толькі росту прамысловага патэнцыялу краіны, але і экспарту, паколькі Бангладэш мае льготныя ўмовы для доступу сваіх тавараў на асноўныя сусветныя рынкі. Беларуская прапанова з'яўляецца сучаснай, паколькі ў апошнія гады падобная цікавасць па развіцці прамысловых прадпрыемстваў на тэрыторыі Бангладэш выказана з боку Кітая, Індыі і шэрагу вядучых ісламскіх эканомік. Кітайскія прадпрымальнікі на фоне росту зарплат у КНР прыходзяць у Бангладэш у пошуках таннай працоўнай сілы з вялікім энтузіязмам, і прыток кітайскіх інвестыцый з'яўляецца добрай падмогай для развіцця краіны і пазітыўным сігналам для іншых інвестараў.
Цікавасць да супрацоўніцтва з'яўляецца ўзаемнай. У час беларуска-бангладэшскага бізнэс-форуму, які адбудзецца 11—13 лістапада 2012 года ў Бангладэш, плануецца стварэнне Савета дзелавога супрацоўніцтва "Беларусь — Бангладэш". Падобная структура неабходная для развіцця супрацоўніцтва дзвюх эканомік на пастаяннай аснове. Тое, што патэнцыял для супрацоўніцтва маецца вялікі, пацвярджае і склад беларускай дэлегацыі, у які ўваходзяць прадстаўнікі найбуйнейшых беларускіх прадпрыемстваў. Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, які ўзначальвае дэлегацыю, сустрэнецца з прэзідэнтам і прэм'ер-міністрам Бангладэш, а таксама з ключавымі міністрамі ў эканамічнай сферы. Умовы для супрацоўніцтва палепшацца ў выніку падпісання пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Народнай Рэспублікі Бангладэш аб садзейнічанні ажыццяўленню і ўзаемнай абароне інвестыцый.
Някепскія перспектывы складаюцца і ў ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве. Яго развіццё звязваецца са спецыяльным пагадненнем паміж Рэспублікай Беларусь і Народнай Рэспублікай Бангладэш, якое дазволіць не толькі палепшыць умовы для гандлю, але і кааперавацца для працы на рынку трэціх краін.
Надае аптымізму і знешнепалітычнае супрацоўніцтва.
Беларусь і Бангладэш супрацоўнічаюць у рамках "Руху недалучэння". Бангладэш таксама стала членам "Групы сяброў" створанай па ініцыятыве Беларусі ў лютым 2010 года для барацьбы з гандлем людзьмі. У кастрычніку 2011 года Бангладэш выступіла суаўтарам беларускай рэзалюцыі "Забарона распрацоўкі і вытворчасці новых відаў зброі масавага знішчэння і новых сістэм такой зброі: даклад Канферэнцыі па раззбраенні", прадстаўленай пазней для разгляду Генеральнай Асамблеі ААН. Зыходзячы з ранейшага пазітыўнага вопыту супрацоўніцтва, у маі 2012 года Прэзідэнт Беларусі прапанаваў палітычнаму кіраўніцтву Бангладэш развіваць стасункі стратэгічнага партнёрства.
Сяргей КІЗІМА,
загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь,
доктар палітычных навук