АЛЁ, Народ на провадзе

Источник материала:  
Сіла — у... камбінацыі

Гэта, відаць, правіла: калі ў хаце паляўнічы, то і ў двары таксама паляўнічы — сабака. Які? А вось гэта ўжо іншая справа.

Бім, Бімка — ганчак, па-сабачы вельмі прыгожы. І дзесь на паляванні яму, магчыма, цаны няма. А вось у побыце, прабачце, ён дурны, як цэп. Прынамсі, калі ў вальеры яго не заперці, кожнага, хто па вуліцы ідзе, ён аббрэша з галавы да пят!

Ну каму гэта прыемна? Ды нікому. Але ж што з яго возьмеш — сабака. І што... дасі?

Гэта я да таго, што аднойчы той ганчак у двары дзесь бавіўся. А па вуліцы Юзучок ішоў. Мужчынка ён не такі і малады, але ж расточкам не выйшаў. Таму і завуць яго як малога...

Юзаф параўняўся з варотамі. Бім, пачуўшы "здабычу", куляй да яе і на брамку скок (на задніх лапах ён за чалавека вышэй). І ўжо зяпу адкрыў, каб гаўкаць. А Юзучок не разгубіся і тыц яму дулю — пад саменькі нос...

Сабака ад нечаканасці так і застыў: зяпу закрыць не можа! Потым крыху ачомаўся, правёў смельчака вачыма, ціхенька апусціўся на зямлю і панура пабрыў да вальера.

...Той, хто сцэнку гэтую бачыў, потым, распавядаючы іншым, аж клаўся ад смеху. А яшчэ дзівіўся — таму, прынамсі, як многа можа сказаць (нават сабаку!) камбінацыя з трох пальцаў.

Л.К., г. Іўе.

Бульба разладу

Тое вяселле ў ваенным гарадку, як водзіцца, "...пело и плясало", але ж вельмі ціха, бо маладыя (а жаніліся прапаршчык і тэлефаністка) шмат радні не склікалі.

Потым у іх была першая шлюбная ноч, а за ёю — і першая сямейная раніца.

Маладая жонка (ну трэба ж!) устала першай, пайшла на кухню — гатаваць сняданак. Так што праз нейкі час халасцяцкая кватэра прапаршчыка напоўнілася рознымі прыемнымі пахамі. А яны, трэба прызнаць, здольны падняць з пасцелі любога мужчыну.

Той наваспечаны муж выключэннем не стаў. Голы, у адных трусах (чаго ўжо тут цырымоніцца?), ён рушыў на кухню, акінуў позіркам стол, прыпадняў накрыўку на патэльні. Незадаволена прабубнеў:

— Бульбу так не смажаць.

— Чаму гэта "не смажаць"? — насцярожылася яго палавіна. — Мама мяне так вучыла.

— Тады твая мама ў смажанай бульбе нічога не разумее, — прызнаў зяць, — бо пад накрыўкай бульба тушыцца... Ды і рэжуць яе зусім не так. Трэба — саломкай... А потым — на добры агонь, у разагрэты алей. Тады яна хрумсткая будзе, з румянай скарыначкай! Мая мама гэтак рабіла...

— Ну дык хай яна і робіць! Заставайся са сваёю мамай — псіханула маладуха. — Хай яна табе бульбу смажыць!

З гэтым пажаданнем яна накінула на плечы плашч і, ляпнуўшы дзвярыма, выскачыла з дому.

На дварэ было холадна, таму не дзіўна, што праз паўгадзіны муж убачыў сваю палавіну за столікам у гарнізоннай сталоўцы... Аднак побач не сеў. Ведама — з гонарам.

Не без форсу, як аказалася, была і яна: столік таксама не памяняла. Прычым ні ў той дзень, ні потым.

Такім чынам сям'я распалася, можна сказаць, не стварыўшыся.

Што ў нейкай мясцовай Кнізе рэкордаў Гінэса можна было б зафіксаваць, як самы кароткі шлюб, бо доўжыўся ён з чатырох гадзін вечара да 10 раніцы.

Ілья Шахрай, г. Мінск.

Адзіная

Пачаць гэтую гісторыю можна з таго, што па дарозе са школы Люся сустрэла бяздомнага коціка і прынесла яго дахаты.

— Выкінь! Не хапала якой заразы, — спужалася маці, бо кот быў вельмі худы і нейкі падазрона аблезлы.

— Але ж ён хворы і на вуліцы можа замерзнуць, — захныкала дзяўчынка.

Яна ў маці была адзінай, любімай дачушкай, маці фізічна не выносіла яе слёз, таму коцік проста не мог не застацца ў іх кватэры. Яго адмылі ў спецыяльным шампуні, паказалі дактарам, палячылі, сталі ўзмоцнена карміць. А наеўшыся, ён вельмі палюбіў ляжаць на канапе. Таму праз нейкі час растаўсцеў, падрос...

Люся тым часам сустрэла на вуліцы маленькага сабачку. У яго былі такія прыгожыя вочкі, ён так умольна скуголіў, так дрыжэў усім сваім цельцам...

— Ён жа бяздомнік, мама, — ледзь не плакала дзяўчынка. — Яго выкінулі нейкія злыя людзі. А ты ж паглядзі — ён такі прыгожанькі! Шкада сабачку! Ну няхай ён жыве з намі?!

Адмовіць Люсе ў такой драбязе маці зноў не змагла. Да таго ж сабачка, як гэта ні дзіўна, умомант падружыўся з... катом.

А яны ўдвух — з... марской свінкай, якую нехта падкінуў на лесвічную пляцоўку. Яна была маларухомая і тоўстая. І ў хуткім часе прынесла прыплод...

Аднойчы Люся зноў прыйшла не адна:

— Вось, пазнаёмся, калі ласка, — сказала яна матулі. — Гэта — Вадзік. Ён бедны, у яго няма ні капейкі... І няма дзе жыць. Шкада ж чалавека! Ён добры, прыгожы і ў акулярах. Няхай ён жыве ў нас! Заходзь, Вадзік, не бойся.

— А дзе ж мы яго размесцім? — хацела запярэчыць матуля. — У кватэры ж толькі два маленькія пакойчыкі і столькі жыльцоў.

— Мы паселімся ў маім, — разважыла Люся. — Нам жа не будзе цесна, праўда, Вадзік? Ты праходзь, не бойся.

Яна была ў маці адзінай дачушкай, і Вадзік, вядома ж, застаўся...

Васіль Феранц, г. Мінск.

Хачу, каб весела...

Чаканне Каляд, Новага года, як і іх святкаванне, ахоплівае ўсіх — ад малога да вялікага, у кожнай хаце ідзе падрыхтоўка. А ўжо як...

Сонечцы тады не было трох гадоў. Яна хадзіла ў дзіцячы садок і рыхтавацца да свята пачала пад кіраўніцтвам выхавацелькі, загадзя. Разам з іншымі дзеткамі яны развучвалі новыя танцы, рыхтавалі вершыкі, песні... І ўсё, каб парадаваць Дзядулю Мароза, каб атрымаць ад яго нейкі падарунак...

Гэты прыўзняты настрой, гэтае чаканне, ну вядома ж, прыносілася дадому.

Ну дык вось. Аднойчы вяртаецца Соня з садка, заходзіць у пакой да старэйшай сястры, а тая з сяброўкамі (яны ўжо вялікія — ходзяць у чацвёрты клас) робяць манікюр — фарбуюць сабе пазногці.

— Я таксама хачу! І мне!.. Калі ласка, — стала ўмольваць малая.

Сястра ўжо ведала, што казаць ёй "не" — сабе даражэй: Соня ўсё роўна свайго даможацца, не так, дык гэтак... Таму ўзялі з сяброўкай па пэндзліку і размалявалі дзяўчынцы пазногцікі.

Малая ад радасці на сёмым небе была! Ледзьве дачакалася, пакуль лак той высахне! А ўжо як высах, задрала ручкі ўгору і, раскінуўшы пальцы веерам, пайшла ў скокі, прыпяваючы пры гэтым:

Ногти накрасили,

Стали в хоровод,

Весело-весело

Встретим Новый год!

...Вось гэтага — весялосці ў чаканні Каляд і Новага года, радасці пры сустрэчы — і хацеў бы пажадаць усім чытачам "Звязды".

Валерый Гаўрыш,г. Чавусы.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

←Прохладное отношение к теплой инициативе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика