Таксафоны: на "пенсію" пакуль ранавата

Источник материала:  

Помніцца, апошні раз таксафонам я карысталася амаль дзесяць гадоў таму, калі была яшчэ падлеткам. Пасля гэтага нагоды звяртацца да такога сродку сувязі неяк не было: з'явіўся мабільнік, які спраўна працаваў. Сёння, нягледзячы на тое, што маленькая лёгенькая слухаўка ляжыць у кішэні, лічы, кожнага чалавека, сінія грувасткія апараты з кнопкамі яшчэ можна знайсці на вуліцах. Для чагосьці ж таксафоны ўсё яшчэ існуюць...

...Прадстаўнікі старэйшага пакалення, калі запытацца, з настальгіяй прыгадваюць, напрыклад, як цэлы дзень чакалі, каб вечарам у дамоўлены час патэлефанаваць каханаму чалавеку ці шукалі таксафон без чэргаў — тэрмінова дазвоньваліся па справах. А вось асобы да шаснаццаці гадоў, якія ўпэўнена водзяць пальцамі па сэнсарных экранах мабільнікаў, ужо ўспрымаюць таксафоны як частку гарадскога пейзажу. У адным шэрагу з ліхтарамі і бардзюрамі. Каб хоць крыху зразумець, хто, для чаго і навошта карыстаецца сёння таксафонамі, вырашана было паглядзець: ці шмат народу зробіць званок з таксафона, які знаходзіцца ў адным з самых людных месцаў Мінска, на чыгуначным вакзале. Давялося запасціся кубачкам не самай смачнай кавы, якую прадаюць на вакзале, і цярпеннем, каб адведзеная для эксперыменту гадзіна не здалася векам.

Уладкаваўшыся так, каб і таксафон быў бачны, і каву было магчыма піць, асабліва не замінаючы людзям сваёй прысутнасцю, я пачала чакаць. У вакзальнай мітусні кожную секунду міма таксафона прабягала безліч людзей. "Няхай бы хоць адзін спыніўся", — думалася мне. Так прайшло дзесяць хвілін, дваццаць... Нарэшце недзе праз паўгадзіны пасля пачатку эксперыменту да таксафона падышла дзяўчына гадоў дваццаці пяці і, дастаўшы картку, набрала патрэбны нумар.

Чаму яна вырашыла скарыстацца таксафонам, я даведацца не змагла: размовы чужыя падслухоўваць няёмка, а падбегчы і спытацца неяк не паспела. Можа, батарэйка ў мабільным села, ці яшчэ што? Дзяўчына паклала трубку і хуценька знікла.

На працягу астатняга часу таксафонам зацікавіўся толькі карапуз у сінім камбінезончыку, які ніяк не хацеў спакойна ісці побач з маці і намагаўся пакратаць усё, што трапіцца на шляху.

Нарэшце час скончыўся, а з таксафона зрабілі толькі адзін званок. І гэта пры тым, што быў выхадны дзень, субота, калі людзі ў плане паездак больш актыўныя, а значыць — і на вакзале іх звычайна больш.

Калі папрасіла сваіх знаёмых узгадаць, калі яны апошні раз карысталіся таксафонам, многія так і не змаглі гэтага прыгадаць. Тыя, хто на пытанне ўсё ж адказаў, спісвалі неабходнасць такога тэлефанавання на мабільны, які сапсаваўся, і знаходжанне ў іншай краіне без наяўнасці паблізу іншага тэлефона. Выходзіць, што неабходнасць у таксафонах не надта вялікая?

Каб больш дакладна даведацца пра "попыт" на тэлефанаванні з таксафона, я звярнулася у рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Белтэлекам". Аказваецца, у нашай краіне сёння працуе прыкладна дзесяць тысяч таксафонаў. Дзве тысячы з іх знаходзяцца ў сталіцы.

Атрымліваецца, не зусім яшчэ адмовіліся мы ад такога віду сувязі: з пачатку года ў нашай краіне з таксафонаў зроблена 1,5 мільёна міжгародніх званкоў. За мяжу на працягу гэтага ж часу тэлефанавалі 111 тысяч чалавек, а колькасць мясцовых званкоў складае 950 тысяч. На першы погляд, лічбы зусім не незаўважныя, але як прызнаюць у "Бэлтэлекаме", з павелічэннем ліку карыстальнікаў мабільнай сувязі попыт на паслугі таксафонаў сапраўды зніжаецца. Заканамерна, што і саміх апаратаў становіцца менш.

— За апошнія тры гады колькасць таксафонаў у Беларусі зменшылася прыкладна на чатыры тысячы, — адзначылі ў "Бэлтэлекаме".

Апараты пасля дэмантажу ідуць на запчасткі, якія выкарыстоўваюцца для рамонту яшчэ дзейных таксафонаў. Яны, як і многія рэчы на гарадскіх вуліцах, часта не даюць спакою цікаўным шкоднікам. Напрыклад, у Мінску сёлета ад вандалаў пацярпелі 190 таксафонаў. Найчасцей пакутуюць трубкі. Іх разбіваюць альбо наогул крадуць.

Дарэчы, яшчэ адна катэгорыя шкоднікаў, якія маюць дачыненне да таксафонаў, — так званыя тэлефонныя "тэрарысты". Адносна гэтага існуе пэўны стэрэатып. Вельмі часта ў фільмах можна пабачыць, як злачынцы, каб іх не рассакрэцілі, спецыяльна робяць званок з таксафона, пагражаючы ці расказваючы пра закладзеную недзе бомбу. Таго, хто тэлефанаваў, як правіла, не знаходзяць. Аказваецца, стэрэатып гэты цалкам непраўдзівы. Калі ў вашага тэлефона ёсць функцыя вызначэння нумара, яна працуе і ў выпадку з тэлефанаваннем з таксафона. Гэтак жа, як бы вам званіў сусед, які і не думае шыфравацца.

На пытанне, ці не збіраюцца дэмантаваць у Мінску ўсе таксафоны і тым самым зусім адмовіцца ад іх выкарыстання, адказу мне чамусьці не далі. На пенсію гэтаму гарадскому рэтра-аксесуару, відавочна, пакуль ранавата.

Ганна ГАРУСТОВІЧ

 

←Прохладное отношение к теплой инициативе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика