Лісты да Жылібера
Такія паралелі, магчыма, яшчэ ніхто не праводзіў, але гэта наўрад ці той выпадак, калі быць першай, хто задумаўся, ганарова і прыемна. Проста хочацца, каб задумаўся нехта яшчэ.
Вітаю Вас, mоnsіеur Jеаn!
Паведамляю Вам — і з вялікай радасцю, — што зямля наша, убраўшыся ў першы снег, тут і там шчасліва гуляе вяселлі! Час да Піліпаўкі — самая ўдалая пара, каб пачаць адчуваць жыццё набела, з чыстага ліста, ці не так? І вось з гэтай нагоды паведамляю Вам таксама, што, на вялікі жаль, не маю аніякага ўяўлення аб тым, як выглядала Жанета Будо, Ваша спадарожніца жыцця, у сваёй вясельнай сукенцы. Мне, прабачце, гэта вельмі цікава. Хоць гэта, вядома, не вельмі мае дачыненне да асноўнай тэмы сённяшняга майго ліста да Вас.
Не ведаю, як у Ваш час, mоnsіеur, а ў наш па адценні вясельнай сукенкі можна вызначыць не толькі становішча маладой (сацыяльнае і якое заўгодна яшчэ), але і ступень яе высакародства. Тыя дзяўчаткі, што маюць сякія-такія падставы называць сябе арыстакраткамі, збіраючыся замуж, выбіраюць колер смятанкі, ніколькі не палохаючыся тых абставін, што такі белы — не зусім белы. Бо белы, ад якога ажно слепіць вочы, — гэта пераважна выбар, так бы мовіць, безгустоўны. Хаця б таму, што менавіта такога колеру ў сваіх рашэннях амаль заўсёды прытрымліваюцца... дызайнеры санітарнай тэхнікі.
Калі ўжо згадалі санітарную тэму, то тут і далей, mоnsіеur Jеаn, ключавое слова sаnіtаs. Яно хоць і прыдбала праз стагоддзі выкарыстання новыя адценні, але ж асноўны свой сэнс не згубіла і для чалавека адукаванага па-ранейшаму значыць "здароўе". Якраз пра здароўе, mоnsіеur Jеаn, я і хачу Вам сёння распавесці. Дакладней, пра тую пагрозу, якае навісае над эмаллю нашых зубоў. Яе прыняліся выбельваць, але не з мэтай надаць больш здаровы выгляд, а так, што хутка бляск зорак у сузор'і Цэнтаўра падасца занадта бляклым у параўнанні з усмешкай эстраднай спявачкі ці, таго горш, спевака. Вы ж ведаеце, mоnsіеur Jеаn, што зубная эмаль ад прыроды мае колер слановай косці. Дакладней, адбываецца так: скуру Стваральнік фарбуе ў адценні ад парцэляны да бронзы, вочы адорвае фарбай прызначанай місіі, валасам надае той колер, які лічыць найбольш удалым у спалучэнні з колерам скуры і вачэй, а зубную эмаль "падганяе" пад астатняе ў адпаведнасці з законам сусветнай гармоніі. Але як растлумачыць чалавеку, што ён чалавек, а не мадэль высакаякаснай зборкі, і таму трыццаць два ліхтарыкі на пярэдняй панэлі гэтай мадэлі ў якасці апарата для здрабнення ежы яму не пасуюць?
Не так даўно мне давялося размаўляць на гэтую тэму з італьянскім дантыстам, прафесарам з Вероны, доктарам Ламбарда. Паважаны сеньёр таксама заўважыў, што прыгажосць хаваецца ў гармоніі. Ён нават больш сказаў: калі, маўляў, мноства маленькіх дэфектаў ствараюць цэлы комплекс (так хочацца сказаць "камплект"), то яны перастаюць быць дэфектамі! Мудрасці гэтага італьянскага дантыста, мяркую, варта павучыцца тым, хто асмельваецца, седзячы ў працоўным крэсле прыватнай клінікі, сцвярджаць, быццам выбельванне зубной эмалі не прыносіць ёй аніякай шкоды. Чаму ж тады дактары бясплатных паліклінік адгаворваюць сваіх пацыентаў ад такога, без перабольшвання сказаць, экзатычнага пажадання? Вельмі хочацца верыць, што гэта не таму, што ім лянотна разводзіць рэактывы, і не таму, што, падпрацоўваючы пасля асноўнай працоўнай змены ў прыватнай установе, яны за тыя самыя дзеянні з рэактывамі атрымаюць больш. Мода модай, бізнэс бізнэсам, а здароўе тут няхай лепш будзе ні пры чым. Nоlі nосеrе — каб не нашкодзіць.