Каго са сваіх настаўнікаў вы ўспамінаеце найбольш?
— Вельмі многіх сваіх настаўнікаў успамінаю часта. Як школьных, так і ўніверсітэцкіх. Мне сапраўды ёсць за што быць ім удзячнай. Рыхтавацца да паступлення ў лінгвістычны ўніверсітэт мне дапамагала настаўніца нямецкай мовы Зінаіда Аляксандраўна. Мы і цяпер з ёй падтрымліваем стасункі. Таксама са школьных часоў ўспамінаецца Ірына Мікалаеўна. Яна выкладала беларускую мову і літаратуру і рабіла гэта так, што дзеці пачыналі без прымусу цягнуцца да роднай культуры. Ва ўніверсітэце мне з выкладчыкамі таксама пашанцавала. Не магу назваць кагосьці аднаго, давядзецца доўга расказваць. Акцябрына Міхайлаўна, Галіна Аляксееўна, Ларыса Яўгенаўна, Юрый Львовіч, Святлана Валянцінаўна... Як для мяне, дык пра кожнага можна зрабіць асобнае апытанне. Я цяпер ужо не студэнтка, але з гэтымі выкладчыкамі мне заўжды прыемна сустракацца і радасна ведаць, што ў іх жыцці ўсё добра.
Наталля Анцута, загадчык дзяржаўнай установы адукацыі "Навасёлкаўскі дзіцячы яслі-сад" Кобрынскага раёна:— У школе я вельмі любіла матэматыку, таму, відаць, самыя шматлікія ўспаміны пра настаўніцу, якая выкладала гэты прадмет. Яе звалі Вера Фёдараўна. Чаму назвала менавіта яе? Думаю, з-за таленту гэтага чалавека добра патлумачыць новую тэму і ўмення зрабіць так, каб вучням было цікава. Цяпер я не бачуся ні са сваімі школьнымі, ні з універсітэцкімі выкладчыкамі, не езджу на вечары сустрэч. Пабачыць пасля заканчэння вучобы кагосьці са сваіх настаўнікаў мне выпала толькі аднойчы. Выпадкова мы сустрэліся на вуліцы ў Кобрыне. Вера Навумаўна ўжо пенсіянерка. Вучыла мяне ў пачатковых класах, але ж праз столькі гадоў пазнала. Для мяне было нечакана, і для абедзвюх нас — вельмі прыемна, што праз шмат часу такая вось сустрэча адбылася.
Клаўдзія Яскевіч, студэнтка 2 курса Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта:— Самую "запамінальную" маю настаўніцу звалі Лілія Віктараўна. У нас з ёй былі цудоўныя адносіны. Я ёй удзячная не толькі за веды, але і за тое, што здолела правільна паказаць сітуацыю, якая склалася, і нейкім чынам забяспечыць мне паступленне ў будучыні. Справа ў тым, што ў сваёй школе я не атрымала б тых ведаў, якія дазволілі б на належным узроўні падрыхтавацца да тэстаў і паступіць у медыцынскі ўніверсітэт. І як Ліліі Віктараўне не было сумна са мной развітвацца, яна настаяла, каб я на апошнія гады вучобы перайшла ў ліцэй, дзе ўзровень ведаў вышэйшы. Яна была ўпэўненая, што ў ліцэі я атрымаю больш, што я здольная на большае. Ад таго, ці верыць у твае здольнасці нехта іншы, думаю, поспех залежыць вельмі моцна.
Падрыхтавала Ганна ГАРУСТОВІЧ.