АЛЁ, Народ на провадзе
У маладосці мой сябра Іван Іванавіч быў неблагім спартсменам. У сталым узросце — стаў яшчэ і расказчыкам: келіх-другі "накоціць" і давай распавядаць! Ну вось, напрыклад.
— Былі мы неяк на лыжных спаборніцтвах. Арганізатары трасу выбралі — каб складаней, то ўжо і не прыдумаеш: пад'ёмы, крутыя спускі... Я на адным з іх, як хлапчук, з лыжні вылецеў! Ды каб жа проста паваліўся, а то яшчэ і нагу падкруціў... Да фінішу ледзьве дапоўз... Адтуль — у бальніцу завезлі. А там з кожнай гадзінай не лепей — расцяжэнне дактары прызналі, сказалі, што трэба ў іх паляжаць.
У чужым горадзе, аднаму...
Ноч яшчэ неяк перабыў там і.. ходу! Думаў, што далёка зайду, а спыніўся, лічы, побач, у парку. Сеў там на лавачку і сяджу, як паленам стукнуты — бо нага ж баліць...
А тут, бачу, нейкая бабка міма ідзе, прыглядаецца, спыняецца, пытае ў мяне:
— Ты чаго тут мерзнеш?
Расказваю ўсё, як ёсць. Тая вочы прыжмурыла — быццам рэнтгенам мяне прасвечвае. Выслухала ды і кажа:
— Я тут жыву непадалёк. Калі дакульгаеш — вылечу.
Што мне было рабіць — з горам папалам дакульгаў. У хаце ў яе па баках азіраюся, распранаюся, а бабка "лекі" рыхтуе: тры цыбуліны дробна скрышыла, з трыма лыжкамі цукру змяшала, потым гэтую "цудадзейную" сумесь плясь на анучку і нясе, каб той сустаў абгарнуць. Цыбуляй...
Смех ды і годзе! Але ж я трымаюся, бо нага баліць і начаваць недзе трэба.
Гаспадыня ж тым часам пакарміла мяне, спаць палажыла. Назаўтра гляджу на нагу і не пазнаю — пухліна спала, боль суцішыўся. На наступны дзень, як ні дзіўна, стала яшчэ лепш. Я ўжо і дахаты сабраўся, ды тут...
Да бабулі ўнучка прыехала. Зірнуў я на яе... І адразу ж заквёліўся, сказаў гаспадыні, што пабуду яшчэ, што я недалечаны...
Толькі праз тыдзень ад бабкі з'ехаў.
А праз месяц мы з той унучкай вяселле справілі. І што самае цікавае, толькі праз два гады жончына бабуля па сакрэце прызналася, што спачатку я спадабаўся... ёй. А ўжо потым яна ўнучку ў госці паклікала.
Ну ці ж не чараўніца?!
Запісаў К. Карнялюк,
г. Віцебск.
Прыклад, варты пераймання...Назіраць за гэтай сямейкай адна асалода. Ну вось уявіце: бацька ідзе наперадзе, а за ім паслухмяна тупаюць дзеці. І не проста ж так, а з усіх сіл капіруюць важака.
Не дзіва, што хутка натомяцца. Пасядуць тады, параскідаюць у бакі свае маленькія перапончатыя лапкі і нібы загараюць.
Але бацька нават у гэтыя хвіліны не расслабляецца — пільна сочыць за малымі. Раптам нехта з чародкі адаб'ецца, забрыдзе ў траву... Спужаецца... І як запішчыць... Хто тады на выручку? Ну, вядома ж, ён: выведзе з "зарасляў", а потым, можа, і "выпіша" па першае чысло, як той казаў...
Калі дакладна ў гэтага гусака разгарэлася такое вострае бацькоўскае пачуццё, гаспадары ўжо і не памятаюць. Факт, што гадоў з пятнаццаць ужо ён лепш за любую квактуху выседжвае яйкі. Няма роўных яму і ў выхаванні, і ў абароне свайго патомства.
...Павучыцца б гэтаму асобным з мужчын!
Аляксандра Швядко,
в. Мікелеўшчына,
Мастоўскі раён.
Яны былі першыміІншым часам прыходжу да высновы, што беларускім жанчынам даўно трэба ставіць помнікі!..
Хоць бы за тое, што захавалі яны беларускую нацыю: пасля такіх войнаў, у голадзе, у холадзе, адны, без мужоў, падымалі і выводзілі ў людзі дзяцей, гадавалі ўнукаў.
Зрэшты, у мінулым часе гаварыць пра гэта не выпадае, на жаль, бо сам-насам з малымі пакідаюць жанчын і цяпер. Без вайны... Свае ж мужы... Збягаюць, уцякаюць. Куды? Людзі кажуць: сабакам сена касіць.
...Некалі, у другой палове мінулага стагоддзя, падаўся гэта рабіць і бацька маёй знаёмай. Што заставалася маці? Гадаваць, гараваць, ды, каб неяк выжыць (у калгасе грошай тады не плацілі), гнаць самагонку: калі — для сваіх патрэб, а калі (голад не цётка) яшчэ і на продаж...
Але ж да пары: нехта, мусіць, "стукануў" на яе — данёс начальству. Бо аднойчы (яшчэ і гарэлка астыць не паспела) у хату ўваліўся ўчастковы з дэпутатам сельскага Савета.
— Ну што, Ганна, — сказаў першы, — даставай сваю прадукцыю, аддавай сама, бо ўсё роўна ж знойдзем. Тады горай будзе.
Маці ад жаху аж мову адняло, бо куды ўжо горай? І малыя за ногі яе абнялі, стаяць, калоцяцца.
Дэпутат, падобна, захацеў напружанасць трохі зняць: добразычліва так стаў пытацца ў дзяцей, як каторага завуць, па колькі ім гадкоў? І нарэшце: "А дзе ж ваш татка?"
Тут старэйшая дачка, ужо пасмялеўшы, выдала і тое, што ад іншых чула ("сабакам сена косіць"), і тое, што думала сама: у іх на падворку, маўляў, карова ёсць — рагатая, вялікая, але сена ёй мамка ўжо назапасіла. А вось татка ўсё косіць і косіць, хоць сабачка ў іх зусім невялічкі.
Засмяяліся госці з гэтых слоў, потым паміж сабой пра нешта пашапталіся, і нарэшце ўчастковы кажа:
— Робім табе, Ганна, апошняе папярэджанне: яшчэ хоць адзін сігнал — і тады ўжо наракай на сябе...
Тая аж вушам не паверыла: няў- жо толькі папярэджанне?
— А мае ж вы мужчыначкі, — кажа, — а мае ж вы залаценькія... А як жа мне вам аддзякаваць?! Анічога ж няма... Дык я ж вам пляшачку з сабой, га? Свежанькай, толькі што выгнала!
Участковы не стрымаўся — загнуў мацюка і з рогатам падаўся з хаты. А вось народны абраннік затрымаўся і бутэлечку ўзяў. Гаспадыня яшчэ закускі нейкай усунуць хацела — дык ён адмовіўся, сказаў: "Дзецям пакідай... І малой сваёй "дзякуй" скажы. Каб не яна, не здабраваць бы вам".
...Часу з той пары прайшло шмат. Малая тая даўным даўно вырасла, але і цяпер, як бачыце, цудоўна памятае сваю першую сустрэчу з мужчынамі, якія разумелі, як цяжка жанчыне — адной, без мужа — гадаваць дзяцей.
В.М. Гаўрыш,
г. Чавусы.
Па чайнікіТыя гады ў памяці... І, вядома ж, не толькі ў мяне. Колькі крыку было: перабудова, перабудова, колькі шуму?! Але ж... Словы гэтыя чулі (нават з печы, здаецца...), але навокал — змен аніякіх. Хіба што да горшага: у крамах паліцы голыя — нават мышам пажывіцца няма чым, прадпрыемствы стаяць, пенсіі выплачваюцца з затрымкай, аўтобусныя рэйсы скарачаюцца...
Менавіта ў гэтыя вось ліхія часы і прызначылі мяне загадчыцай райаддзела сацыяльнай абароны.
На працу, паверце, як на катаргу ішла: бо кожны дзень столькі крыку, столькі скаргаў, столькі просьбаў аб дапамозе... Галоўнае ж, бывала, нехта старэнькі да райцэнтра на перакладных даедзе, у аддзел да нас прыйдзе... А аўтобус у яго толькі позна ўвечары! Тут бы чалавека не толькі выслухаць, не толькі рашэнне якое прыняць, тут яму хоць бы кубак гарбаты якой наліць!
А ў нас нават чайніка няма. І не купіш...
На шчасце, у газеце аб'яву знайшлі: у Мінску нейкі прыватнік іх прадае, з перадаплатай. Хуценька пералічылі грошы, камандзіравалі кіроўцу, каб забраў патрэбныя рэчы. Ён малады такі хлопец, прыгожы... Праўда, трохі, няўважлівы: убачыў у дакументах знаёмае змалку прозвішча — Колас і сігануў у сталіцу, да помніка, бо побач жа і вуліца знаходзіцца.
На ёй, гэтай самай вуліцы, хутка знайшоў патрэбны дом, кватэру, націснуў на кнопку званка.
— Кто там? — пачуўся з-за дзвярэй старэчы голас.
— Гэта я... Прыехаў за чайнікамі, — выпаліў Сяргей.
— За какими такими чайниками? — здзівіўся гаспадар кватэры. — Нет у меня никаких чайников.
— Як гэта няма?! — абурыўся хлопец. — Аб'яву ў газету давалі? Давалі. Грошы атрымалі? Відаць, атрымалі! То давайце чайнікі.
— Нету здесь чайников, — на сваім стаяў гаспадар. — Уйди, придурок.
— Ах, так?.. Не хочаш аддаваць па-добраму? — спытаў у яго Сяргей. — Тады аддасі па-благому. І з усёй сілы націснуў на кнопку званка...
Званіў доўга — то адрываючы руку, то не адрываючы. Шуму нарабіў — на ўвесь пад'езд!
Але ж пачуў, як... адчыняюцца дзверы — за спінай.
Азірнуўся і ледзь не самлеў: на парозе суседняй кватэры стаяў Мядзведзь... Ну не ўласнай персонай, але ж... Той самы рост у чалавека, той самы сажань у плячах, а кулакі дык яшчэ і большыя. "Ну ўсё, зараз прыб'е", — падумаў Сяргей.
Той аднак пачаў здалёк — спытаў:
— Ты чё в чужую дверь ломишься? Псих, что ли?
— Ды не, не псіх... Мяне сюды з работы паслалі — па чайнікі. Грошы за іх заплачаны... Вось дакумент на руках...
Асілак той узяў паперы, хвілін колькі глядзеў у іх. Потым пытаецца:
— Ты читать умеешь?
Сяргей аж пакрыўдзіўся: ну вядома ж.
— Тогда читай... Вслух читай... Что написано? "Переулок Якуба Колоса". А ты приехал на улицу... Понял?.. Дуй отсюда...
Сяргей схапіў сваю паперку і зайцам, праз дзве-тры прыступкі, сігануў уніз...
Чайнікі ён прывёз. І прэтэнзій нам не выказваў. Можа, яшчэ і таму, што дакумент на іх афармляла бухгалтарка — яго жонка... Проста бязмежна тады каханая.
Н.С.,
Мінская вобласць.
Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.