Губарэвiцкі вяз

Источник материала:  

Дзякуючы 100-гадоваму вязу чарнобыльская вёска Губарэвічы ператварылася ў месца паломніцтва

— Не бывае такога дня, каб тут не прыпыняліся аўто, дзяржнумары якіх сведчаць не толькі пра Гомельскую, але і пра больш далёкія Брэсцкую і Магілёўскую вобласці і нават пра Украіну, — кажуць не пакінуўшыя вёску жыхары Губарэвічаў. — Але найбольш гасцей бывае ў выхадныя дні. Стаяць цэлыя калоны машын, а да дрэва ўтвараецца вялікая жывая чарга.

Кожны наведвальнік выселеных з-за Чарнобыля і закапаных (акрамя трох хат) Губарэвічаў, хоча дакрануцца да вяза далонямі ці скроняй, павязаць на ім аброчны ручнік альбо стужку. Нехта здымае з шыі ланцужок з крыжыкам, прымацоўвае абразок з выявай Божай Маці. І амаль кожны імкнецца адшчапіць ад дрэва кавалак кары, бо верыць у яе гаючую моц. Але гэта пагражае дрэву, яно можа засохнуць. У выніку частка камля вяза літаральна... "аблысела".

Гэткая празмерная любоў да дрэва прачнулася ў людзей з-за выявы Божай Маці на зрэзе тоўстай галіны: два гады таму, пасля абпілоўкі небяспечных галін самая маладая жыхарка вёскі Надзея Біран зрабіла нечаканае адкрыццё: ёй падаўся сілуэт, падобны на іконапісны вобраз Божай Маці. "З'яўленне іконы!" — імгненна разнеслася па вёсцы-троххатцы. І вясковае жыццё пацякло ў больш актыўным, калі не сказаць напружаным рэчышчы. На яе жыхароў Марыю Дашук, Надзею Біран і іх суседа Міхаіла Рудзянку легла асаблівая місія — захоўваць святое дрэва, тлумачыць паломнікам з'яўленне вобраза Багародзіцы, расказваць далёкую і нядаўнюю гісторыю населенага пункта, пераказваць тое, што кажуць іншыя, сачыць за парадкам. А паломнікі прыязджаюць пастаянна, а некаторыя з іх — дзясяткі разоў. Кажуць, што пасля прыкладвання да дрэва, болі знікаюць. Але нехта наведваецца не больш чым з-за цікавасці. Камусьці карціць сказаць паломнікам, каб не займаліся ідалапаклонствам.

— Адзін з бацюшкаў, які сюды наведваўся, уважліва агледзеў ікону і сказаў, што дрэва трэба спілаваць, бо ўсё гэта падобна на паганства, — кажа 74-гадовая Марыя Дашук. — На што мы яму адказалі, што чапаць наш вяз не дамо нікому.

Шчырая вера вяскоўцаў у незвычайнасць гэтага дрэва проста непахісная, а Губарэвічы для іх — сапраўды святое месца. Ад іх, вяскоўцаў, пачуў:

"200 гадоў таму ў вёсцы ўжо знаходзілі ікону Божай Маці. Тройчы яе адвозілі ў Кіеў, але абразок зноў і зноў аказваўся на ранейшым месцы. У гонар гэтага з'яўлення была пабудавана царква...".

У сваю чаргу ад сваіх старэйшых аднавяскоўцаў яны чулі, што малітва ў той царкве дапамагала хворым на вочы і невідушчыя пачыналі бачыць. У 1938 годзе, гэта добра памятае Марыя Дашук, храм быў разбураны.

— Ці не вярнулася Божая Маці да нас зноў? — перапытвае баба Марыя, зачыняючы за сабою брамку ў невысокай агароджы, якую ўзвялі вакол святога дрэва. — Можа, гэта знак, каб пабудаваць тут новы храм?

Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.

Хойніцкі раён.

←Пограничники своих не забывают

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика