Дагістарычны хлопчык на форуме музеяў
У руках Таісы Лянкевіч кніга Сяргея Старыкевіча “Красненскія таямніцы”, якая нядаўна выйшла з друку.
Усё ўжо амаль падрыхтавана да першага Нацыянальнага форуму музеяў, які пройдзе ў Гродне з 12 да 14 кастрычніка. У ім будуць удзельнічаць каля 150 дзяржаўных музеяў, ведамасныя і школьныя музеі.− Засталося толькі зрабіць экспазіцыю, − кажа дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея Таіса Лянкевіч. − Фільм пра музеі вобласці ўжо ёсць. Дарэчы, каб паказваць яго падчас экспазіцыі, купілі тры тэлевізары і ноўтбук. У чацвер раніцай наша дэлегацыя выязджае, бо апоўдні мы павінны пачаць манціраваць экспазіцыю ў Гродне.
1 частка − дэманстрацыйная
У праграме шэсць раздзелаў, у якіх пакажуць найлепшыя музейныя праекты за два апошнія гады:
1. “Выставачная дзейнасць”
2. Экспазіцыйны раздзел
3. “Музейныя інавацыі”
4. “Турыстычны патэнцыял”
5. Культурна-адукацыйныя праграмы
6. Навукова-даследчая праца
У раздзеле “Музейныя інавацыі” распавядаецца пра тое, як музеі працавалі над стварэннем неардынарных экспазіцый.
Напрыклад, музей дарог у Старых Дарогах. У Лагойску ёсць экспазіцыя “Музей у музеі”, дзе практычна адноўлены музей, створаны некалі братамі Тышкевічамі ў 19 стагоддзі. У Смалявічах – музей смалы.
А як вынік навукова-даследчай працы, Мінскі абласны краязнаўчы музей пакажа кнігу свайго супрацоўніка Сяргея Старыкевіча “Краснен-скія таямніцы”.
– Спадар Сяргей, як нарадзілася ваша кніга “Красненскія таямніцы”?
– Дзевяць месяцаў яе пісаў, − вось і нарадзілася. У ёй крыху менш за 50 раздзелаў. Я ў Красным жыву, таму яго ведаю. Захацелася знайсці штосьці новае. Я быў нязгодны з меркаваннем іншых даследчыкаў Краснага. Напрыклад, у мяне іншая дата першага ўпамінання. У 2003 годзе Краснае адзначала 500-годдзе. Я лічу крыху па-іншаму.
– А якую з адкрытых таямніц менавіта вы лічыце галоўнай?
– Я знайшоў амаль 500 невядомых дагэтуль імёнаў людзей, якія загінулі ў Красным ці каля яго, тых, каго спалілі немцы. Для мяне гэта галоўнае.
– Дзе можна будзе набыць вашу кнігу?
– Яна будзе ў бібліятэках. Выпушчана ўсяго 150 экзэмпляраў, бо кніга прысвечаная маленькаму рэгіёну.
2 частка − дзелавая
Яна ўключае ў сябе “круглыя сталы” і канферэнцыі, якія прысвечаныя музейнай тэматыцы. Напрыклад, музейны маркетынг ці інавацыйныя тэхналогіі ў музеях.
3 частка − інтэрактыўная
У ёй музеі прадставяць свае культурна-адукацыйныя праграмы. Кожнаму музею адводзіцца прыкладна 20 хвілін. У Капылі ёсць інтэрактыўная праграма “Лісты 1944 года”. Любанскі музей народнай славы пакажа сцэны з жыцця дагістарычнага хлопчыка.
− Гэта цікава дзецям, − кажа Таіса Лянкевіч, − бо тут археалогія не толькі паказваецца, тут нават можна ў руках патрымаць гістарычныя рэчы. Дзеці могуць уявіць, як жыў дагістарычны хлопчык.
4 частка – конкурсная праграма
Будзе некалькі намінацый. Мінскі абласны краязнаўчы музей удзельнічае ў намінацыі “Лепшае праектаванне экспазіцыі”.
На форуме 14 кастрычніка падвядуць вынікі і назавуць пераможцаў.
Настасся РОЎДА.
Фота Настассі РОЎДЫ.