Вусатыя карпы і бульба "па акцыі"

Источник материала:  

Карэспандэнт "Звязды" наведала восеньскі кірмаш у адным з мікрараёнаў сталіцы

У Фрунзенскім раёне лішні ўраджай на продаж прывозяць да Лядовага палаца. Адразу пасля выхаду з метро заўважаеш натоўп, які цягнецца ад невялікага ўзвышша, на якім палац пабудаваны, аж да падземнага перахода і бліжэйшага аўтобуснага прыпынку.

"Цвярдыню" таннай бульбы і свежай восеньскай садавіны бяруць штурмам. Без сумак ніхто туды не ідзе, з пустымі рукамі амаль ніхто не вяртаецца. Заданне рэдакцыі — паглядзець, чым запасаюцца гараджане...

...Не спатрэбілася шмат часу, каб зразумець, што самы масавы прадукт на гэтым кірмашы — сапраўды бульба, што не было нечаканасцю. Вялізныя машыны з-пад Дзяржынска, Стоўбцаў, Лагойска, Нясвіжа; якога заўгодна памеру клубні. Можаш купіць пэўны гатунак, а можаш і "дружбу народаў". "Акцыя" ад аднаго з гандляроў — бульба з дастаўкай.

— "Ласунак" за кілаграм каштуе 1,3 тысячы, яго бясплатна завязём. А вось за гэтую дастаўка платная. Колькі? Ну, як дамовімся. У залежнасці ад таго, дзе жывяце.

— А чым "Ласунак" такі адметны, што яго бясплатна гатовы прывезці? Нешта незразумела тут.

— Тады вазьміце з платнай дастаўкай, — адказвае гандляр і пераключаецца на больш згаворлівага пакупніка.

Увогуле, бульба на гэтым кірмашы каштуе пераважна 1,1—1,2 тысячы рублёў. Такія лічбы ў асноўным ставяць гаспадары, якія прывезлі лішкі асабістага ўраджаю. Бо нічым не горшая на выгляд бульба ад аднаго з агракамбінатаў прадавалася па 970 рублёў за кілаграм. Загаворваю з хлопцам, што грэецца гарбатай з тэрмаса, стоячы каля адчыненага "буса", нагружанага аранжавымі сеткамі:

— Што, змерзлі? Добра хоць бульба прадаецца?

Аказваецца, у мінулыя выхадныя Максім разам з бацькам распрадаў усю прывезеную бульбу коштам 1,1 тысячы рублёў яшчэ да абеду.

— Цяпер спакайней. Думаю, можа, і павязём яшчэ дадому пару сетак. Ці танней аддадзім. Вам не патрэбна, дарэчы?

...Цяпер варта пацікавіцца, што яшчэ прапаноўваюць купіць. Так, перцы. Тыя, што выспелі ў беларускім грунце, не вельмі падобныя на адборныя замежныя. У вялікіх мяхах, куды іх фасуюць, трапляюцца зеленаватыя. Такія каштуюць 5,2 тысячы за кілаграм. Прыгожыя беларускія перцы на кірмашы ўсё ж пабачыць удалося. Іх кошт розны, але самы высокі быў — 6 тысяч за кілаграм.

Каля латкоў з памідорамі і агуркамі мяне ледзь не збіў цягнічок, на якім каталі дзяцей. Ездзіла гэтая машына акурат па гандлёвых радах, пастаянна сігналячы. Падзівіўшыся маштабам кірмашовага сэрвісу (малых жа патрэбна нечым заняць, пакуль бацькі выбіраюць, хто ж будзе спрачацца), вярнулася да цэн. Познія агуркі можна пакаштаваць за 10 тысяч рублёў за кілаграм, цана на памідоры — ад 6,5 да 7 тысяч рублёў. Калі захочаце дакрышыць у салату яшчэ і капусты, рыхтуйце 2,3-2,4 тысячы рублёў. І апошні штрых — цыбуля, якая каштуе 4 тысячы за кіло.

Вельмі бюджэтнымі прадуктамі падаліся гарбуз і кабачкі. У іх аднолькавы кошт — 2,5 рублёў за кілаграм. Жанчына, што гандлявала імі, у якасці бонусу расказвала неспрактыкаваным гаспадыням рэцэпты кашы, аладак і запяканак.

Чакала знайсці ў продажы журавіны і грыбы. Нават бачыла, як жанчына выходзіла з кірмашу з пакетам чырвоных ягад. Але ж ні таго, ні другога, на жаль, не было. З грыбоў — толькі шампіньёны па 22 тысячы ад аднаго са сталічных гандлёвых прадпрыемстваў, а журавін увогуле не было. Магчыма, раскупілі, пакуль дабралася.

На кірмашы прадавалі і рыбу. Добра вядомыя ўсім карпы і карасікі — па 31 тысячы рублёў і па 15,5 тысячы адпаведна. А белы амур — вялізныя рыбіны, што ледзь змяшчаліся ў ванначцы, — 29 тысяч за кіло.

Запамінаю цэны і краем вуха чую размову.

— Мне карпа, калі ласка. Ага, такі. Аднаго хопіць. Пачакайце, а што гэта за вусы ў яго?

— Жанчына, якія вусы? Дзе? Ой, ну гэта не вусы, патрэбна так.

— А-а. А, можа, гэта не карп у вас? Не, не буду браць.

— О-о-й, ну хто там наступны?

...Цяпер пра салодкае. Мёд каля Лядовага палаца прадавалі па 110 тысяч за літр. Любыя гатункі, магчымасць пакаштаваць. Можна паспадзявацца на ўдачу і заплаціць крыху танней. Напрыклад, мне ўдалося знайсці мёд па 90 тысяч за літр. Жанчына прыехала з хутара пад Лідай, разам з мужам прывезла на продаж бульбу, а мёд — проста чатыры лішнія слоікі са свайго пчальніка ў пятнаццаць вулляў.

— Мы столькі не з'ядзім самі, вось і вырашылі заадно з бульбай прадаць. Але так толькі сёлета, звычайна мёд на кірмашы не возім...

...Як вядома, пераможца вяртаецца з бою з трафеямі, і гараджане ў "змаганні" за таннейшы кілаграм зімовых запасаў сапраўды пачынаюць чымсьці нагадваць ваяроў. Нават праз некалькі гадзін пасля абеду народу на кірмашы менш не стала, а "трафеі", пагружаныя ў машыны ці на двухколыя каляскі, як мага хутчэй развозіліся па кватэрах: трэба было паспець "акапацца" са сваімі мяхамі ў агульным калідоры раней, чым гэта зробіць сусед.

Ганна ГАРУСТОВІЧ

 

←Костюмчик сидит

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика