Распiсалiся ў... бальнiчнай палаце
Ну i ну!
Зарэгiстраваць шлюб Наталля Мiкiцевiч i Анатоль Прускi планавалi ў Тумiлавiцкiм сельскiм Савеце Докшыцкага раёна. Але нявеста — нечаканы зігзаг лёсу — трапiла ў Полацкую бальнiцу. Урачы рабiлi ўсё магчымае, каб своечасова вылечыць Наталлю i выпiсаць яе напярэдаднi вяселля. Але ж, на жаль, iм гэта зрабiць не ўдалося: дзяўчыне катэгарычна забаранiлi пакiдаць бальнiцу.Тады кiраўнiк справамi Тумiлавiцкага сельвыканкама Валянцiна Наско прапанавала: калi ўжо Наталля не можа прыехаць у вёску, трэба ехаць да яе, каб непасрэдна ў бальнiцы правесцi цырымонiю. Кiраўнiцтва бальнiцы сiтуацыю зразумела i не адмовiла ў рэгiстрацыю шлюбу ў медыцынскай установе.
Медыкам i хворым, якiя сталi выпадковымi сведкамi незвычайнай падзеi, гэтае вяселле запомнiцца на ўсё жыццё. Да бальнiцы, як мае быць, прыехаў вясельны картэж. Ад жанiха запатрабавалi прызнанняў у каханнi... Нявесту рыхтавалi да цырымонii ў палаце: вясельны строй, прычоска — усё было!
Ардынатарская ператварылася ў абрадавую залу. Там па старажытнай беларускай традыцыi закаханыя сталi на святочнае палатно, абмянялiся заручальнымi пярсцёнкамi, станцавалi самы першы ў жыццi ў якасцi новаспечаных мужа i жонкi вальс. Не абышлося i без сiмвалiчнага напою — шампанскага, але, вядома, у дазволенай медыкамi колькасцi.
Новай беларускай сям'i пашанцавала на добрых людзей, якiя працуюць у медыцынскай установе i сельвыканкаме. Дарэчы, i для выканкама менавiта гэтая рэгiстрацыя шлюбу стала першай выязной.
Аляксандр ПУКШАНСКI.