"Наперадзе сутыкненне, будзем стаяць..."

Источник материала:  

Рытмічны грукат колаў раптам заціхае. Вагон спыняецца пасярэдзіне перагону. Незапланавая стаянка працягваецца хвіліну, дзве. Нарэшце кіроўца аб'яўляе па гучнай сувязі: "Наперадзе аварыя, будзем стаяць". Тыя пасажыры, якія спяшаюцца, выходзяць з вагонаў. Калі пашанцуе, можна ўбачыць, як у доўгую сталёвую нітку выстраіліся трамваі. А наперадзе такога своеасаблівага цягніка — дарожна-транспартнае здарэнне. Што там адбылося — два аўтааматары на рэйках не раз'ехаліся, нейкі вадзіцель не саступіў дарогу трамваю ці яшчэ нешта малапрыемнае? Важна іншае — тое, што рух электрычнага транспарту часова прыпыніўся.

Гэтая сітуацыя знаёмая кожнаму, хто больш ці менш рэгулярна карыстаецца не толькі трамваем, але і тралейбусам. І калі "рагатыя аўтобусы" яшчэ раз-пораз могуць аб'ехаць месца ДТЗ, то трамваю вельмі часта няма куды падзецца — альтэрнатыўных шляхоў руху вельмі мала, а на суседнюю паласу ён перастроіцца не можа ў прынцыпе. Як знарок, карэспандэнту "Звязды" давялося трохі "пасядзець" у вагоне якраз тады, калі ён накіроўваўся да намесніка генеральнага дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства "Мінсктранс" Віктара ТОЗІКА пагутарыць пра гэту праблему.

— Аварыя, пра якую вы кажаце, адбылася ў ранішні час пік на даволі ажыўленым скрыжаванні вуліц Якуба Коласа і Хмяльніцкага. "Таёта" паварочвала налева і не саступіла дарогу трамваю, які ехаў на зялёнае святло. А па правілах дарожнага руху рэйкавы транспарт мае ў такіх выпадках перавагу. Прадстаўнікі ДАІ засведчылі, што аварыя адбылася не па віне кіроўцы трамвая. Таму з вадзіцеля легкавіка будзем патрабаваць пакрыцця ўрону. Вагоны стаялі 22 хвіліны, і на гэты час быў заблакаваны рух да метро пяці маршрутаў.

— Наколькі часта здараюцца падобныя выпадкі?

— Яны адбываюцца нерэгулярна. Бывае так, што цэлыя тыдні праходзяць без зрываў працы электрычнага транспарту, а здараецца і так, што за дзень рэгіструецца некалькі выпадкаў. Па стане на 24 верасня, намі на адрас віноўнікаў ДТЗ было накіравана 655 прэтэнзій. Большасць аварый адбываецца ў будныя дні. За рэдкім выключэннем, вінаваты ў гэтым аўтааматары.

— Што рабіць пасажырам на тых вуліцах, дзе альтэрнатывы трамваю няма?

— Калі рух спыняецца з-за ДТЗ і не аднаўляецца на працягу 20 хвілін, то ў такім выпадку інструкцыяй прадугледжаны запуск аўтобуснага маршруту, які будзе часова замяняць трамвай. І аўтобусы будуць вазіць пасажыраў датуль, пакуль вагоны зноў не пойдуць па сваіх маршрутах.

— Хто і як разлічвае суму нанесенага ўрону?

— На месца здарэння прыязджае прадстаўнік службы бяспекі дарожнага руху транспартнага прадпрыемства. Ён і праводзіць падлікі панесеных страт. Канчатковая сума ўрону залежыць ад многіх складнікаў. Па-першае, трэба ўлічыць колькасць грамадскага транспарту, які стаіць з-за аварыі. Бывае і так, што рух зрываецца адразу ў абодва бакі — асабліва гэта датычыцца трамваяў на дарогах, дзе рэйкі пракладзены па трэцяй паласе. Па-другое, вельмі важнай з'яўляецца працягласць прастою. Трэці складнік — гэта час сутак. Зразумела, што ў час пік ад нязручнасці пацерпяць больш людзей, чым, напрыклад, апоўначы. Акрамя таго, улічваюцца выдаткі на перавозку пасажыраў. Яны самыя высокія для аўтобусаў і самыя нізкія — для трамваяў. Хачу падкрэсліць, што спагнанне ўрону — мера вымушаная.

— У якіх межах вагаецца сума выплат?

— Звычайна ад 10 тысяч да аднаго мільёна рублёў. Удзельнікі ДТЗ, чыя віна даказана супрацоўнікамі ДАІ, звычайна сплочваюць грошы добраахвотна. Але бываюць і такія выпадкі, калі справа даходзіць да судовага пасяджэння. Такіх выпадкаў мала, таму што сумы мы выстаўляем не завоблачныя і аспрэчваць заключэнне ДАІ адважваюцца нямногія. Да таго ж давядзецца заплаціць за судовыя выдаткі. Такім чынам, у выпадку рашэння справы праз суд памер кампенсацыйнай выплаты рызыкуе сур'ёзна павялічыцца.

— Ці ёсць у сталіцы месцы, дзе транспарт стаіць часта?

— Своеасаблівых "бермудскіх трохвугольнікаў", звязаных з прастоем электратранспарту, у горадзе няма. Напрыклад, практычна выключана спыненне руху трамваяў на тых участках, дзе рэйкі вынесены з праезнай часткі. Але, на жаль, магчымасць гэта зрабіць ёсць далёка не ўсюды — на некаторых вуліцах тратуары для гэтага проста не разлічаны... Як правіла, часцей за ўсё адбываюцца два віды ДТЗ з прастоем вагонаў: альбо два аўтамабілі не падзялілі дарогу на рэйках, альбо аўтааматар не прапусціў трамвай. На жаль, здараюцца аварыі і па віне нашых кіроўцаў, але гэта адбываецца вельмі рэдка.

— У расійскай Пермі ёсць цікавае "ноу-хау". Са жніўня там былі ўведзены дадатковыя захады па памяншэнні часу прастояў трамваяў. Так, цяпер кіроўцы электратранспарту могуць дапамагчы аўтааматарам у складанні схем ДТЗ, каб хутчэй раз'ехацца. Ці ёсць нешта падобнае ў Мінску?

— Такой практыкі не існуе. Гэта было б мэтазгодна, калі б транспарт быў вымушаны прастойваць з-за аварый доўгі час, скажам, каля гадзіны. Але апошні раз гэта здарылася блізу Новага года. Гэты выпадак стаў сумнавядомым — тады ўвечары сутыкнуліся трамвай і тралейбус, шмат пасажыраў якога трапілі на бальнічныя ложкі. Але падобныя аварыі, на шчасце, можна пералічыць на пальцах.

Валяр'ян ШКЛЕННІК.

←Городские проекты обретают реальные контуры

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика