Браслаўшчына: тут душа зліваецца з прасторамі...

Источник материала:  

Браслаўшчына — зачараванае месца. Гэта быццам асобны свет, дзе жыццё ідзе сваім мерным крокам і дзе няма месца мітусні. Паглыбіўшыся ў абшары лясоў, блукаючы між люстэркаў азёр, нібы трапляеш у іншае вымярэнне і забываешся на ўсё.

Сіні край свабоды

"Сіні край" — менавіта так назваў гэтыя мясціны Уладзімір Караткевіч у эсэ "Браслаўе". "Зменлівы, чароўны, незразумелы. Як вочы яго жанчын, што тысячагоддзямі адбівалі ўсё гэта: глянь у гэтыя вочы — сэрца сціснецца і ўпадзе".

Сапраўды, пры поглядзе на разлівы ўзгоркаў, шаты лясоў, выплескі неба і цнатлівую чысціню бясконцых азёр сціскаецца сэрца. Яно замірае ад замілавання і захаплення, якое немагчыма вымавіць словамі...

Тут, у гэтым сінім краі, душа зліваецца з неабсяжнымі прасторамі. Вырваўшыся з цеснага горада, спачатку не можаш наглядзецца на бясконцыя далягляды, надыхацца свабодай, якой прасякнута ўсё паветра. А потым гэтая свабода пасяляецца ўнутры цябе. І куды б ты ні трапіў у будучыні, яна назаўсёды застанецца тваёй неад'емнай часткай...

Месца, дзе няма агароджаў

Дзіўнае ўражанне пакідаюць браслаўскія вёскі, якія пераходзяць адна ў адну, і падзяляюць іх толькі паказальнікі. Двары вольна раскіданы па ўзгорках і больш падобны да хутароў, чым да звыклых вясковых падворкаў. Месца хапае ўсім, хоць даволі шмат у гэтых краях прыезджых, нават расіяне і латышы атабарваюцца тут. Але за чужых іх не лічаць.

Браслаўшчына: тут душа зліваецца з прасторамі...

Увогуле, народ на Браслаўшчыне дзівосна добразычлівы. Падарожніку з радасцю падкажуць дарогу, а то і правядуць да патрэбнага месца. Запросяць у госці, пачастуюць. Нават у вёсках не пачуеш лаянкі. Ды што казаць, калі ад латвійскай мяжы да самых Відзаў амаль не сустрэнеш агароджанага ўчастка! "Няма ў нас такой моды — платы гарадзіць", — кажа Антонаўна, жыхарка вёскі Піртані, насыпаючы нам цэлы куль журавін, якія сама збірае ў свае 75 гадоў. Платоў няма, але, якая ні была б хата, вакол яе абавязкова рассыпаецца стракаты дыван з кветак. Рознакаляровыя клумбы і кветнікі тут паўсюдна, і ад такой прыгажосці спявае сэрца.

Добра, бо на душы спакойна

На пытанне "Як жывецца?" заўсёды пачуеш у адказ: "Добра". Дый, напэўна, тут не можа быць іначай. І справа не ў нейкім асаблівым дабрабыце. У некаторых вёсках няма нават крамы, не кажучы ўжо пра нейкія сацыяльныя і культурныя ўстановы. Побыт звычайны, вясковы, амаль кожны мае невялікую гаспадарку. Але адна каштоўная адметнасць адразу кідаецца ў вочы: душэўны спакой мясцовых жыхароў, які не можа парушыць нішто навокал. Клопат вяскоўцам прыносяць хіба што дзікі, якія разворваюць гароды і падыходзяць да самых хат.

Па веры вашай...

Сёння большасць насельніцтва ў Браслаўскім раёне — каталікі. Што адметна, усе мясцовыя касцёлы прыкладна аднаго перыяду збудавання — канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Некаторыя з іх, як касцёл Святой Тройцы ў вёсцы Плюсы, пасля Другой сусветнай вайны пераўтвараліся ў школы, крамы, клубы, збожжасховішчы... "За Саветамі Бога не стала, дык і касцёл у нас адабралі. А потым Бог вярнуўся, і касцёл вярнулі", — распавяла нам Антонаўна.

Па звестках перапісу насельніцтва, у Браслаўскім раёне пражывае каля 6 тысяч рускіх, большасць якіх складаюць стараверы. Зарэгістравана 6 стараверскіх суполак. Малельні дзейнічаюць у Браславе, Відзах, Друі, Булавішках, Кірыліне, Буеўшчыне.

Цяпер у Браслаўскім раёне існуюць рэлігійныя супольнасці розных канфесій: 17 рымска-каталіцкіх, 8 праваслаўных, 8 стараверскіх, 2 евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 1 хрысціян веры евангельскай, 1 мусульманская.

***

Для мяне Браслаўшчына на ўзроўні адчуванняў сталася гэткай мадэллю "ідэальнай Беларусі", дзе на вольным прасторы жывуць і працуюць добрыя, шчырыя людзі. Край спакою, яднання з наваколлем, чалавечай годнасці і ўзаемапавагі. Вядома, і свае жыццёвыя праблемы тут ёсць. Але ўсе яны нібыта раствараюцца ў ранішнім бэзавым тумане, што лёгкім палатном сцелецца на ўзгорках...

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Фота аўтара

←Как помочь старикам?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика