Чым багатыя?
У насельніцтва забіраюць лішак яблычнай сыравіны
70 кансервавых і вінаробчых арганізацый краіны ажыццяўляюць гэтымі днямі нарыхтоўку яблыкаў — для далейшай перапрацоўкі і вырабу неабходнай прадукцыі на працягу ўсяго года. Сёлета яблыкі ўрадзілі, а таму некаторыя прадпрыемствы забіраюць ураджай у таго ж насельніцтва кругласутачна, па кошце ад 350 да 500 рублёў за кілаграм.
— Багаты ўраджай яблыкаў здараецца надзвычай рэдка, а таму сёлетні сезон — вялікая  ўдача, бо нам важная сама магчымасць выбіраць патрэбныя для нашай вытворчасці  плады, — кажа дырэктар ААТ "Гама смаку" Надзея ПАЛЬЧЫНСКАЯ. — Яблычная сыравіна для вырабу дзіцячага харчавання павінна мець адмысловую  якасць. Мае значэнне і колькасць сухога рэчыва, і ступень спеласці пладоў, і іншае.  Сёлета мы атрымалі тое, што неабходна. Вытворчасць яблычнага пюрэ-паўфабрыкату  для дзіцячага харчавання прадпрыемства пачало каля двух тыдняў таму. Наш паўфабрыкат  не змяшчае ніякіх кансервантаў — ён вырабляецца па спецыяльнай тэхналогіі, захоўваецца  ў спецыяльнай тары да таго часу, калі спатрэбіцца для вытворчасці нашага асноўнага  асартыменту...
Дарэчы, прадпрыемства апошнім часам сур'ёзным чынам займаецца пасадкай уласнага прамысловага саду — пасаджана ўжо 44 га і яшчэ 70 га плануецца пасадзіць сёлета. Тут будуць не толькі яблыкі, але і парэчка чырвоная і чорная, маліна, буякі... Зразумела, што для буйной вытворчасці неабходна гарантаваная стабільнасць у атрыманні сыравіны. Уласны сад забяспечыць асноўную частку.
Варта нагадаць, што "Гама смаку" (да 2009 года — Клецкі кансервавы завод) перапрацоўвае самыя розныя ягады, фрукты і гародніну, якую нарыхтоўшчыкі завода збіраюць як у сельгасвытворцаў, так і ў насельніцтва. Экзатычныя фрукты набываюцца, вядома, за мяжой (той жа персік — у Малдове), пасля чаго перапрацоўваюцца непасрэдна самім прадпрыемствам. Моркву і капусту брокалі, напрыклад, для завода вырошчваюць фермеры — па патрэбных паказчыках, без нітратаў. Клецкі кансервавы яшчэ за савецкім часам займаўся менавіта дзіцячым харчаваннем, а таму добра ведае, што такое прадукцыя, за якую павінны быць спакойнымі бацькі. Дарэчы, нядаўна завод асвоіў выпуск і мяснога дзіцячага асартыменту — раслінна-мясныя кансервы з ялавічынай, печанню і курыцай. Надалей плануецца выпуск і рыбных кансерваў.
Аб сыравіннай бяспецы думаюць і на другім магутным прадпрыемстве Мінскай вобласці. "Мы ўзялі 200 га зямлі ў арэнду, пасадзілі ўжо крыху клубніц — сабралі сёлета амаль 5 тон, 65 са 185 запланаваных гектараў яблыкаў, — кажа дырэктар ААТ "Гарадзейскі цукровы камбінат" Міхаіл КРЫШТАПОВІЧ. — Пасадзім яшчэ 6 га маліны, 2,2 га буякоў... Паколькі зараз адбываецца пэўная рэарганізацыя і да Гарадзейскага далучаецца былы Стаўбцоўскі кансервавы (зараз ААТ "БелНатурПрадукт"), то і на яго тэрыторыі таксама трэба будзе займацца тэмай развіцца ўласнага саду. Падобнага кшталту захады забяспечаць патрэбы завода ў ягадах і фруктах у цэлым дзесьці на 80 працэнтаў. Аднак астатняе мы павінны атрымаць з дапамогай фермераў і насельніцтва".
Гарадзейскі перапрацоўвае гэтымі днямі каля 70 т яблыкаў у суткі. З іх да 50 т нарыхтоўшчыкі прымаюць у насельніцтва. Гружаныя спелымі пладамі, едуць і на матацыклах, і на легкавых аўто, і на грузавіках... Пакрыўджаных, запэўнівае дырэктар, няма: "Мы плацім нямала — каля 500 рублёў за кілаграм. Бо думаем аб тым, каб наш здатчык заставаўся з намі і надалей. Не кожны год выдаецца ўраджайным на яблыкі, і нам важна, каб нас выручылі і ў не надта ўрадлівы год... Працуем, вядома, і з сельгаспрадпрыемствамі, якія аддаюць на перапрацоўку нетаварны яблык".
Атрыманая сыравіна адразу накіроўваецца на перапрацоўку. На Гарадзейскім, як і на "Гаме смаку", адразу вырабляецца паўфабрыкат — шляхам імгненнага падагрэву і імгненнага ахалоджвання. Спецтэхналогія дазваляе дасягнуць асептычнага эфекту без прымянення кансервантаў. Надалей частка гэтага паўфабрыкату пойдзе на выраб джэмаў ды канфіцюраў, а другая ў выглядзе падваркі (па сутнасці, гэта павідла, якое захоўваецца ў спецыяльных кардонных бочачках) — на прадпрыемствы, якія выпякаюць булкі, пірагі, слойкі і г.д. Канфіцюр Гарадзейскага камбіната можна набываць і каштаваць смела. Ён падобны на той, які гаспадыня можа прыгатаваць у хатніх умовах. У прыгожай шклянцы — толькі натуральная ягада або фрукты, цукар, вада, пекцін і лімонная кіслата. Абрыкосавы джэм можна таксама каштаваць без апасенняў. Абрыкос купляецца ў замарожаным выглядзе, а потым перапрацоўваецца.
Галоўны спецыяліст аддзела плодаагародніннай і крухмалапатачнай галін канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Алена АНДРЭЕВА:
— Асноўная задача, якая сёння ставіцца, — забраць лішак яблычнай сыравіны ў насельніцтва. Справа не ў тым, што ў краіне ёсць праблемы з сыравінай. Наадварот, сыравіна ёсць, і ставіцца задача загрузіць магутнасці перапрацоўчых прадпрыемстваў пад максімум, і ў першую чаргу — забраць усё, што вырашчана. Заданне па нарыхтоўцы сыравіны даведзена прадпрыемствам вінаробчай і кансервавай галін усіх формаў уласнасці. Першапачаткова канцэрн планаваў забраць на перапрацоўку 195 тысяч тон пладова-ягаднай сыравіны. Аднак ужо зараз мы бачым, што возьмем у выніку каля 250 тысяч.
На вялікі жаль, тое ж ААТ "Гама смаку" сёння працуе, што называецца, не ў роўных умовах. Уявіце сабе, што значыць ажыццявіць вытворчы працэс, пачынаючы ад нарыхтоўкі сыравіны і перапрацоўкі. МІж тым, згодна з нарматыўна-прававой базай нашай краіны, вырабам дзіцячага харчавання могуць займацца і займаюцца прадпрыемствы, якія не перапрацоўваюць сыравіну. Вядома, там вытрымліваюцца ўсе тэхналагічныя нормы, прадукцыя адпавядае належнай дакументацыі, але ж выраб прадукцыі з паўфабрыкату — гэта іншыя затраты, дый іншы вынік. Работа з сыравінай дазваляе атрымаць больш высокі кантроль якасці. Мы сёння кажам аб тым, што перапрацоўшчыку сыравіны патрэбны пэўныя льготы.
Сёння тры беларускія прадпрыемствы з 37-мі, што ёсць у кансервавай галіне, не працуюць з сыравінай, але ствараюць моцную канкурэнцыю.
Мы вельмі ўдзячныя той частцы насельніцтва, якое з разуменнем ставіцца не толькі да працэсу вырошчвання сваёй прадукцыі, але і загадзя звязваецца з прадпрыемствам-перапрацоўшчыкам, папярэджвае аб супрацоўніцтве. Разам з тым, буйная вытворчасць не можа залежаць толькі ад насельніцтва. Хоць мы бяром і будзем браць пладова-ягадную сыравіну ў насельніцтва. Тым не менш, 12 кансервавых заводаў краіны будуць закладваць або ўжо заклалі ўласныя сады. Да 2015 года гэта будзе тэрыторыя ў 1700 га.
Святлана БАРЫСЕНКА.