Cтаўка — на мадэрнізацыю, на развіццё сыравіннай зоны
Прадпрыемства, якое дынамічна, устойліва развіваецца, мае добрую перспектыву на будучыню... Так ахарактарызавалі ў Горацкім райвыканкаме ААТ "Малочныя горкі". А пры гэтым таксама дадалі, што яшчэ на пачатку года гэтае прадпрыемства было стратным...
Зрэшты, падобнае становішча — стратнасці — не надта можа здзівіць работнікаў малочнапера‑працоўчай галіны: яно характэрнае для многіх прадпрыемстваў у ёй, прычынай чаго з'яўляецца пэўная дыспрапорцыя паміж закупачнымі цэнамі на малако, што купляецца ў сельскагаспадарчых арганізацыях, і адпускнымі цэнамі на малочную прадукцыю, якія адміністрацыйна рэгулююцца. І асабліва церпяць ад гэтага тыя прадпрыемствы, у аб'ёмах якіх вялікую долю займае натуральная малочная прадукцыя (так званая "цэльнамалочка"), што ідзе на ўнутраны рынак. Тым не менш, на "Малочных горках", як адзначана ўжо, адбыліся адчувальныя станоўчыя змены. У выніку чаго? Іх тут у першую чаргу звязваюць са з'яўленнем на заводзе новых уласнікаў, якія "прыйшлі ўсур'ёз і надоўга" (36,93 працэнта акцый прадпрыемства належаць Магілёўскаму аблвыканкаму, гэта значыць дзяржаве, астатняя ж, большая частка акцый — ва ўласнасці прыватных асоб), а разам з імі — і прыход новага кіраўніцтва.
* * *
Што зроблена тут для пераадолення ўжо адзначанага становішча, прычым за гэткі невялікі час (новая каманда з'явілася з красавіка)? Аднак спачатку пра тое, што ўяўляюць сабой "Малочныя горкі", што тут выпускаюць. Гэта — прыкладна сярэдняе па аб'ёмах перапрацоўкі малака прадпрыемства (цяпер на ім перапрацоўваецца каля 130 тон за суткі), а выпускаюць на ім усе віды натуральнай малочнай прадукцыі (пастэрызаванае малако, кефір, смятану, тварог), а таксама масла, сыры (вытворчасць сыроў займае пераважную долю ў аб'ёмах), казеін; зусім нядаўна, каля двух месяцаў таму, наладжаны выпуск заменнікаў натуральнага малака.

Новая каманда вельмі энергічна ўзялася за вывад прадпрыемства з эканамічнага тупіка, за тэхнічнае абнаўленне вытворчасці, павышэнне яе эфектыўнасці. За красавік—жнівень было набыта новае імпартнае абсталяванне для вытворчасці сыру: 3 ванны па 10 тон, 6 тунэльных прэсаў са спадарожным абсталяваннем, лазерны маркератар для нанясення інфармацыі на сырныя галоўкі і іншае абсталяванне; былі таксама выкананы будаўнічыя работы па павелічэнні рабочай зоны ў сырным цэху і па больш рацыянальнай арганізацыі тэхпрацэсу ў ім. Усё гэта ў выніку дазволіла павялічыць выпуск сырнай прадукцыі за суткі з 6,5 да 10 тон. Пры гэтым за чатыры апошнія месяцы яе выраблена амаль удвая больш, чым за студзень—красавік. На прадпрыемстве таксама мадэрнізавалі свае цэхі па вытворчасці масла і смятаны, што, зноў-такі, прывяло да павелічэння аб'ёмаў. Напрыклад, вытворчасць смятаны павялічылася з 2,5 тоны за суткі да 9 тон, гэта, у сваю чаргу, пашырыла магчымасці экспарту, пра што будзе сказана ніжэй. А яшчэ выканалі рамонтныя работы на многіх іншых аб'ектах, у тым ліку адрамантавалі склады для работы з сельгаспрадпрыемствамі (гэты кірунак, работа з сельгаспрадпрыемствамі, з'яўляецца для "Малочных горак" не менш важным, чым непасрэдна вытворчасць прадукцыі). Вышэй ужо было зазначана, што новыя інвестары прыйшлі на горацкае малакаперапрацоўчае прадпрыемства ўсур'ёз і надоўга. Пра гэта ж пэўным чынам можа сведчыць і структура іх першых укладанняў у прадпрыемства: на рамонт і абнаўленне, скажам так, яго дапаможных аб'ектаў, іх добраўпарадкаванне (рамонт дахаў і г.д.) сродкаў укладзена нават больш, чым непасрэдна на інвестыцыі па тэхнічнай мадэрнізацыі вытворчасці — гэтыя сумы склалі, адпаведна, 2073 мільёны рублёў і 1628 мільёнаў.
Дзякуючы рэканструкцыі цэхаў і ўстаноўцы ў іх новага, больш эфектыўнага абсталявання, а таксама пэўным структурным зрухам у працы на ўнутраны і знешні рынак (пра гэта — крыху ніжэй), "Малочныя горкі" істотна палепшылі не толькі свае вытворчыя, але і фінансавыя паказчыкі. За май—жнівень тут атрымалі 3,2 мільярда рублёў чыстага прыбытку і ў цэлым за 8 месяцаў таксама выйшлі на станоўчы баланс.
А цяпер — пра тыя ж структурныя зрухі. Як ужо казалася, многія прадпрыемствы галіны працуюць са стратамі. І гэтая стратнасць датычыць менавіта працы на ўнутраным рынку. На "Малочных горках" страты ад рэалізацыі прадукцыі на ўнутраным рынку за 8 месяцаў (нагадаем: пры станоўчым у цэлым балансе за гэты ж перыяд) склалі больш за 7 мільярдаў рублёў (7610 мільёнаў); рэнтабельнасць прадукцыі, рэалізаванай на ўнутраным рынку, — мінус 17,3 працэнта. Адкуль тады станоўчы баланс? Гэта, напэўна, ужо добра зразумела — за кошт экспарту, прычым "Малочныя горкі" рэалізуюць за межы рэспублікі 76 працэнтаў сваёй прадукцыі, пераважна ў Расію. Экспарт у цэлым выгадны для прадпрыемства. Так, на экспарце яно зарабіла прыбытку за тыя ж 8 месяцаў у суме 11 647 мільёнаў рублёў, а рэнтабельнасць па экспарце склала 13,4 працэнта. экспартуюць "Малочныя горкі" сырны прадукт, смятану, іншую прадукцыю. Вышэй гаварылася пра мадэрнізацыю на прадпрыемстве вытворчасці смятаны, яе ў выніку сталі вырабляць болей, і частку гэтых дадатковых аб'ёмаў з задавальненнем узялі ў Смаленску: экспартавалася 1,5 тоны за месяц, цяпер экспартуецца 2,5 тоны. "Малочныя горкі" экспартуюць сваю прадукцыю не толькі ў Смаленск, але і ў Вялікія Лукі, плануюць вярнуць у шэраг сваіх партнёраў Бранск, у які экспартавалі некалі раней. Гэта, па выказванні дырэктара прадпрыемства Алега Бяляцкага, першы пояс Расіі па экспарце, а мяркуецца асвоіць і другі, у прыватнасці, Маскву, Піцер.
Аднак гэтыя планы па асваенні новых рынкаў звязваюцца тут з далейшым пашырэннем вытворчасці і істотным павелічэннем аб'ёмаў перапрацоўкі малака, а таксама з далейшай мадэрнізацыяй прадпрыемства.
* * *
У праграме развіцця прадпрыемства на перспектыву, якую распрацавалі яго новыя інвестары, першым пунктам запісана наступнае: развіццё сыравіннай зоны па вытворчасці малака шляхам рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў. Словам, гэта цяпер для прадпрыемства адна з найбольш важных задач. Тут ужо цяпер маглі б перапрацоўваць за суткі да 200 тон малака, але апошняга, як зразумела ўжо, не хапае. У Горацкім раёне налічваецца 10 гаспадарак, 9 з іх прадаюць сваё малако на "Малочныя горкі", у 10-й жа, вучэбнай гаспадарцы сельгасакадэміі, яго забірае магілёўская "Бабушкина крынка". Дарэчы, вучэбная гаспадарка сельгасакадэміі мае і найбольшы малочны вал. Чаму такім вось чынам склалася размеркаванне сыравіннай зоны, можна толькі здагадвацца (на саміх "Малочных горках" асцярожна заўважаюць: напэўна, прадпрыемству "Бабушкина крынка" аддаюць у вобласці большую перавагу). Аднак што збіраюцца рабіць на "Малочных горках" (ужо робяць?) па развіцці сваёй сыравіннай зоны? Тут наладзілі самае цеснае супрацоўніцтва з гаспадаркамі зоны, дапамагаюць ім у набыцці кормаўборачнай тэхнікі, насення і г.д. (згадаем пра тыя ж склады: іх спецыяльна падрыхтавалі для таго, каб захоўваць на іх для гаспадарак неабходныя матэрыялы, насенне і г.д.). За адпаведныя ўкладанні ў гаспадаркі выступаюць самі прыватныя інвестары. У аснове ж усяго гэтага супрацоўніцтва ляжыць крэдытаванне гаспадарак за кошт "Малочных горак", асабліва тых, дзе ўзводзяцца новыя, сучасныя МТФ, прычым прадугледжана, што гаспадаркі за прадастаўленыя крэдыты павінны праз пэўны час пачаць разлічвацца малаком. Як падкрэсліваў дырэктар "Малочных горак" Алег Бяляцкі, гаспадаркі ў выніку такога супрацоўніцтва маюць немалую выгаду: напрыклад, пры атрыманні мільярда рублёў эканомяць, калі мець на ўвазе цяперашнія працэнты па банкаўскіх крэдытах, да 200 мільёнаў. Якая выгада самога прадпрыемства?
— Ну, а мы ў выніку лепш замацоўваем за сабой гэтыя гаспадаркі як партнёраў, яны паляпшаюць на сваіх новых фермах якасць малака, змяншаюць яго страты. На старых фермах, як бы на іх ні даглядалі жывёлу, той жа колькасці і якасці атрымаць, па сутнасці, нельга, — падкрэсліваў Алег Бяляцкі.
Тут жа варта нагадаць: за 2011—2012 гады ў гаспадарках раёна запланавана ўзвесці 8 новых, сучасных МТФ, 4 МТФ — рэканструяваць.
Праграма таксама прадугледжвае далейшую мадэрнізацыю. На заводзе плануецца ўжо ў хуткім часе арганізаваць вытворчасць па згушчэнні сыроваткі, прычым ужо цяпер рыхтуецца і адпаведнае абсталяванне. "Гэта будзе наш першы вялікі праект", — падкрэслівалі на прадпрыемстве. Прычым арганізацыя вытворчасці па згушчэнні сыроваткі — гэта толькі першы этап адпаведнай работы, у далейшым жа плануецца наладзіць і яе сушку (перамовы аб набыцці адпаведнага абсталявання вядуцца са славацкай фірмай). "Наша мэта — мець поўнасцю безадходную вытворчасць і ні ад каго ў гэтым плане не залежаць", — падкрэсліваў кіраўнік прадпрыемства... У планах на бліжэйшы час таксама набыццё ўпаковачнай лініі тэтрапак па разліве малака ў пакеты ад 200 мл да 1 літра. Пры гэтым у далейшым, як падкрэсліваў кіраўнік, на гэтай лініі можна будзе наладзіць і разліў сокаў.
Аднак, безумоўна, найбольш важным пунктам той жа праграмы прадпрыемства па яго развіцці на перспектыву з'яўляецца арганізацыя на ім новай сырнай вытворчасці. Варта тут жа зазначыць: падчас наведвання завода мы пабывалі практычна ва ўсіх яго цэхах і на ўсіх яго ўчастках і можам меркаваць: у цэлым вытворчасць тут мае вельмі неблагі ўзровень, а вось наконт сырнай вытворчасці гэта сказаць цяжка. У прынцыпе, не ўтойвалі гэтага і на самім прадпрыемстве: "Стары цэх, дзе сыр робяць, не адпавядае сучаснаму ўзроўню". Адпаведна, арганізацыя новай сырнай вытворчасці з'яўляецца, па сутнасці, самай важнай задачай. Гэта ў выніку дазволіла б павялічыць выпуск масавых гатункаў сыру да 20 тон за суткі, значна пашырыць яго асартымент, знізіць выдаткі сыравіны на яго вытворчасць, а адпаведна — і сабекошт (цяпер кошт сыравіны ў сабекошце гэтай прадукцыі займае 70—75 працэнтаў). Для новай вытворчасці плануецца набыць сучасную аўтаматычную лінію па вырабе сыру, выкарыстанне якой дазволіла б не толькі нарасціць аб'ёмы, але і практычна поўнасцю выключыць з тэхпрацэсу так званы чалавечы фактар, а гэта ўжо істотны крок да новай якасці. У цэлым, з улікам усіх мерапрыемстваў, інвестары, новыя ўласнікі завода, гатовы ўкласці ў яго далейшае развіццё 136 мільярдаў рублёў.
Тут жа неабходна адзначыць, што група кампаній, у якую ўваходзіць і кампанія-ўладальніца горацкага завода, на цяперашні час паспяхова рэалізуе і іншыя праекты, у тым ліку ў Магілёўскай вобласці. Размова ідзе, напрыклад, аб стварэнні ў вобласці прадпрыемства па перапрацоўцы агародніны, у развіццё якога ўжо ўкладзена значная сума інвестыцый, створаны новыя працоўныя месцы; поўнасцю завяршыць гэты праект плануецца да канца года.
Аднак вернемся да "Малочных горак". На жаль, рэалізацыю планаў па іх мадэрнізацыі не ўдаецца весці такімі ж хуткімі тэмпамі, паколькі ўсе глабальныя мерапрыемствы ўзгадняюцца з аблвыканкамам, а гэта патрабуе значнага часу. У той жа час інвестар гатовы ўкладваць грошы, што пацвярджаецца і паспяховай рэалізацыяй ім іншых праектаў.
Між тым, час не церпіць. І асабліва прыспешвае ён у сувязі з уступленнем Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Можна чакаць, што на яе рынак прыйдзе больш танная малочная прадукцыя з іншых краін. Не хаваюць сваёй заклапочанасці такім развіццём падзей і на "Малочных горках". Больш жорсткая канкурэнцыя ў такім разе закране многіх, і пры гэтым не прайграе той, хто да яе лепей падрыхтаваўся, хто больш аператыўна будзе рэагаваць на ўсе змяненні рыначнай кан'юнктуры.
* * *
З далёкага 1917 года пачынае сваю гісторыю горацкі завод; 95 гадоў спаўняецца яму сёлета (нашы аднагодкі: газеце, нагадаем, сёлета таксама споўнілася 95). Але зусім не адчуваецца гэтага сталага ўзросту прадпрыемства на ім самім. Ужо адзначаўся сучасны тэхнічны ўзровень яго вытворчых участкаў і цэхаў (акрамя сырнай вытворчасці). Акуратна выглядае добра дагледжаная тэрыторыя (дарэчы, з прыгожымі яблыневымі прысадамі); працаўнікі завода нямала пашчыравалі над тым, каб надаць яму прывабнае вонкавае аблічча (Горкі сёлета, нагадаем, прымалі рэспубліканскія "Дажынкі", і гэта з'явілася для завадчан дадатковым стымулам па навядзенні на прадпрыемстве і вакол яго больш узорнага парадку)... На тэрыторыі прадпрыемства, якая, дарэчы, займае каля 5 гектараў, выцягнулася ў даўжыню вялізнае збудаванне (сцены ды дах), пустыя праёмы якога нагадвалі, што яно ніякім чынам не выкарыстоўваецца. "Спадчына савецкай эпохі, — патлумачылі на прадпрыемстве, — меркавалася размясціць тут новы завод, ды не паспелі...". Цяпер гэтае збудаванне тут так і называюць: навабуд. Але размова тут, зразумела, пра іншае: новыя ўласнікі маюць намер поўнасцю гэты навабуд задзейнічаць (вядома, спачатку давёўшы ўсё будаўніцтва тут да канца) і размясціць у ім асобныя вытворчыя ўчасткі, прамысловую зону, бытавыя памяшканні... Вельмі добрая мэта, бо спадчына ў такім вось непрывабным выглядзе, як цяпер, вядома ж, нікому не патрэбна.
Вышэй ужо было зазначана: "Малочныя горкі" 76 працэнтаў сваёй прадукцыі экспартуюць, прычым пераважна ў Расію. Зразумела ўжо, што тут папярэдне вытрымалі сур'ёзныя праверкі расійскіх санітарных органаў на якасць і чысціню прадукцыі. На прадпрыемстве дзейнічаюць сістэма менеджменту якасці ІСО 9001 і сістэм НАСРР (адпаведнасць на патрабаванні бяспекі прадукцыі); прадпрыемства мае няблага абсталяваныя лабараторыі з добра наладжаным у іх кантролем як малака, якое паступае з гаспадарак (прычым яно вельмі строга кантралюецца на наяўнасць у ім антыбіётыкаў — нагадаем: гэта ў свой час з'явілася прычынай адмаўлення расійскага боку ад супрацоўніцтва з асобнымі перапрацоўчымі прадпрыемствамі рэспублікі). Нядаўна "Малочныя горкі" заключылі дагавор камісіі з вядомай беларускай кампаніяй "Слаўфуд" (яна займаецца рэалізацыяй) і выпускае для яе прадукцыю пад гандлёвай маркай "Славяна". "Малочныя горкі" маюць шэраг узнагарод за сваю прадукцыю з прэстыжных міжнародных выставак... Усё гэта сведчыць пра тое, што "Малочныя горкі" маюць неблагія стартавыя ўмовы для свайго далейшага развіцця.
— А галоўнае, людзі паверылі ва ўсе гэтыя добрыя змены; тыя ж, хто некалі звольніўся, пачалі вяртацца на завод, — падкрэсліваў Алег Бяляцкі. — Яшчэ сёлета каля 40 чалавек тут мелі заработную плату, якая была ніжэйшая за мінімальную; цяпер жа, за апошні месяц, яна склала ў сярэднім каля 3900 тысяч рублёў. На заводзе намечана пабудаваць бытавыя памяшканні (цяпер многім даводзіцца туліцца дзе папала), узводзіцца новы фірмовы магазін непасрэдна пры заводзе, а ўсіх іх у Горках — тры, пачынаем будаваць сталовую для сваіх работнікаў... Адным словам, мы ўжо няблага развіваемся па ўсіх кірунках, і менавіта далейшае развіццё можа быць залогам нашай далейшай паспяховай работы.
Іван БАРАНОЎСКІ. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.