Ген жыцця

Источник материала:  

Працяг. Пачатак у нумары за 29 верасня г. г.

1. Бацькі

…ПОМНЮ з дзяцінства, калі з кім нешта трагічнае здаралася, вясковыя мужыкі гаварылі: што ж, такі ў яго лёс, — разумеючы пад гэтым нейкія невядомыя ўсявышнія сілы. Дарэчы, ужо ў студэнцкія гады я ўпершыню пачуў ад аспіранта Акадэміі навук Уладзіміра Саўчанкі, які на свой страх і рызыку займаўся забароненай пры савецкім часе генетыкай, што сапраўды існуюць ген жыцця і ген смерці. Яны закладваюцца чалавеку пры нараджэнні, і, відаць, па-вясковаму гэтыя гены і называліся лёсам. Ген жыцця — усё добрае і благое, што перадаецца ад бацькоў, нават дзядоў і прадзедаў, да дзяцей, а можа, і праз некалькі пакаленняў. Мужыкі, абмяркоўваючы тыя ці іншыя ўчынкі вясковай моладзі, заўсёды гаварылі: «Такія ж і яго бацькі». Зразумела, што, як да бацькоў, ставіліся і да іх дзяцей. Гэтая вясковая інтуіцыя, можна сказаць, філасофія, заснаваная на жыццёвых фактах, мела пад сабой пэўны грунт…

***

Не магу не ўспомніць прыгодаў, звязаных з маім хрышчэннем і з іменем, якое я атрымаў на ўсё жыццё, пра што пазней распавядала мама.

Па вясковай звычцы, перад тым як адвезці дзіця ў царкву для хрышчэння, у хату бацькоў з’язджаліся і сходзіліся госці, каб адзначыць гэтую падзею. Наша царква знаходзілася ў вёсцы Мікасецк, што за шэсць кіламетраў  ад Качаноў.

Зіма выдалася ў той год халоднай, снежнай і непрыветлівай. Кум і кума, а гэта дзядзька Пётра і цётка Ганна, пасля першай часткі застолля едуць у царкву, узяўшы, напэўна, добрую чарку. У мамы перад тым была праблема, якое даць імя сыну. Звыклыя вясковыя імёны Мікіта, Іван, Лявон, Міхал ёй не падабаліся, хацелася даць першынцу незвычайнае імя, каб такога не было ва ўсёй акрузе. З нейкай кніжкі яна вычытала імя Генадзь, тады не распаўсюджанае ў вёсках, і вырашыла так мяне назваць.

Ехаць да царквы было далекавата, імя дзіцяці павінны былі даць па тым часе даволі рэдкае і цяжка запамінальнае, а запісаць яго не дадумаліся, ды можа, і не было на чым. І трэба ж было такому надарыцца, што кум і кума за дарогу яго забылі, аб чым паведамілі мікасецкаму бацюшку. Што ж рабіць? Зіма, на дварэ мяцеліца, кругом усё завеяна снегам, стаіць вялікі мароз; а тут немаўля і дарога не блізкая, каб яшчэ раз з’ездзіць і перапытаць. Сапраўды, як дрэнна, што ў тыя часы не было тэлефоннай сувязі, дзякуючы якой можна было б пазбегнуць памылкі!

Айцец Пятро Пароменскі супакоіў разгубленых дзядзьку і цётку, сказаўшы, што выйсце ёсць: сённяшні дзень, 14 студзеня, па царкоўным календары з’яўляецца днём святога Васіля Вялікага. І прапанаваў даць хлопчыку імя Васіль. Дзядзька Пётра і цётка Ганна згадзіліся:

— А што, неблагое імя, не горшае за іншыя…

***

МАЦІ, Ніна Васільеўна, па-дзявочаму Жогла, нарадзілася ў вёсцы Плаксы Пастаўскага раёна, што зусім недалёка ад Агароднікаў, радзімы выдатнага беларускага паэта Уладзіміра Дубоўкі. Натура ў яе была эмацыянальная, можна сказаць, паэтычная. Яна ўмела і любіла маляваць, нават марыла стаць мастачкай. Бацькі здолелі даць ёй нядрэнную па тым часе адукацыю: маці скончыла шэсць класаў польскай школы, а на большае магчымасцей у іх не хапіла. Любоў да малявання, да мастацтва, да ўсяго прыгожага захавалася ў мамы на ўсё жыццё. Ды колькі вольнага часу было ў сялянкі? Беспрасветнае жыццё, цяжкая праца з раніцы да ночы. А тут яшчэ дзеці, якіх было нямала. Аднак па святах, укроіўшы часіну-другую, яна брала каляровыя алоўкі і малявала — часцей за ўсё кветкі, якія вельмі любіла (два яе малюнкі ў мяне захаваліся). Мама і мяне змалку прыахвоціла да малявання, адкрыла мне вочы на прыгожае. Упэўнены, каб не яна, то я б не захапіўся з дзяцінства гэтым заняткам і, напэўна, зусім іначай склаўся б мой жыццёвы лёс. Мама вучыла мяне, як намаляваць птушачку, кветачку, пянёк, дрэўца і г.д. Вядома ж, адразу ў мяне нічога не атрымоўвалася, я ў роспачы плакаў, бо здавалася, што так прыгожа маляваць, як мама, ніколі не навучуся. Але паколькі з маленства я быў чалавекам упартым, то з’явіліся зрухі ў навучанні, і паступова я стаў маляваць розныя прадметы, а потым і капіраваць з рэпрадукцый, якія траплялі ў рукі.

***

БАЦЬКА мой, Пётр Канстанцінавіч, па-вясковаму Пятрусь, быў прадстаўніком знакамітага роду Шаранговічаў, каваль, майстар «залатыя рукі», як яго называлі ў нашай акрузе. Ён закончыў чатырохкласную царкоўнапрыходскую школу, вучыўся рамяству каваля, сталяра і слесара ў рэальнічай школе, аб чым меў дыплом, атрыманы ў Вільні. Дыплом быў вельмі прыгожы, але, на вялікі жаль, не захаваўся…

Бацька быў неардынарным чалавекам, улюбёным у сваю справу. Прырода надзяліла яго немалой фізічнай сілай, магутнымі рукамі і жалезным здароўем. Дастаткова сказаць, што ён мог у кузні вялікае стальное кавадла падняць перад сабою і перанесці, у той час як ніхто не мог нават зрушыць яго з дубовай калоды, на якой яно стаяла. Прапрацаваўшы 56 гадоў кавалём і пражыўшы на гэтым свеце амаль стагоддзе (95 гадоў), ён ніводнага разу не хварэў сур’ёзнай хваробай, акрамя прастуды ад скразняку, дый тое было выключна рэдка. Яму вельмі хацелася перажыць сваю старэйшую сястру Ганулю, якая памерла ў 97 гадоў, і дажыць да ста. Але гэта, на жаль, яму не ўдалося.

Маці яго называла чалавекам з жалезнымі нервамі і каменным сэрцам. Ён быў па-сапраўднаму бясстрашны і рашучы. Напэўна, каб у яго пад самым вухам стрэліла гармата або пад нагою ўзарвалася міна, ён бы не ўздрыгнуў і вокам не міргнуў. Прайшоўшы дзве вайны з немцамі, — адну на польскім баку ў 1939 годзе, а таксама Вялікую Айчынную, ён ні разу не быў паранены. Ад яго палка ў час вайны палякаў з немцамі засталося жывымі толькі шэсць чалавек, сярод якіх быў і мой бацька, прытым без ніводнай драпіны. Напэўна, смелых, адчайных людзей і куля не бярэ…

Я ўжо згадваў, што бацька быў сапраўды адмысловым рамеснікам. Цяжка пералічыць, што ён умеў рабіць. Не мог ён толькі шыць адзенне. Усе кавальскія вырабы: сякеры і нажы, сярпы і плугі, замкі, завесы і клямкі і шмат чаго іншага — рабілася для ўсёй акругі. Яго сякерамі і нажамі можна было галіцца, так добра яны былі загартаваныя. А што такое дрэнна падкаваны конь. Гэта ўжо інвалід і не жылец. Бацька рабіў адмысловыя падковы і цвікі да іх, не было выпадку, каб конь у каго-небудзь закульгаў. Сталярныя работы ішлі асобна, хаця зрабіць падводу, брычку ці вазок — гэта і сталярныя, і цяслярныя, і кавальскія работы. За польскім часам бацька рабіў вазкі і брычкі з інкруставанымі па маміных малюнках задкамі, пакрытымі палітурай бацькавага рэцэпту. Вазкі і брычкі рабіліся для паноў і «духоўнікаў» (так бацька называў служыцеляў царквы). Для інкрустацыі выкарыстоўваліся мясцовыя пароды дрэва — бяроза-чаротка, дуб, ясень, клён. Дома ўсе ложкі, дзіцячая калыска былі таксама з інкруставанымі бакавінамі па маміных малюнках. З дзяцінства помніцца, як, прачнуўшыся, першае, што бачыш, — лятучыя птушкі на бакавіне свайго ложка.

Ён мог вырабіць аўчыну, скуру, пашыць чаравікі альбо боты, сплесці лапці і зваляць валёнкі. А якую выдатную самагонку ён рабіў на самім жа зробленым самагонным апараце, якім карысталася ўся акруга!..

Бацька, за што ні браўся, не мог нічога рабіць дрэнна. Ён заўсёды казаў дзецям, што чым рабіць дрэнна, лепей нічога не рабіць. Я з маленства яму дапамагаў у кузні і заўсёды здзіўляўся яго вялікай сіле. Яго кулакі ўражвалі — гэта былі не кулакі, а молаты. Трэба адзначыць, што сваім кулаком за ўсё жыццё ён нікога ні разу не ўдарыў, хаця, напэўна, мог бы адным ударам зваліць любога чалавека з ног, а то і яшчэ горш. Ён быў сапраўдным узорам талерантнасці беларуса.

Прайшоўшы цяжкі жыццёвы шлях, многія выпрабаванні, бацька не страціў своеасаблівага гумару і філасофскага падыходу да жыцця. Да людзей ставіўся паважліва, яго таксама ўсе паважалі, але ацэнкі даваў ён вострыя і трапныя. Пра дрэннага чалавека гаварыў: «несмачны чалавек». І гэтым усё сказана, як вырублена сякерай…

З дзяцінства помню, што бацька з маці, а па праўдзе, маці з бацькам, часта сварыліся. Вось тое ці гэта не зроблена па гаспадарцы, не дагледжана, плот не пастаўлены, дрэвы несвоечасова пасаджаны і гэтак далей. Сапраўды, уласная гаспадарка бацьку мала цікавіла, яго цікавіла кузня. Ён быў чалавекам грамадства. Маці не раз папікала, што яму лепей бы працаваць не ў вёсцы, а на заводзе, каб не было сваёй гаспадаркі.

Гэтым мама часта дапякала бацьку. Бывала, ён сядзіць за сталом, чорны ад кавальскай працы (мыцца не надта любіў), абедае, а маці насядае, што трэба было дома зрабіць тое, гэтае, а ён не зрабіў. Бацька слухае, слухае, маўчыць, а потым гаворыць: «Неяк будзе», — і ідзе ў кузню.

Іншым разам маці таксама папракае бацьку за яго абыякавасць да гаспадаркі, хоць, урэшце, ён на ёй многае і рабіў, а бацька кідае маці: «Жыццё пакажа», — і накіроўваецца ў кузню…

Агрубелыя, натруджаныя рукі бацькоў, прасечаныя сінімі жыламі, набухшымі венамі, з патрэсканымі, скручанымі пальцамі, заўсёды нагадвалі мне ўзаранае поле…

(Працяг будзе.)

←На пьедестале не вал, а экономика намолотов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика