Эмісійных грошай не будзе, беларускіх талераў — таксама. Дэнамінацыя магчыма, але не раней як праз год
Вольга Новік, г. Мінск:
— Спадарыня Ермакова, да вас ёсць некалькі вострых пытанняў. Зараз у нас заробкі налічваюцца ў мільёнах. Мабыць, для дзяржавы, ды і для людзей, "весці" разлікі такімі буйнымі сумамі не зусім зручна. Ці плануецца ў сувязі з гэтым правесці дэнамінацыю? Я недзе чула, што ўжо раней была надрукавана новая беларуская валюта — талеры. Гэта сапраўды так? Ці не пацерпяць ад дэнамінацыі звычайныя людзі?
Надзея Ермакова:
— Адразу аб талерах. Такой надрукаванай валюты ў нас няма, ды і не было ніколі. Гэта звычайныя чуткі.
Што датычыць дэнамінацыі, то, на мой погляд, у сярэдзіне наступнага года мы можам пачынаць разглядаць гэтае пытанне. Чаму толькі ў наступным годзе, а не зараз? Сапраўды, даходы насельніцтва растуць, цэны таксама павялічваюцца. Нярэдка нам прыходзіцца мець справу з лічбамі, якія ўтрымліваюць шмат нулёў. Аднак, усе гэтыя нулі пакуль укладваюцца ў камп'ютары і калькулятары, а грашовыя купюры — змяшчаюцца ў нашы кашалькі. Але самае галоўнае, што для правядзення дэнамінацыі неабходны адпаведныя эканамічныя ўмовы, перш за ўсё — нізкі ўзровень інфляцыі. Таму сённяшняя сітуацыя ў эканоміцы, на фінансавым і валютным рынках пакуль не дазваляе нам весці размову аб хуткай дэнамінацыі.
Што датычыць наступстваў дэнамінацыі, то ад яе ніхто не павінен пацярпець, паколькі гэта працэс, хутчэй, тэхнічны, звязаны са звычайным "адкідваннем" нулёў. Таму ў любым выпадку баяцца дэнамінацыі не трэба. Тым больш, паўтаруся, сёння гэтае пытанне пакуль не актуальнае.
Іван Галоўскі, г. Маладзечна:
— Надзея Андрэеўна, апошнім часам шмат чаго гаварылася аб стварэнні Саюзнай дзяржавы разам з Расіяй, аб Адзінай эканамічнай прасторы і гэтак далей. А ці будзе ўведзена адзіная валюта? Калі гэта можа адбыцца і што гэта будзе за валюта? Ці не згубіць наша краіна ў сувязі з гэтым сваю незалежнасць?
Надзея Ермакова:
— Мы можам згубіць незалежнасць, калі перададзім свой эмісійны цэнтр у Расійскую Федэрацыю. Аднак падобным чынам пытанне сёння не стаіць. Цяперашні этап развіцця Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі не прадугледжвае стварэння адзінага эмісійнага цэнтра. Далей жыццё пакажа, як будуць развівацца інтэграцыйныя працэсы.
І. Г.:
— Атрымліваецца, што сёння наш Саюз з Расіяй, лічы, у падвешаным стане?
Н. Е.:
— Не. Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі зараз — самы "прасунуты" і эфектыўны інтэграцыйны праект на постсавецкай прасторы. Тым не менш, наша міждзяржаўнае ўзаемадзеянне цяпер знаходзіцца на тым узроўні, які не прадугледжвае ўвядзенне адзінай грашовай адзінкі. Таму ў бліжэйшы час у кожнай краіны будзе свая валюта.
Таццяна Самсонава, г. Мінск:
— Мы з мужам здымаем кватэру ў сталіцы за долары. Днямі, калі набывалі долары ў абменніку (трэба было 250 USD), стаялі пэўны час у чарзе, бо людзі больш куплялі валюту, чым здавалі. Няўжо ў банкаў зноў існуюць цяжкасці з валютай?
Надзея Ермакова:
— Сапраўды, апошнім часам насельніцтва стала больш купляць замежнай валюты. Каб высветліць, на якія мэты яна набываецца, нашы спецыялісты ў мінулыя выхадныя зрабілі выбарачнае апытанне сярод пакупнікоў валюты. Дык вось, частка з іх, як і вы, набывалі долары для бягучых разлікаў. Хаця тут варта адзначыць, што ўсе, хто разлічваецца за здымную кватэру доларамі, робіць гэта нелегальна, бо ў дагаворы аб арэндзе прыватнага жылля замежная валюта фігураваць не можа.
Акрамя таго, апытанне паказала, што пэўная частка людзей купляе валюту і ад страху абясцэньвання ўласных зберажэнняў. Аднак хацелася б падкрэсліць, што сёння працэнтная стаўка па дэпазітах у беларускіх рублях значна вышэй, чым па валютных укладах. Гэта значыць, захоўваць зберажэнні ў нацыянальнай валюце больш выгадна, чым у замежнай. Асобныя грамадзяне хвалююцца, што пасля парламенцкіх выбараў наш рубель можа абясцэніцца. У Нацыянальнага банка такіх апасенняў няма, паколькі ні ў эканоміцы, ні ў фінансавай сферы няма аб'ектыўных прычын для рэзкага змянення сітуацыі. Таму да павышэння попыту на наяўную валюту мы ставімся спакойна — людзі маюць права самастойна распараджацца сваімі грашыма.
Т. С.:
— Ці можа Нацбанк прымусіць прыватныя банкі прадаваць больш валюты насельніцтву?
Н. Е.:
— А навошта іх прымушаць? Банкі самі зацікаўлены актыўна працаваць на гэтым рынку, бо на абменных аперацыях яны зарабляюць грошы. Калі недзе ў абменніку чарга, то можна звярнуцца ў другі. У Мінску банкаў і абменнікаў шмат. Валюты там хапае.
Наталля Мізэрнік, Брэсцкая вобласць:
— Надзея Андрэеўна, наша сям'я трапіла ў складанае фінансавае становішча, бо трэба плаціць шмат грошай па жыллёвым крэдыце. У сям'і трое дзетак, адзін з іх — інвалід. Так здарылася, што ў свой час мы набылі кватэру не па льготным крэдыце, таму па гэтай пазыцы трэба плаціць каля 1,7 млн рублёў у месяц. Ці ёсць нейкая магчымасць паменшыць для нашай сям'і ўзровень выплат па гэтым крэдыце?
Надзея Ермакова:
— Гэты крэдыт вы бралі ў Беларусбанку?
Н. М.:
— Так.
Н. Е.:
— Скажыце мне ваш хатні адрас, на каго быў выдадзены крэдыт, і пакіньце нумар кантактнага тэлефона. Нашы спецыялісты абавязкова звяжуцца з вамі, разбяруцца з сітуацыяй і паспрабуюць дапамагчы такім чынам, каб працэнтная стаўка па крэдыце стала меншай.
Ігар Лявошка, г. Брэст:
— Калі ў краіне рэальна можна будзе будаваць жыллё па іпатэцы? Жыву я адзін у маленькай кватэры ў доме 1970-х гадоў. Хачу пабудаваць новае і прасторнае жыллё. Ільготны крэдыт не дадуць, а камерцыйны "кусаецца"...
Надзея Ермакова:
— Напрыканцы жніўня гэтага года Прэзідэнт Беларусі падпісаў новы Жыллёвы кодэкс, які ўступіць у сілу праз шэсць месяцаў з моманту афіцыйнага апублікавання. Гэты дакумент стварае неабходныя прававыя асновы для выкарыстання ў нашай краіне механізмаў іпатэчнага крэдытавання. Калі іпатэка пачне працаваць, то пры вырашэнні жыллёвай праблемы ўжо не трэба будзе шукаць паручыцеляў ці абавязкова мець высокі ўласны даход. Дастаткова будзе пакінуць кватэру ў залог таму банку, у якім вы атрымалі іпатэчны крэдыт. Пры гэтым, зразумела, трэба быць гатовым "развітацца" з жыллём, калі запазычаныя грошы не будуць вяртацца своечасова.
І яшчэ адзін важны момант: не трэба чакаць, што працэнты па іпатэчных крэдытах будуць значна ніжэй, чым па звычайных крэдытах на будаўніцтва. Каб іпатэчныя грошы патаннелі, неабходна выкананне некалькіх умоў. Па-першае, павінен актыўна пачаць працаваць рынак каштоўных папер пад іпатэку, каб банкі атрымалі магчымасць перапрадаваць такія даўгі іншым фінансавым структурам.
Па-другое, трэба ўлічваць, што іпатэка — гэта той жа крэдыт, толькі на крыху іншых умовах. І кошт іпатэчных грошай можа знізіцца толькі разам са зніжэннем кошту крэдытных рэсурсаў у цэлым. А для гэтага неабходна, каб у нашай краіне канчаткова стабілізавалася эканамічная сітуацыя, каб нашы прадпрыемствы выраблялі больш якаснай прадукцыі і паспяхова рэалізоўвалі яе, перш за ўсё, за межы рэспублікі.
Сяргей Каржанеўскі г. Бабруйск:
— Якой будзе стаўка рэфінансавання ў апошніх лічбах снежня?
Надзея Ермакова:
— Чакаецца, што яна будзе не вышэй за 25—26 працэнтаў гадавых.
С. К.:
— А ніжэй яна не будзе?
Н. Е.:
— Не, не будзе. Стаўка рэфінансавання вызначаецца, зыходзячы з узроўню інфляцыі. Сённяшнія тэмпы росту цэн пакуль не дазваляюць нам разлічваць на больш значнае зніжэнне стаўкі рэфінансавання.
Алесь Шыбут, г. Гродна:
— Я чуў, што аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва скарачацца не будуць. Значыць чакаецца "росквіт" і льготнага крэдытавання? А для гэтага трэба шмат грошай. Ці не пачне таму Нацбанк друкаваць вялікую колькасць грошай, якія нічым не будуць забяспечаны? Гэта ж можа прывесці да новай хвалі гіперінфляцыі...
Надзея Ермакова:
— Нацыянальны банк не будзе друкаваць нічым не забяспечаных грошай — гэта забаронена на заканадаўчым узроўні. Мы спынілі выдзяленне "доўгіх" крэдытаў камерцыйным банкам. У гэтым проста няма неабходнасці. Наадварот, у асобных банкаў зараз ёсць залішняя ліквіднасць, і Нацбанк яе выводзіць з рынку. Сёлета мы ўжо знялі лішняй ліквіднасці ў аб'ёме каля 10 трлн рублёў. І гэта нармальная практыка ўсіх цэнтральных банкаў свету — такім чынам галоўныя банкі рэгулююць колькасць грошай, якая знаходзіцца ў абарачэнні. Калі будзе з'яўляцца неабходнасць падтрымаць той ці іншы банк грашыма на кароткі тэрмін, Нацбанк мае права гэта зрабіць. Але гэта будуць дарагія грошы, якія сёння каштуюць 50 працэнтаў гадавых.
Друкаваць эмісійныя грошы ні на якія дзяржаўныя праграмы Нацбанк таксама не будзе, у тым ліку і па жыллёвым будаўніцтве. Ільготнае крэдытаванне будаўніцтва будзе скарачацца, хаця агульны аб'ём узвядзення жылля не паменшыцца. Ёсць у людзей грошы для будаўніцтва. Дзяржава будзе фінансаваць толькі стварэнне інфраструктуры. У наступным годзе асаблівая ўвага будзе надавацца развіццю індывідуальнага будаўніцтва. Аднак і па гэтай лініі не прадугледжана дадатковага льготнага крэдытавання. Перавага будзе надавацца выкарыстанню ўласных сродкаў, а таксама камерцыйным крэдытам.
Ганна Саламаха, г. Мінск:
— Надзея Андрэеўна, я звяртаюся да вас па просьбе сваёй бабулі, якую турбуе магчымасць кампенсацыі "згарэлых" укладаў савецкага перыяду. У бабулі на кніжцы было больш за 4 тысячы рублёў...
Надзея Ермакова:
— Тут я вас не ўзрадую. Ні сёлета, ні ў 2013-м, ні ў 2014-м гадах кампенсацыі "савецкіх" укладаў не будзе. Кампенсацыя згубленых укладаў можа фінансавацца толькі з рэспубліканскага бюджэту, а не шляхам эмісійнага друкавання грошай. Пакуль наш бюджэт не прадугледжвае адпаведных выплат насельніцтву. Аднак пытанне з парадку дня не знята. Дзяржава не адмовілася ад ідэі кампенсацыі ўкладаў савецкіх часоў. Але для гэтага патрэбны адпаведныя фінансавыя рэсурсы, якія неабходна зарабіць у эканоміцы.
"Звязда":
— А з "рэчавымі аблігацыямі" будзе што-небудзь рабіцца?
Н. Е.:
— Сапраўды, пасля развалу Савецкага Саюза на руках у нашых грамадзян засталося нямала і так званых "рэчавых аблігацый", і страховак, якія таксама абясцэніліся. Аднак і ў гэтых выпадках размовы аб кампенсацыі пакуль не ідзе: проста няма такой магчымасці.
"Звязда":
— А што наконт "замарожаных" валютных укладаў, якія былі за мяжой?
Н. Е.:
— Гэта пытанне трэба вырашаць з банкам БелВЭБ (былы Белзнешэканамбанк). На ім "віселі" гэтыя даўгі.
Таццяна Шадзелка, г. Мінск:
— Наша шматдзетная сям'я будуе чатырохпакаёвую кватэру. Пад будаўніцтва жылля бралі льготны крэдыт і дадаткова камерцыйны крэдыт у мінулым годзе ў філіяле № 529 Беларусбанка. Крэдытная лінія за кошт рэсурсаў банка была дадзена нам пад 22 працэнты гадавых. Аднак будаўніцтва дома зацягваецца, а яго здача ў эксплуатацыю пераносіцца ўжо ў трэці раз. Кошт будаўніцтва павялічыўся, таму нам зноў неабходна афармляць дадатковы крэдыт за кошт рэсурсаў банка. Цяпер мы можам узяць такі крэдыт ужо пад 17 працэнтаў гадавых. Ці можа Беларусбанк знізіць працэнтную стаўку па першым камерцыйным крэдыце з 22 да 17 працэнтаў гадавых?
Надзея Ермакова:
— У выключным выпадку па індывідуальнай заяве банк можа змяніць працэнтную стаўку па раней выдадзеным крэдыце. Для гэтага вам неабходна звярнуцца з адпаведнай заявай да кіраўніка вашага аддзялення Беларусбанка. Калі вам там адмовяць, то звяртайцеся з пісьмовай заявай да старшыні праўлення Беларусбанка. Мы, са свайго боку, накіруем ваш электронны ліст у Беларусбанк з просьбай разгледзець гэтае пытанне станоўча. Запэўню вас, што Беларусбанк заўсёды па-чалавечы ставіўся да фінансавых праблем шматдзетных сем’яў.
Антон Снітко, г. Мінск:
— Надзея Андрэеўна, на якім узроўні плануецца ўтрымліваць інфляцыю ў 2013 годзе?
Надзея Ермакова:
— Гэтае пытанне неаднаразова разглядалася на розных узроўнях, у тым ліку на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. У падрыхтаваных рашэннях, якія будуць прымацца парламентам, у наступным годзе інфляцыя прапісана ў памеры 12 працэнтаў.
"Звязда":
— Надзея Андрэеўна, на нашу электронную рэдакцыйную пошту чытач "Звязды" Сяргей Таранда даслаў пытанне наконт укладаў у замежнай валюце. На яго думку, валютныя дэпазіты зусім не прывабныя. Так, у Аграпрамбанку даюць 5,5 працэнта, а ў Беларусбанку і ўвогуле — пад 4,5—5 працэнтаў гадавых.
Надзея Ермакова:
— Тут усё вельмі проста. Зараз банкаўскай сістэме фінансавыя рэсурсы ў валюце не патрэбны. Таму банкі пачалі зніжаць працэнтныя стаўкі. Сёння ў краіне валюты хапае. Часам банкі нават маюць пэўныя цяжкасці з рэалізацыяй "валютнага партфеля". Але ж, як вядома, банкі атрымліваюць даход, калі прадаюць грошы. Навошта ж ім прыцягваць ад насельніцтва "дарагую" валюту, якую потым рынак не зможа ў поўным аб'ёме ўспрыняць?
Алег Вітальевіч, г. Мінск:
— Паважаная Надзея Андрэеўна, мы плануем долевае будаўніцтва ў Мінску. Для гэтага два гады таму сталі ўдзельнікамі "Сістэмы будаўнічых зберажэнняў" ААБ "Беларусбанк" у беларускіх рублях. Банк 3 верасня 2012 года прыняў унутранае рашэнне выдаваць крэдыты ў межах гэтай праграмы, не улічваючы працэнт забудовы дома, а непасрэдна па графіку плацяжоў, які ўсталяваны па нашай дамове з забудоўшчыкам, што вельмі спрыяльна для нас. У сувязі з гэтым хачу задаць пытанне, ці будзе вышэйзгаданае рашэнне банка стабільным у доўгатэрміновай перспектыве і ці можам мы быць упэўненыя, што грошы будуць пералічвацца забудоўшчыку без затрымак да канца аплаты кошту жылля пасля заключэння крэдытнай дамовы з банкам?
Надзея Ермакова:
— Нацбанк не можа адказваць за тыя ці іншыя ўнутраныя рашэнні банкаў. Аднак адзначу, што Беларусбанк пры ажыццяўленні тых ці іншых змяненняў па ўмовах крэдытавання заўсёды рабіў гэта толькі на карысць удзельнікаў сістэмы будзберажэнняў. Упэўнена, так будзе і далей.
Вольга Кудзіна, г. Мінск:
— Добры дзень, Надзея Андрэеўна! У мяне да вас такое пытанне. Я трымаю свае зберажэнні ў Беларусбанку ў валюце. Некалькі дзён таму працэнтныя стаўкі па такіх дэпазітах былі зменшаны да 4,5%. Атрымліваецца, што выгадна трымаць грошы ў беларускіх рублях. Мабыць, Нацбанк плануе і па рублёвых укладах таксама зніжаць працэнтныя стаўкі?
Надзея Ермакова:
— Нацыянальны банк стаўкі па ўкладах не змяншае. Ён толькі рэгулюе стаўку рэфінансавання. Сёння яна складае 30%. Гэта арыенцір банкам для ўстанаўлення ставак па дэпазітах і крэдытах у беларускіх рублях. Відавочна, што зараз больш выгадна трымаць уклады ў нацыянальнай валюце — 30% значна больш, чым 4,5%. Што да зніжэння ставак па валютных укладах, то Беларусбанк і іншыя банкі ідуць на гэта таму, што ім сёння не патрабуюцца валютныя рэсурсы. Вось яны і робяць валютныя дэпазіты непрыцягальнымі.
"Звязда":
— Дык стаўкі па рублёвых дэпазітах зніжацца не будуць?
Н. Е.:
— Гэта вырашаюць самі банкі. Але арыенцір для іх — стаўка рэфінансавання.
"Звязда":
— Значыць, менш яны не могуць зрабіць?
Н. Е.:
— Могуць. Ёсць асобныя банкі, якія ўвогуле знізілі стаўку па беларускіх укладах да 24%, каб людзі іх не неслі. Значыць цяпер гэтым банкам не патрэбны дадатковыя рэсурсы ў беларускіх рублях.
"Звязда":
— А каму трэба больш грошай, тыя трымаюць вялікія стаўкі?
Н. Е.:
— Зразумела, гэта ж рынак. Банкі самі ўсё рэгулююць. Напрыклад, Беларусбанку патрэбны большы аб'ём рублёвых рэсурсаў — на тое ж крэдытаванне жыллёвага будаўніцтва, у тым ліку льготнага. Таму ён і стаўку па ўкладах трымае.
"Звязда":
— А тое, што Беларусбанк прапануе зараз датэрміновае пагашэнне па раней узятых крэдытах, таксама звязана з патрэбай у рэсурсах?
Н. Е.:
— Так. Справа ў тым, што раней выдадзеныя крэдыты — больш танныя, яны выдзяляліся пад меншы працэнт. Таму зараз банк зацікаўлены вярнуць гэтыя грошы, каб потым зноў "аддаць іх у працу" пад больш высокія працэнты, зарабіць на гэтым прыбытак і накіраваць яго, у тым ліку, на далейшае развіццё свайго бізнэсу — пашырэнне колькасці аказваемых насельніцтву банкаўскіх паслуг, павышэнне іх якасці.
Сяргей, г. Мінск:
— Добры дзень, Надзея Андрэеўна! Апошнім часам наша краіна брала шмат крэдытаў за мяжой. Я чытаў, што ўжо ў найбліжэйшы час нам трэба выплачваць буйныя сумы — мільярды долараў. А як гэта можа адбіцца на кішэні простага беларуса?
Надзея Ермакова:
— На кішэню простага беларуса гэта ніяк не паўплывае. У нас ёсць чым аддаць даўгі. І ў гэтым, і ў наступным годзе. Таму адносна гэтага можаце быць спакойны.
С.:
— Але гавораць жа аб тым, што зарплата павінна расці...
Н. Е.:
— Ваша зарплата (калі вы працуеце ў бюджэтнай сферы) расце толькі праз тыя падаткі, якія заплацілі ў бюджэт прадпрыемствы і насельніцтва. А вялікія паступленні ў бюджэт могуць быць толькі тады, калі будуць добра працаваць прадпрыемствы і напрацоўваць больш прыбытку. Тыя грамадзяне, якія працуюць на вытворчасці, могуць атрымаць зарплату толькі з той выручкі, якая атрымалася ад продажу прадукцыі. Калі не напрацавалі столькі выручкі, каб зарплату павысіць, то яе і не змогуць павысіць. Усё звязана з вытворчасцю. Зарплата звязана з вытворчасцю, а не з вяртаннем даўгоў. Таму не хвалюйцеся. І Нацбанк, і ўрад свае даўгі змогуць аддаць.
Марына, г. Мінск:
— Добры дзень! У мяне пытанне, якое, напэўна, ужо ўсіх турбуе. Хацелася б ведаць, ці будзе ў нас дэвальвацыя ў найбліжэйшы час. Ужо ж некалькі разоў казалі аб зарплаце ў 500 долараў. І ўсе ведаюць, чым гэта скончылася. Зараз гэтыя абяцанні ўзнавіліся.
Надзея Ермакова:
— Па-першае, зарплату ў 500 долараў ніхто не абяцае. Прэзідэнтам пастаўлена задача перад урадам і кіраўнікамі прадпрыемстваў забяспечыць магчымасць зарабіць такую зарплату. Даць яе проста так ніхто не абяцае. Таму ніхто незаробленую зарплату нікому не дасць. І дэвальвацыі не будзе таксама. Мы летась зрабілі вельмі сур'ёзную дэвальвацыю. Перадумоў, каб рабіць такі крок яшчэ зараз, няма. Інфляцыя за восем месяцаў гэтага года складае 14,6%. Увогуле на 2012 год прагназуецца інфляцыя не вышэй за 22%. Таму няма ніякай неабходнасці рабіць дэвальвацыю. На 2013 год інфляцыя прагназуецца на ўзроўні 12%. Зноў-такі не будзе патрэбы ў дэвальвацыі. А заробак у 500 долараў — гэта патрабаванне да ўрада, да кіраўнікоў прадпрыемстваў, каб у людзей была магчымасць такую зарплату зарабіць.
Таццяна Георгіеўна, г. Лепель:
— Я жыву ў Лепелі. Наколькі Вы ведаеце, гэта невялікі гарадок. Атрымліваю зарплату, як і амаль усе, на картку Беларусбанка. Але не ва ўсіх крамах, службах і гэтак далей можна расплаціцца карткай. Калі сістэма безнаяўных плацяжоў будзе ўкаранёна ва ўсіх сферах?
Надзея Ермакова:
— Зараз Нацыянальны банк разам з Міністэрствам гандлю і спажыўкааперацыяй праводзіць работу над тым, каб тэрмінальнае абсталяванне было паўсюдна. Калі ў Лепелі не паўсюль ёсць такая інфраструктура, то я спецыяльна звярну на гэта ўвагу мясцовых улад. Тэрміналы павінны быць паўсюль, дзе ёсць тэлефонная сувязь.
Т. Г.:
— Дзякуй. Будзем на тое спадзявацца.
"Звязда":
— Няўжо неўзабаве прыйдзе той час, калі можна будзе абсалютна ў любым месцы расплаціцца карткай?
Н. Е.:
— Безумоўна, прыйдзе. Нашы людзі павінны мець магчымасць разлічыцца банкаўскай карткай не толькі ў краме, але і на рынку, і ў таксі. Дарэчы, ў Мінску ўжо ёсць таксісты, якія працуюць з тэрміналамі. Але іх пакуль — адзінкі.
Менавіта таму Нацыянальным банкам сумесна з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі распрацаваны праект Дзяржаўнай праграмы развіцця сістэмы безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем пластыкавых картак, электронных грошай, тэхналогій дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання і іншых сучасных плацежных інструментаў. Калі гэтая праграма будзе прынята, патрабаванне аб паўсюднай наяўнасці плацежных тэрміналаў стане абавязковым, будзе ўзаконена. Адначасова неабходна будзе ўнесці змены ў Закон аб абароне правоў спажыўцоў, каб даць чалавеку магчымасць прад'явіць законныя прэтэнзіі ў выпадку адсутнасці адпаведнага абсталявання там, дзе яно павінна быць.
Зараз праект праграмы развіцця сістэмы безнаяўных разлікаў вынесены на грамадскае абмеркаванне на сайце Нацыянальнага банка, і мы абавязкова ўлічым усе практычныя заўвагі і прапановы, якія паступяць ад нашых грамадзян, пры дапрацоўцы гэтага дакумента.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ,
Сяргей КУРКАЧ.