Сяргей Каваленка: «Я папрасіў, каб Папа Рымскі памаліўся за Беларусь»

Апостальскі нунцый наведаў у беларускіх турмах палітзняволеных.
На сайце радыё Ватыкана з’явілася паведамленне:
«На знак павагі да ўніверсальнага маральнага аўтарытэту Святога Айца і гуманітарных намаганняў Святога Пасаду, у рамках двухбаковых дыпламатычных адносін, папскаму прадстаўніку ў Мінску, арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроці, было дазволена наведаць некаторых зняволеных у турмах Беларусі. Гаворка ідзе пра Каваленку, Сырамолатава, Статкевіча, Бяляцкага, Дашкевіча, Лобава і Севярынца. Апостальскі нунцый сустрэўся з кожным з гэтых зняволеных у месцах пазбаўлення волі, даведаўся пра іхны стан і выслухаў іх. Ён перадаў ім малітвы Святога Айца і каталікоў за іх і іх сем’і».
- Так, у калонію прыехаў прадстаўнік Папы Рымскага, перадаў мне ад яго прывітанне, - распавёў Сяргей Каваленка, якога ўчора вызвалілі. – Адбылася вельмі пазітыўная размова. Даведаўся, што прадстаўнік Каталіцкай царквы наведаў і іншых палітзняволеных. Я ж папрасіў, каб Папа памаліўся за Беларусь. Пасля гэтага візіту мяне амаль адразу ж вызвалілі. Прыбеглі, сказалі, што з Мінска ім даслалі ксеракопію дакумента аб вызваленні. І адфутболілі на волю…