Пракладваем інтэрнэт-масты ў Польшчу
Польшча. Варшава.
Ліцэй горада Дуброва (Дамброва-Беластоцка) сустрэў на польскай зямлі беларускіх настаўнікаў і вучняў з маладзечанскай гімназіі №3.Ад 3 да 6 верасня гімназісты старэйшых класаў і іх настаўнікі пагасцявалі ў польскім ліцэі. Як распавёў дырэктар гімназіі №3 Віталь Крупянькоў, у падарунак польскім калегам прывезлі мастацкую літаратуру на рускай і беларускай мовах. А палякі падарылі сервіз.
Жылі вучні і настаўнікі не ў сем’ях, як заўсёды, а ў інтэрнаце. У Дуброўскім ліцэі якраз адзначалі традыцыйнае свята прысвячэння ў ліцэісты. Свята праходзіла на вуліцы каля ліцэя. У Дуброўскім ліцэі вучні абавязкова павінны вучыць рускую мову. А ў гімназіі №3 існуе гурток польскай мовы. Таму ліцэісты добра разумеюць маладзечанцаў.
На працягу мінулага навучальнага года гімназія праводзіла інтэрнэт-масты. Прыкладна раз на два месяцы гімназісты і настаўнікі збіраліся ў кабінеце інфарматыкі і размаўлялі з палякамі па скайпе.
Паводле слоў вучаніцы 11 класа Паліны Мацко, якая таксама ездзіла ў Польшчу, у іх была экскурсія па горадзе. Пабачылі шмат помнікаў, касцёл, з’ездзілі ў запаведнік, паглядзелі на звяроў і векавыя дрэвы. Праводзілі спартыўную эстафету беларусы-палякі. Пабывалі на беларуска-польскай мяжы.
У развітальны вечар спачатку адбыўся канцэрт, а потым пачалася дыскатэка. Палякі прадэманстравалі свае выступленні, а беларусы паказалі свае нумары..
– Польскія хлопцы больш выхаваныя, чым беларускія, – адзначае Паліна. – Яны заўсёды падзякуюць за танец. І яшчэ здзівіла, што на дыскатэцы яны танцуюць парамі, а не паасобку.
Тры гады таму агульнаадукацыйны ліцэй аб'яднання школ імя генерала Суліка ў Дуброве і гімназія №3 горада Маладзечна заключылі дагавор. Яго мэты – сумясціць вучобу, вывучэнне мясцовых традыцый і выдатны адпачынак з пазнавальнымі экскурсіямі. У вучняў з Дубровы ёсць магчымасць пазнаёміцца з умовамі жыцця сваіх аднагодкаў, а маладзечанцам – у іх. Для настаўнікаў гэта сяброўства дае магчымасць абмяняцца вопытам у сферы выхавання і адукацыі паміж дзвюма школамі.
Вольга ЮРКЕВІЧ.
Фота Настассі РОЎДЫ.
Чытайце на гэтую ж тэму:
Нашы школьнікі наведваюць Польшчу і Германію
Нямецкая гімназія выбірае стыпендыята
Што здзівіла вас у Маладзечне?