Яшчэ адзін крок да СГА

Источник материала:  

Аб развіцці перагаворнага працэсу па ўступленні Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА) размова ішла на прэс-канферэнцыі намесніка міністра замежных спраў Аляксандра Гур'янава.

Яшчэ адзін крок да СГАУ лістападзе адбудзецца чарговае пасяджэнне рабочай групы ў Беларусі, на якім будзе разгледжаны даклад аб гатоўнасці нашай краіны ўзяць на сабе пэўныя абавязацельствы перад арганізацыяй, аб ступені выканання намі ранейшых заўваг, парад і рэкамендацый. Аляксандр Гур'янаў сказаў, што адчуваецца пазітыў з боку рабочай групы і сакратарыята СГА, дыялог з імі вядзецца амаль у штодзённым рэжыме, таксама ёсць падтрымка Расійскай Федэрацыі як новага члена гэтай арганізацыі. Усё гэта дае падставы спадзявацца на станоўчыя вынікі пасяджэння рабочай групы па Беларусі.

Нагадаем: шлях у СГА звычайна займае не адзін год, а нярэдка не адно дзесяцігоддзе. Незалежная Беларусь падала заяўку ў арганізацыю яшчэ ў 1993 годзе. На адным этапе перагаворнага працэсу краіны Мытнага саюза: Беларусь, Расія і Казахстан захацелі разам уступіць у СГА. Былі на гэта сур'ёзныя падставы. Не атрымалася. Узніклі ў прадстаўнікоў арганізацыі заканамерныя пытанні, і ад гэтай ідэі давялося, на жаль, адмовіцца. Першай з "тройкі", як вядома, уступіла ў СГА Расія. Цяпер на чарзе Беларусь і Казахстан. Хто раней? Кажуць, што Казахстан, хоць ніхто вам гэтага ўпэўнена не скажа — могуць узнікнуць розныя прычыны, якія запаволяць працэс.

Далучэнне да СГА мае свае плюсы і свае мінусы. Але плюсоў больш, а таму сёння членамі гэтай арганізацыі з'яўляюцца 156 дзяржаў. Увесь свет ідзе па шляху лібералізацыі гандлю. Кожная краіна, якая падпісала пакет дамоўленасцяў з СГА, атрымлівае больш ліберальны доступ сваіх тавараў на іншыя замежныя рынкі. Але адначасова краіна-навічок адкрывае і сябе для замежных вытворцаў-канкурэнтаў. З аднаго боку, гэта і няблага, лічыць Аляксандр Гур'янаў. Нашы прадпрыемствы атрымаюць новы магутны імпульс для павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі, укаранення новых тэхналогій. Не абыдзецца і без закрыцця састарэлых вытворчасцяў, адмовы ад выпуску тавараў, якія не маюць перспектывы на хуткую рэалізацыю.

Былі пытанні да Аляксандра Гур'янава і аб верагодных наступствах для Беларусі пасля ўступлення Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Сёння нямала розных, часам супрацьлеглых заяў і меркаванняў на гэту тэму эканамістаў, палітолагаў, аналітыкаў. І кожны лічыць сваім абавязкам убачыць негатыўныя наступствы ўступлення Расіі ў арганізацыю. Па словах намесніка міністра, сёлетняе членства Расіі ў СГА, а таксама верагоднае далучэнне да яе Казахстана (у лепшым выпадку прыкладна ў наступным годзе) нашай краіне пойдзе толькі на карысць. Бо яны — нашы саюзнікі па Адзінай эканамічнай прасторы, зацікаўленыя гандляваць з Беларуссю па нормах і правілах Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Леанід Лахманенка.

←Перспективы развития геодезии и картографии СНГ обсудят 27-28 сентября на конгрессе в Минске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика