Восеньская песня
Гон у высакароднага аленя прыпадае на верасень. Самы актыўны перыяд гону праходзіць якраз у сярэдзіне месяца, з невялікімі адхіленнямі па часе ў залежнасці ад месца пражывання гэтых грацыёзных і надзіва хутканогіх жывёл. І там, дзе алень выбраў для сябе куток, лес літаральна гудзе ад яго рыкаў і стогнаў.
Узрываецца цішыня ад трубных аленевых галасоў і ў лясным кутку за вёскай Брынёў Петрыкаўскага раёна. Тут у спецыяльным вальеры знаходзіцца каля паўтысячы жывёл, завезеных некалі з лепшых аленегадоўчых гаспадарак Венгрыі, Польшчы і з недалёкай Белавежскай пушчы.
У гэты час алені-самцы не надта асцярожныя, і да іх, улічваючы ўмовы надвор'я, зусім не цяжка падкрасціся. Асабліва, калі ўладальнікі шыкоўных рагоў яшчэ адзінокія і не паспелі абкружыць сябе "гарэмам". Іх увага сканцэнтравана цяпер на супрацьлеглым поле і на пошуках сапернікаў, у якіх гэты пол трэба яшчэ адваяваць. Жорсткія бойкі паміж аленямі ў разгар гону можна назіраць і ўдзень, хоць найбольш актыўнае жыццё ў жывёльным свеце прыпадае на цёмны час сутак.
Назіраючы за паводзінамі рагачоў у гэты пікантны для іх час, так і карціць сказаць: "Ах, якія кавалеры!". Для прывабнага знешняга выгляду яны абавязкова выкочваюцца ў чорнай гразі і губляюць свой звыклы руды "гарнітур". У гэты час ад самцоў ідзе спецыфічны пах, які для аленіх з'яўляецца найпрывабнейшым "мужчынскім парфумам". І, нарэшце, голас: чым ён больш нізкі і грубы, тым больш грозным сапернікам уяўляецца ён для іншых, гэткіх жа "кавалераў".
Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.