Як рэкеціры валютнага мільянера даганялі
Гэтая крымінальная гісторыя насамрэч можа стаць нагодай для напісання сцэнарыя: зладзеі паспрабавалі адабраць больш за 1 мільён 890 тысяч долараў і каля 320 тысяч еўра ў падпольнага валютнага мільянера. Апошні, дарэчы, паспрабаваў правесці гэтыя грошы з Украіны ў Маскву праз Беларусь. Але пра гэта стала вядома рэкецірам (усе яны — грамадзяне Расіі). У выніку вялікая колькасць валюты папоўніла бюджэт Беларусі.
— Адзін з трох зладзеяў, якія паспрабавалі на тэрыторыі Беларусі завалодаць вялізнай сумай валюты, спецыяліст па алмазным бурэнні. Яму і яшчэ двум расіянам стала вядома, што багаты чалавек вязе ў Маскву вялікую колькасць валюты. Адкуль у яго такое багацце — справа іншая. На сваім аўто зламыснікі "падселі на хвост" аўтамабіля патэнцыяльнай ахвяры яшчэ на тэрыторыі Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, — расказвае Іван Каралёў, пракурор аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах пракуратуры Віцебскай вобласці. — Пры сабе яны мелі цэлы арсенал зброі: пісталет "ТТ", выраблены ў 1930-я гады, нож, металічную дубінку і гэтак далей.
На хуткасці каля 200 кіламетраў у гадзіну машыны перавозчыка валюты і рэкеціраў літаральна "ўляцелі" ў Аршанскі раён. Падчас язды аўто сутыкнуўся, два зламыснікі загінулі.
Яшчэ падчас пагоні пацярпелы патэлефанаваў у міліцыю. На месцы аварыі міліцыянеры і знайшлі ў тайніку аўто валюту.
Па прыгаворы суда адзін са зламыснікаў, які застаўся ў жывых, быў пазбаўлены волі тэрмінам на 8 гадоў 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыяй маёмасці. Незаконную валюту таксама канфіскавалі.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.