Як будуць мяняцца тарыфы на электраэнергію для насельніцтва?

Источник материала:  

Укараненне дыферэнцыяванай аплаты адбудзецца не раней, чым з першых дзён 2013 года

Прапануюцца два варыянты

Спачатку трэба адзначыць, што за апошні час больш чым у 4 разы павялічыліся цэны на паліўна-энергетычныя рэсурсы для арганізацый, якія аказваюць жыллёва-камунальныя паслугі насельніцтву. Разам з тым, тарыфы на гэтыя паслугі за некалькі апошніх гадоў павялічваліся толькі ледзь-ледзь. Гэта тлумачыцца сацыяльна арыентаванай палітыкай дзяржавы.

Як паведамілі рэдакцыі ў Міністэрстве энергетыкі РБ, згодна з існуючымі тарыфамі на электраэнергію (290 руб./кВт.гадз.) насельніцтва зараз кампенсуе нават менш за 35% затрат адпаведных арганізацый на яе вытворчасць і дастаўку спажыўцу. За год страты энергетыкаў па аказанні такой паслугі насельніцтву складаюць каля 500 млн долараў.

Як будуць мяняцца тарыфы на электраэнергію для насельніцтва?

Для ліквідавання такіх цэнавых дыспрапорцый былі распрацаваны і прапануюцца да грамадскага абмеркавання два варыянты фарміравання дзяржаўнай тарыфнай палітыкі ў галіне электразабеспячэння насельніцтва. Па кожным з варыянтаў прагназуецца да 2015 года павялічваць тарыфы на электраэнергію да таго ўзроўню, які будзе адпавядаць поўнаму пакрыццю эканамічна абгрунтаваных затрат на аказанне такіх паслуг.

У чым сутнасць гэтых варыянтаў, растлумачыў намеснік начальніка ўпраўлення эканамічнага аналізу і прагназавання галоўнага эканамічнага ўпраўлення Міністэрства энергетыкі Беларусі Канстанцін Аношанка.

Першы варыянт тычыцца ўкаранення дыферэнцыяванай аплаты насельніцтвам паслуг электразабеспячэння ў залежнасці ад аб'ёмаў спажывання. Гэты механізм аплаты прапануецца ажыццяўляць разам з паэтапным павялічэннем узроўню "базавага" тарыфу на электраэнергію ў звязцы з тэмпамі росту заробкаў і іншых даходаў насельніцтва. Распрацоўшчыкамі былі вызначаны льготныя аб'ёмы спажывання электраэнергіі на сям'ю ў залежнасці ад колькасці зарэгістраваных у жылым памяшканні чалавек, ад сезона і пліты (электрычная ці газавая). Такія льготныя аб'ёмы электраэнергіі будуць аплачвацца па "базавым" тарыфе. Так, па стане на 1 верасня базавы тарыф для памяшканняў з электраплітой складае 250,6 руб. за 1 кВт.г, з газавай плітой — 295 руб. за 1 кВт.г.

Прапанаваныя льготныя аб'ёмы электраспажывання

Электраэнергію звыш такіх ільготных аб'ёмаў прапануецца аплачваць па больш высокім тарыфе, які на 1 верасня складае 595 руб./кВт.г. Прагназуецца, што да 2015 года вялікі тарыф будзе цалкам пакрываць эканамічна абгрунтаваныя затраты на аказанне паслуг электразабеспячэння. Мяркуецца, што па больш высокім тарыфе будзе аплачвацца электраэнергія і ў жылых памяшканнях, дзе адсутнічаюць зарэгістраваныя грамадзяне.

Як хутка пачне дзейнічаць механізм дыферэнцыяванай аплаты за электрычнасць?

Эксперты Мінэнерга падлічылі, што па гэтым варыянце неабходна ажыццявіць маштабны збор інфармацыі аб колькасці зарэгістраваных у жылых дамах (кватэрах) грамадзян, таму ўкараненне дыферэнцыяванай аплаты адбудзецца не раней, чым з першых дзён 2013 года. Каб новы механізм аплаты запрацаваў як гадзіннік, трэба правесці дадатковыя зверкі паказчыкаў прыбораў уліку электраэнергіі ў спажыўцоў, праверку плацяжоў, кантроль і актуалізацыю баз звестак па абанентах. Як гэты механізм будзе выкарыстоўвацца на практыцы?

Напрыклад, што будзе плаціць сям'я з трох чалавек у кватэры з электраплітой? Дапусцім, што гэтая сям'я ў студзені "спаліла" 200 кВт.г электрычнасці. Згодна з табліцай, для гэтай сям'і з кастрычніка па сакавік уключна вызначаны льготны аб'ём электраспажывання 175 кВт.г. Тады за студзень сям'я плаціць за 175 кВт.г па базавым тарыфе, а 25 кВт.г — па больш высокім тарыфе. У выніку кошт аплаты за электрычнасць складзе 58 тысяч 750 рублёў (175 х 250,6 + 25х595,9 = 58750). У параўнанні з дзейнай сістэмай аплаты паслуг за электрычнасць расходы такой сям'і павялічацца на 8 тысяч 630 рублёў (175 х 250,6 + 25 х 595,9 — 200 х 250,6 = 8 630).

Мяркуецца, што гэтая сям'я пачне больш рацыянальна спажываць электрычнасць, што дазволіць знізіць іх электраспажыванне на гэтыя 25 кВт.г. Пасля гэтага сям'я не будзе пераплочваць, а нават зэканоміць свае выдаткі на электрычнасць на 6 тысяч 270 рублёў.

***

Сістэма дыферэнцыяванай аплаты за электрычнасць не будзе распаўсюджвацца на:

— сем'і, дзе ёсць ільготнікі па аплаце электраэнергіі;

— шматдзетныя сем'і і дзіцячыя дамы сямейнага тыпу;

— сем'і, што жывуць у жылых дамах ведамаснага жылога фонду, інтэрнатах;

— членаў садаводчых таварыстваў, дачных і гаражных кааператываў.

***

Згодна з другім варыянтам, захоўваецца дзейная сістэма разлікаў з паэтапным больш інтэнсіўным павелічэннем да 2015 года тарыфаў на электрычную энергію для насельніцтва. Такая сістэма з'яўляецца больш простай і не патрабуе вызначэння гранічных аб'ёмаў электраспажывання, звыш якіх будзе ўжывацца павышаны тарыф.

Па пытаннях аплаты насельніцтвам паслуг электразабеспячэння ў Мінэнерга працуе "гарачая лінія" па тэлефоне: +375 (17) 218 29 96 у працоўныя дні з 8.30 да 12.30 і з 13.30 да 17.30. "Прамая тэлефонная лінія" па асобных пытаннях дыферынцыяванай аплаты за электраэнергію запланавана 28 верасня па тэлефоне: +375 (17) 218 23 95 з 15 да 16 гадзін.

Падрыхтаваў Сяргей КУРКАЧ.

←Есть ли толк в штрафных ударах?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика