Як рыбаловам-аматарам пазбегнуць ненаўмыснага браканьерства?
У гэтым ім дапаможа даведнік "Рыбачым па правілах". Як вядома, аматарскае рыбалоўства ў Беларусі рэгулюецца Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, зацверджанымі Указам Прэзідэнта ад 8 снежня 2005 года. Правілы ўяўляюць сабой даволі аб'ёмны дакумент, арыентаваны ў першую чаргу на спецыялістаў. Таму для зручнасці звычайных рыбаловаў выдалі даведнік "Рыбачым па правілах".
У ім сістэматызаваны тыя палажэнні Правілаў, якія непасрэдна датычацца аматарскай рыбнай лоўлі. Даведнік таксама мае за мэту і павышэнне экалагічнай свядомасці і адукаванасці, і захаванне правілаў рыбалоўства. Гэтае папулярнае выданне падрыхтавана ў рамках сумеснага праекта Праграмы развіцця ААН і Глабальнага экалагічнага фонду пад скарочанай назвай "Біяразнастайнасць". У ролі нацыянальнага выканаўчага агенцтва праекта выступае Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Менеджар праекта "Біяразнастайнасць" Уладзімір Калтуноў заў- важае: "Колькасць аматараў рыбалкі няўхільна расце з кожным годам. Аднак далёка не ўсе рыбакі з вялікім стажам змогуць адрозніць, напрыклад, "чырвонакніжную" рыбу кумжу, якая адносіцца да самай высокай катэгорыі аховы, ад чужароднай стронгі вясёлкавай. Таму адна з задач даведніка нагадаць рыбаловам-аматарам пра тыя віды рыб, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі і павінны быць неадкладна выпушчаны ў вадаём у выпадку іх вылаву.
Аўтар даведніка, загадчык лабараторыі іхтыялогіі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Віктар Рызеўскі, гаворыць, што згодна з заканадаўствам любое парушэнне Правілаў з'яўляецца браканьерствам. З іншага боку, каб бездакорна выконваць Правілы, трэба іх дакладна ведаць. У гэтым сэнсе выданне "Рыбачым па правілах" дапаможа рыбаловам-аматарам выконваць прыродаахоўнае заканадаўства".
Леанід Тугарын.