Вёска ў полі, пыл у вочы...

Источник материала:  

З Салігорска на "гарачую лінію" нашага выдання патэлефанавала жанчына (мы вырашылі не друкаваць падрабязную інфармацыю пра заяўнікаў, хаця па месцы падзей, забягаючы наперад, яна на слыху), якая вельмі эмацыянальна распавяла пра сутнасць свайго звароту. Справа ў тым, што яе пажылая маці пражывае ў адной з вёсак Слуцкага раёна і заяўніца, як яна сама заявіла, фактычна ўвесь час знаходзіцца там, даглядаючы састарэлага чалавека. Але жыць у вёсцы немагчыма... з-за пылу, які "падымаюць сотні адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, што ідуць праз населены пункт".

— Ні ўздыхнуць, ні вокны расчыніць! — літаральна крычала ў слухаўку жанчына. — Куды мы толькі не звярталіся: у сельскі Савет, у санстанцыю, у райвыканкам пісалі, міліцыя ў нас была!. Ды што карысці? Правялі ў мясцовым сельскагаспадарчым прадпрыемстве сход, быццам бы дамовіліся, што тэхніка будзе карыстацца не дарогай праз вёску, а аб'язджаць яе каля нашых агародаў. А потым усё роўна сказалі: як ездзілі, так і надалей ездзіць будзем!.. І хімікатамі нас труцяць так, што жыць немагчыма: усё ж ідзе на вёску!..

Няўжо за дзень па вёсцы сапраўды праязджае сотня адзінак тэхнікі, а калі і так, няўжо ўся яна належыць выключна гаспадарцы? А што, калі таму камбайну проста не прайсці ў абход? Ды і жніво ўжо скончылася, здавалася б, якія пытанні?... Ніякія лагічныя разважанні на заяўніцу не дзейнічалі, на кожны довад ці пытанне яна імгненна знаходзіла свой эмацыянальны аргумент. Дык што адбывалася ці адбываецца ў вёсцы? Каб адшукаць адказы на гэтыя пытанні, мы мусілі звяртацца ў Слуцкі райвыканкам, Вісейскі сельвыканкам, ААТ "Вісейскі пакроў", мясцовую санстанцыю — бакі, якія ў большай ці меншай ступені аказаліся ўцягнутым у не зусім зразумелы, скажам так, канфлікт.

— Пісьмовая скарга на адрас сельвыканкама адносна тэхнікі і пылу паступіла 21 мая. Камісійна разгледжана 22 мая. На сходзе працоўнага калектыву цэха механізацыі ААТ "Вісейскі пакроў" 29 мая работнікаў папярэдзілі, каб па магчымасці не ехалі прама праз вёску, — сказала начальнік упраўлення справамі Слуцкага райвыканкама Наталля Аўсяннікава.

...Трэба заўважыць, што ў вёсцы — 9 дамоў, 12 месцічаў, якія пражываюць пастаянна. Летам падчас дачнага сезона будзе недзе 25 чалавек разам з апошнімі. Сам населены пункт размешчаны пасярод поля, вакол — землі севазвароту.

— Закінуць іх, каб яны зараслі — нельга. Асабліва, калі стаіць задача навядзення парадку на зямлі, — сказала старшыня Вісейскага сельвыканкама Алена Ганчар. — Механізатары максімальна стараліся абыходзіць вёску, але ж незаўсёды гэта магчыма. З іншага боку, дарога праз яе хоць і добрая, але гравійная, на вялікай хуткасці ўсё роўна не праехаць. Мясцовыя жыхары больш спакойна ставяцца да сітуацыі, а вось дачнікі... Вырваўшыся з тлуму гарадоў, ім хочацца цішыні, свежага паветра... Але як без выканання патрэбных работ? Хімію зараз усе ўносяць, нават на прыватных падворках без яе не абысціся. На палях яна ўносіцца па тэхналогіі, максімальна заворваецца. А што да транспарту, дык там жа і людскія соткі побач. Магчыма, нехта каго наняў для дапамогі з тэхнікай?..

— Калі было жніво, каля вёскі працавалі чатыры камбайны і тры грузавікі на адвозцы. У 9.30 раніцы камбайны заходзілі на поле, у 20.40 вечара — вярталіся. Грузавікі праязджалі па вёсцы, магчыма, раз на 2 гадзіны. Хіба гэта шмат? Спрабавалі вазіць збожжа па дарозе за агародамі: хлеб пачаў прасыпацца, — канкрэтызавала сітуацыю дырэктар ААТ "Вісейскі пакроў" Людміла Савановіч. — Дык і зжалі ўжо ўсё. А ў самой вёсцы ці не каля кожнага дома — па некалькі машын дачнікаў: гарадскіх дзяцей, іх сяброў. Я ж сама была там, казала людзям: гэта ж хлеб — святое!.. Калі 10 жніўня сеялі рапс, наша тэхніка спецыяльна давала круг за тры кіламетры.

А яшчэ дырэктар расказала пра канфлікт, пра які, дарэчы, падрабязна не распавяла заяўніца (згадала толькі, што выклікалі міліцыю). Ён адбыўся ў жніўні. Насустрач тэхніцы выйшлі незадаволеныя грамадзяне... Як бы там ні было, але люстэрка задняга віду разбілі. З гэтай нагоды і выклікалася міліцыя.

— Мы падалі ў суд на пакрыццё матэрыяльнай і маральнай шкоды, — сказала дырэктар ААТ "Вісейскі пакроў" Людміла Савановіч. — Літаральна пазаўчора (на момант гутаркі. — С.Р.) матэрыяльная шкода была пакрыта. А маральная, на якую падавалася ад гаспадаркі, пакуль не, мы чакаем рашэння суда.

...Мы ўжо самі набралі нумар заяўніцы. І размова зноў набыла нейкую залішнюю эмацыянальнасць. Пачалі высвятляць, колькі ж насамрэч дамоў у вёсцы: 9 ці больш за 20, вялася ўборка адзін дзень ці чатыры, колькі метраў той вясковай вуліцы і ці можна набраць на ёй вялікую хуткасць, колькі было выплачана за разбітае люстэрка... Усё ж такі спрабуючы разабрацца ў галоўным, чуў усё тое ж: тэхніка праз вёску ездзіць не павінна! "Чытаю "Звязду", бачу, што вы дапамагаеце іншым людзям, а нам дапамагчы не хочаце. Ніхто не хоча. Паўсюдна гучыць: квітней, краіна! А нам — загінацца?!. Адпрацаваўшы столькі гадоў, няўжо мы не заслужылі цішыні, спакою і чыстага паветра?.." Спрабуем патлумачыць, што сам факт звароту ў газету — гэта яшчэ не гарантыя таго, што пытанне будзе вырашана на карысць заяўніка, прычым менавіта такім чынам, як гэта апошняму ўяўляецца і бачыцца. Ёсць законы — юрыдычныя і жыццёвыя, ім трэба падпарадкоўвацца. І што краіна квітнее ў тым ліку за кошт збожжа, хлеба, сабранага каля соцень такіх жа невялікіх вёсачак, як тая, дзе жыве жанчына з маці. Усё марна...

Тэлефануем зноў старшыні сельвыканкама Алене Ганчар. Удакладняем, што ў вёсцы сапраўды 26 дамоў, 27-ы — участак. Але толькі ў шасці дамах пастаянна пражываюць людзі (у адным з іх — два чалавекі), яшчэ ў двух — грамадзяне зарэгістраваны, але жывуць час ад часу. Таму, калі гаварыць па сутнасці, дамоў у вёсцы 8 — там дзе жывуць увесь час. Будынкам, што пустуюць, пыл не шкодзіць. Жалі каля вёскі, можа, і адзін дзень. Але вакол яе заставалася салома, якую маглі вазіць яшчэ колькі часу. Прычым салому, у адрозненне ад хлеба, можна было перавозіць і па горшай дарозе, не баючыся страт. Але, скажыце, гэта настолькі істотна — дзень або чатыры доўжыліся работы?!. Можа, сапраўды дыхаць людзям не было чым?

Тэлефануем у дзяржаўную ўстанову "Слуцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі". Гутарым спачатку з галоўным урачом Валерыем Стажынскім, потым з загадчыкам аддзела гігіены Святланай Ігнатовіч.

— Зварот да нас у вуснай форме паступіў увесну, — расказала, у прыватнасці, Святлана Антонаўна. — Выязджалі на месца. Спецыяльных замераў ніякіх не праводзілі. Па выніках агляду рэкамендавалі кіраўніцтву гаспадаркі прадугледзіць аб'язную дарогу каля вёскі. Калі ёсць такая магчымасць.

...У нашай рубрыцы неяк не заведзена рабіць канчатковыя высновы. Прынамсі, ад імя самой рэдакцыі мы робім гэта дастаткова рэдка. Па магчымасці, проста імкнёмся аб'ектыўна разабрацца ў сітуацыі, даўшы слова бакам канфлікту, а чытачу — права самому аналізаваць меркаванні. Таму напрыканцы аўтар хоча толькі сказаць пра сваю патаемную мару, якую згадвае кожнае лета ў водпуску: пра ўласны востраў. Не ў далёкім замежжы, а тут, дома. Каб і рэчка, і луг, і свежае чыстае паветра належалі толькі табе. Але ж гэта мара...

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Глаза в глаза

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика