Дзве кубінкі "запалілі" вечар
Музычная вечарына, прысвечаная 20-годдзю дыпламатычных адносін паміж Кубай і Беларуссю, ніводнага запрошанага не пакінула без шчырых усмешак і добрага настрою. Яна падзяліла "кубінскі" год на Беларусі на дзве часткі: калі дагэтуль выставы, канферэнцыі і візіты адбываліся на ўрадавым узроўні, ва ўніверсітэтах і парламенце, то цяпер пасольства Кубы ў нашай краіне асноўную ўвагу зверне на беларускіх школьнікаў.
— Важна, каб маладое пакаленне беларусаў больш ведала пра Кубу, — сказаў журналісту "Звязды" Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Куба ў Беларусі Альфрэда Ньевес Партуонда. — 16 красавіка мы адкрылі фотавыставу, прысвечаную стасункам нашых краін, у беларускім парламенце, а сёння гэту самую экспазіцыю размясцілі тут, у будынку Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі на вуліцы Кірава ў Мінску, каб яе ўбачылі сябры Таварыства дружбы Беларусі і Кубы, творчая інтэлігенцыя, дзеці і іх бацькі. Сёння мы знаёмілі з культурай Кубы, самымі рознымі яе музычнымі кірункамі.
Аказалася, што і месца правядзення музычнай вечарыны не выпадковае. Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, які нядаўна адзначыў сваё 75-годдзе, менавіта на Кубу адправіў 30 гадоў таму свой ужо тады легендарны ансамбль песні і танца "Зорачка". Гэта была першая замежная паездка калектыву, які сёння носіць званне Заслужанага аматарскага. Таму пачатак Кубінскай музычнай вечарыны з успамінаў і выступу сучаснай "Зорачкі" быў цалкам лагічным і вельмі ўдалым.

Ды і пераход ад беларускай "Прывітальнай" да кубінскага балеро аказаўся досыць арганічным. А маладая спявачка Луселія Ральдан Акоста, якая сёлета атрымала на "Славянскім базары" спецыяльную прэмію імя Уладзіміра Мулявіна "За лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы і высокае выканальніцкае мастацтва", настолькі па-майстэрску ўпляла "Васільковае неба" ў вянок кубінскіх песняў, што прысутным заставалася пагадзіцца: калі даць голас сэрцу, далёкае заўсёды можа стаць па-сапраўднаму блізкім.
Па сутнасці, усю вечарыну "зрабілі" дзве спявачкі — вядомая кубінская зорка Барбара Гравэ дэ Перальта і зорка ўзыходзячая — Луселія Ральдан. Асаблівы шарм гэтай культурнай падзеі на вуліцы Калініна надаў вядомы кубінскі вядучы радыё і тэлебачання, муж і прадзюсар Барбары, Эдуарда Ферэр Санціс. Гэтыя трое прымусілі падпяваць і падтанцоўваць усю залу, нягледзячы на паважнасць яе аўдыторыі: дыпламатычны корпус Беларусі, прадстаўнікі міністэрстваў культуры і замежных спраў, былыя паслы Беларусі ў Рэспубліцы Куба, былыя выкладчыкі былых кубінскіх студэнтаў, самі колішнія студэнты, журналісты і проста сталыя і новыя сябры Кубы...
— Сённяшні дзень — ажыццяўленне маёй шматгадовай мары, — з радасцю прызнаўся арганізатар і вядучы кубінскага конкурсу "Славянскія галасы" Альберта Ларэйдзіс Перэс Самора. — Калісьці я скончыў ВНУ ў Мінску і з таго часу імкнуўся зрабіць нешта такое, каб Куба і Беларусь адчулі адна адну, каб сэрцы людзей затрапяталі гэтак жа, як і маё, калі прамаўляюцца назвы гэтых дзвюх краін. Вось ужо тры гады мне ўдаецца ладзіць у Гаване адборачны конкурс для ўдзелу ў "Славянскім базары", і я шчаслівы, што ён набывае на Востраве Свабоды ўсё большую папулярнасць. Луселія стала лепшай з 12-ці. Я ганаруся, што яна спявала на беларускай мове і змагла крануць сэрцы і высокага журы, і простых слухачоў.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА