Беларусы на другім месцы па колькасці "замежнікаў" у Паланзе
Гэтым летам, адпачываючы ў Паланзе, заўважыў, што на курорце шмат беларусаў. На вуліцы часта бачыш аўтамабілі з беларускімі дзяржаўнымі рэгістрацыйнымі нумарамі, на пляжы, у парках чуеш беларускую мову. Мне нават здалося, што беларусы тут, ля Балтыйскага ўзмор'я, больш ахвотна размаўляюць на роднай мове, чым у сябе на радзіме.
— Сёлета асабліва вырас паток адпачывальнікаў з Беларусі, — пацвердзіла маю здагадку кіраўнік Цэнтра турыстычнай інфармацыі Палангі Вікторыя Юкене. — Больш за ўсё прыезджых з Расіі. На другім месцы па ліку турыстаў — беларусы, на трэцім — немцы, далей — палякі, латышы, эстонцы, скандынавы.
Паводле яе слоў, сёлета на курорце было нямала турыстаў і з далёкіх краін — Сінгапура, Тайланда, Бразіліі: яны казалі, што зацікавіліся Палангай, проста гартаючы турыстычныя каталогі. Сёлета Палангу наведала больш як 50 000 турыстаў, летась турыстаў было 45 000. Зрэшты, жыхароў Літвы тут больш за іншаземцаў.

— Госці з Беларусі часцей прыязджаюць сем'ямі з дзецьмі, — распавяла карэспандэнту "Звязды" Інга Малінаўскіене, дырэктар вілы "Астома", якая размешчана ў цэнтры курорта і карыстаецца вялікай папулярнасцю ў замежнікаў. — Ім Паланга падабаецца па многіх прычынах. Па-першае, для беларусаў гэта найбліжэйшы курорт ля мора. Задавальняюць і суадносіны цаны і якасці паслуг. Тут, па жаданні, яны могуць знайсці і вельмі спакойны адпачынак, і досыць актыўнае баўленне часу.
— Беларусы вызначаюцца дружалюбнасцю, яны, як правіла, ветлівыя, цэняць чыстае марское паветра, любяць прагулкі па ўзмор'і, — адзначыла адметныя рысы беларускіх турыстаў гаспадыня гатэля. — Да таго ж яны больш актыўныя, не заседжваюцца ў пакоях, шукаюць магчымасць убачыць штосьці новае, а калі вяртаюцца, заходзяць падзяліцца ўражаннямі.
— Яшчэ беларусы вылучаюцца гасціннасцю. Калі прыязджаюць не першы раз, амаль заўсёды прывозяць гасцінец. Мы шмат разоў ужо каштавалі смачныя беларускія цукеркі, — усміхаецца Інга Малінаўскіене.
Разам з тым, у Палангу беларусам дабірацца не так зручна, як, скажам, масквічам. У аэрапорце Палангі рэйс на Маскву ёсць, на Мінск — няма.
— На жаль, пакуль прамых зносін з Мінскам у нас няма, — паведаміла дырэктар аэрапорта Палангі Іяланта Ючэвічуце. — Расійская авіякампанія "РусЛайн" гэтым летам паспяхова абслугоўвала рэйс Масква — Паланга — Масква. Было б цудоўна, калі і "Белавія", нацыянальная авіякампанія Рэспублікі Беларусь, злучыла паветраным мостам Мінск і Палангу. Думаю, што ўлетку такі маршрут апраўдаўся б. Мы гатовы да такога супрацоўніцтва. Да наступнага лета ёсць дастаткова часу вырашыць гэтыя пытанні.
Лётны сезон у Паланзе ўжо скончыўся. Якім ён будзе для беларусаў у наступным годзе?
Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС,
уласны карэспандэнт "Звязды" ў Літве. Паланга.
Фота аўтара.