Што важней: жыллё ці работа?
Праблематыку сучаснага рынку працы для моладзі, моду на прафесіі і перспектывы рэалізацыі памкненняў выпускнікоў ВНУ, тэхнікумаў, каледжаў, вучылішчаў наш карэспандэнт абмяркоўвае з вядомым беларускім эканамістам Леанідам Заікам.
— Напрыканцы лета і ў першыя дні верасня толькі і размоў пра пачатак новага навучальнага года. Але ў гэты перыяд традыцыйна назіраецца масавае працаўладкаванне маладых спецыялістаў на свае першыя працоўныя месцы. І далёка не ва ўсіх уражанні ад пачатку працоўных будняў, мякка кажучы, пазітыўныя. Чаму?
— Хутчэй за ўсё былыя мары і суровая рэальнасць не супалі.
За ўсіх незадаволеных казаць не буду (прычыны могуць быць самыя розныя), а за пэўную частку, думаю, можна: яны зрабілі памылку з выбарам прафесіі і паступілі туды, куды ім не трэба было паступаць. Адсюль і расчараванні.
— Так ужо і памылку? Тады ў чым яе прырода?
— У тым, што многія сёння, як і раней, паддаюцца агульным настроям, пэўнай модзе на прафесію. Яна існавала ва ўсе часы. У 30-я гады самыя папулярныя рабочыя прафесіі былі мантажнік-высотнік і сталявар, многія тысячы юнакоў марылі стаць лётчыкамі. Пра іх песні складалі. У 60-я гады ў першых рэйтынгах былі касманаўт і фізік-ядзершчык. Яны былі сапраўднымі героямі дня: пра іх шмат пісалі ў друку, здымалі фільмы. А цяпер хто пра іх гаворыць? Так, зрэдку. Цяпер яны, на жаль, не ўзор для моладзі. У яе сёння іншыя прыклады жыццёвага поспеху: банкаўскія работнікі, высокааплатныя топ-менеджары прыватных фірмаў, сумесных прадпрыемстваў, маркетолагі, праграмісты. З-за жадання абавязкова далучыцца да іх кола адбываюцца шматлікія памылкі на старце працоўнай кар'еры. Бо калі ўсе бягуць некуды вялікім натоўпам, то яны мітусяцца, перашкаджаюць адзін аднаму. Але гэта, мушу падкрэсліць, забег марафонскі — на 42 гады.
— Тады куды лепш паступаць?
— Гэта цікавае пытанне. Я раіў бы авалодваць тымі прафесіямі, якія сёння не запатрабаваны амбіцыйнымі маладымі людзьмі, але вельмі патрэбны грамадству. Карацей, паступаць не туды, куды ўсе імкнуцца, а туды, дзе няма ажыятажнага попыту на дыплом. Адным словам, у непапулярныя ВНУ. У тым, што многія сёння, як і раней, паддаюцца агульным настроям, модзе на прафесію, я бачу вытокі пэўных асабістых драм. Колькі ў нас незапатрабаваных юрыстаў, эканамістаў, бухгалтараў і г. д. Таму не трэба паддавацца статкаваму інстынкту. Паступайце на тую спецыяльнасць, якая сёння зусім не папулярная, і вы маеце вялікія шанцы дасягнуць поспеху.
— Дзіўная парада. Значыць, па-вашаму, трэба ісці туды, дзе меншы конкурс. Але гэта, прабачце, логіка троечнікаў.
— А троечнікі, між іншым, нярэдка дэманстравалі потым выдатныя арганізатарскія здольнасці, рабілі бліскучыя кар'еры. Класічны прыклад экс-прэм'ера расійскага ўрада Віктара Сцяпанавіча Чарнамырдзіна, якога сябры звалі Чарнаморам. У школе, агульнавядома, ён вучыўся на тройкі. Паступіў на той час у зусім не прэстыжны інстытут (дакладную назву яго не памятаю), дзе рыхтавалі спецыялістаў па здабычы і перапампоўцы газу. Закончыў. Потым шмат працаваў па спецыяльнасці. Не буду паўтараць асноўныя вехі кар'еры Віктара Сцяпанавіча, зазначу толькі, што ён на схіле гадоў быў сярод самых паважаных і багатых людзей Расіі — доларавым мільярдэрам. А тыя, хто пайшоў у фізікі і лірыкі, хадзілі і ходзяць у старых паліто і лічаць кожную капейку.
— Леанід Фёдаравіч, а вы самі як і дзе атрымалі вышэйшую адукацыю?
— Не пабаюся здацца нясціплым і спашлюся на ўласны і, на мой погляд, станоўчы досвед. Я закончыў мінскую сярэднюю школу з залатым медалём. Ён адчыняў дзверы ў самыя прэстыжныя ВНУ не толькі Беларусі. Пры жаданні можна было штурмаваць вядомыя маскоўскія ВНУ. Двое маіх школьных сяброў, таксама медалісты, выбралі прэстыжныя тады прафесіі. Адзін паступіў у БДУ на матэматыку, другі — у медінстытут. А я падаў дакументы ў інстытут народнай гаспадаркі — па тым часе зусім не прэстыжная беларуская ВНУ, інстытут як інстытут. Я быў, калі не памыляюся, адзіным абітурыентам з залатым медалём, які паступаў на гандлёвы факультэт. Мяне ў час іспытаў угаворвалі падаць дакументы на планавы факультэт як больш перспектыўны. Мае аднакласнікі былі ў шоку ад майго выбару. Праўда, потым змянілі думку, калі паступіў у аспірантуру. Быць аспірантам тады лічылася прэстыжным.
— А сёння не. На жаль, не шмат пакуль ахвотнікаў трапіць у аспірантуру. Значыць, згодна з вашай логікай, варта станавіцца непапулярным аспірантам. Так?
— Аспірантура непапулярная сярод шэрых, не вельмі разумных і здольных, але меркантыльных маладых людзей. Няхай яны бягуць натоўпам туды, дзе, як ім здаецца, будзе больш "бабла". На мой погляд, чым менш папулярная аспірантура, тым лепш для навукі. У яе будзе ісці сапраўды таленавітая і схільная да навуковай працы моладзь. Увогуле толькі пяць працэнтаў людзей здольныя прадуктыўна займацца навукай. Гэтага дастаткова для развіцця на належным узроўні навуковага патэнцыялу краіны.
Няхай зараз камп'ютарныя праграмісты зарабляюць шмат, але яны, вобразна кажучы, уяўляюць сабой гарнір. Сёння камп'ютарныя тэхналогіі патрабуюць шмат гарніру, а таму праграмістам можна быць і без вышэйшай адукацыі. Я ведаю такія прыклады. Але не пра іх гаворка, а пра тых маладых людзей, якія хутка будуць элітай нацыі. Я думаю, што праз 20-30 гадоў самымі прэстыжнымі будуць тэхнічныя прафесіі. Банкіры і менеджары стануць накшталт тых фізікаў-лірыкаў. Нават праграмісты адыдуць у цень. Яны будуць на адным узроўні па папулярнасці са слесарам-сантэхнікам. А самыя высокааплатныя прафесіі стануць звязаныя з навукай. Напрыклад, гэта нанатэхналогіі. Запатрабаванымі будуць спецыялісты, якія ствараюць новыя матэрыялы, працуюць у сферы спалучэння медыцыны і біялогіі на карысць стварэння здароўя чалавека. Не аховы, а менавіта яго стварэння. Гэтыя спецыялісты змогуць праводзіць дакладную дыягностыку, рабіць найскладанейшыя аперацыі з дапамогай робатаў і новых тэхналогій.
— Нанатэхналогіі — гэта цудоўна. Няхай паляпшаюць наша жыццё. Але ёсць спрадвечныя прафесіі, без якіх і 100, і 200, і 300 гадоў таму было аніяк.
— І праз 100, і 200 і 300 гадоў без такіх прафесій чалавецтва не абыдзецца. Гэта ў першую чаргу будаўнік і настаўнік — стваральныя ў поўным сэнсе слова прафесіі. Яны вельмі важныя для грамадства, асабліва настаўнікі пачатковай школы, якія ў значнай ступені садзейнічаюць фарміраванню будучай асобы. Кожнае новае пакаленне дзяцей разумнейшае за сваіх бацькоў, у гэтым сутнасць прагрэсу чалавецтва. Калі б было інакш, то мы трывала б сядзелі на дрэвах.
— А як жа грамадская думка наконт выбару прафесій?
— Пытаннем на пытанне: а ці заўсёды яно мае рацыю? Не. Часцей за ўсё грамадская думка ўяўляе сабой меркаванне большасці людзей сярэдняга розуму, якім на гэтым этапе бачыцца тая ці іншая прафесія найбольш прывабнай па суме яе пераваг. Аднак мінае час, і тое, што здавалася золатам, ужо не ззяе.
— Сёння няма жорсткага размеркавання выпускнікоў навучальных устаноў на першае месца працы, частка маладых спецыялістаў атрымлівае свабодны дыплом. Што лепш: свабоднае працаўладкаванне ці размеркаванне?
— Цяжка адназначна сказаць. У кожнага выпускніка свой лёс. Нічога жудаснага я не бачу ў размеркаванні на працу ў рэгіён. Лепш пачынаць з першай прыступкі выбранай прафесіі. Я ведаю нямала прыкладаў, калі малады чалавек пачынаў радавым касірам і паступова вырастаў да кіраўніка банка. Ёсць свае плюсы ў тым, што працоўная дзейнасць пачынаецца на невялікім звычайным прадпрыемстве. Галоўнае — натрэніраваць прафесійныя "мускулы", набыць досвед, навучыцца ладзіць з рознымі людзьмі ў працоўным калектыве. Каб у ім потым было менш непаразуменняў, я раіў бы ўжо студэнтам недзе трохі падпрацоўваць. Лішняя капейка не пашкодзіць, ды і пэўную школу жыцця пройдзеце, атрымаеце нейкую загартоўку характару.
Трэба мець на ўвазе, што вышэйшая адукацыя — гэта матрыца, якую потым пры жаданні можна пашыраць, развіваць. Асабліва сёння, калі жыццё ў параўнанні нават з 80-гадовымі стала вельмі імклівым, цікавым, мабільным, па-новаму змястоўным.
— Пра мабільнасць жыцця. Калі мы з вамі рабілі першыя крокі ў прафесіі, то не было такой з'явы як унутраная працоўная міграцыя. Цяпер яна вітаецца і заахвочваецца. Як вы ставіцеся да гэтага?
— Гэта прыкмета сённяшняга часу. Змена месца працы і жыхарства дае моцны імпульс для чалавека, яго прафесійнага росту, пашырэння кругагляду. Агульнасусветная тэндэнцыя: усё часцей на першым месцы ў спісе прыярытэтаў сучаснага маладога чалавека стаіць праца, а потым жыллё: дом ці кватэра. Перспектыўная і высокааплатная работа дазваляе здымаць ці будаваць у крэдыт добрае жыллё, падарожнічаць па свеце, не абмяжоўваць сябе ў выдатках. Бо колькі маладых і не вельмі маладых сем'яў у монагарадах церпяць з-за праблем на горадастваральным прадпрыемстве. Яго банкруцтва — фінансавая трагедыя для многіх. Дык чаму б ім не пераехаць у іншую вобласць, на іншае месца працы, на стабільнае і паспяховае прадпрыемства, якое пашыраецца, мае патрэбу ў кваліфікаваных кадрах? За мяжой гэта ўжо звычайная практыка. Бо дом, машына, актыўны адпачынак, прыемныя новыя калегі, знаёмыя — гэта ўсё нажыўное, калі ёсць праца са стабільным высокім заробкам.
Гутарыў Леанід Лахманенка.