НАРОДНЫ МАСТАК: працяг жыцця — у мастацтве
Галерэя Міхаіла Савіцкага стане адным з адметных экскурсійных маршрутаў для мінчан і гасцей беларускай сталіцы.
Міхаіл Андрэевіч часта паўтараў: выяўленчае мастацтва — надзвычай складаная сфера, таму трэба ўсё жыццё імкнуцца стаць Мастаком.
І ён, паверце, зусім не какетнічаў, калі незадоўга да смерці на маё пытанне, ці стаў ён Мастаком — згодна з яго крытэрыямі — адказаў: "Я ўсё яшчэ на шляху да гэтага. Таму і працую ўсё жыццё, без адпачынкаў і выхадных".
Ён, чалавек надзвычай складанага, нават драматычнага лёсу, "дрэннай біяграфіі" (як сам гаварыў: у 18 гадоў ужо салдат, потым вайна, палон, канцлагеры...) быў перакананы: мастак — гэта перш за ўсё філосаф. Для Савіцкага галоўнае — сутнаснае, глыбіннае, а не вонкавае ў чалавеку і з'яве.
Як і ўсякі геніяльны чалавек, ён быў не зусім "зручным" у розныя перыяды гісторыі нашай краіны: не быў членам партыі, за спінай — "мінулае лагерніка", дый і гаварыў прама ўсё, што думае. За гэта і нажыў сабе нямала нядобразычліўцаў, якія не ленаваліся інтэрпрэтаваць яго словы "на свой капыл"...
З самых першых крокаў у мастацтве ён карпатліва даследаваў тэмы патрыятызму і самаахвярнасці, героікі і здрады, святла і цемры... Гэта быў адметны і адмысловы працяг класічнай традыцыі выяўленчага мастацтва.
Так, як убачыў і паказаў вайну Міхаіл Савіцкі, — не паказаў ніхто. Яго карціны цыкла "Лічбы на сэрцы" не сведчаць, не гавораць, а крычаць аб тым, што было і што не павінна паўтарыцца ніколі. Гэтыя работы ўражваюць, ашаламляюць, хвалююць да глыбіні душы.
Серыя работ "Чорная быль" — спроба асэнсаваць чарнобыльскую катастрофу ў маральна-этычным, чалавечым вымярэнні. Цыкл работ "Запаведзі" — спроба прасачыць, як запаведзі Хрыста ўвасобіліся ў нашым жыцці. Як і што ажыццявілася з таго, што Хрыстос вызначаў як самае высокае.
Сам Міхаіл Андрэевіч самым вялікім грахом лічыў здраду...
Адна з апошніх работ Майстра называецца "ХХ век. Забойства праўды". А творчых задум — грунтоўных, з дакладным глыбокім аналізам — было ў яго, як сам прызнаваўся, яшчэ больш, чым у маладыя гады. Ён марыў напісаць работу "Трыумф ілжы", яна ўжо была ў яго ўяўленні — як працяг "Забойства праўды"...
Работа, якая так і засталася незавершанай, — "Скобраўка-1944". Савіцкі задумаў гэта вялікае палатно, каб адкрыць яшчэ адну старонку жорсткай праўды Вялікай Айчыннай вайны на Беларусі. У Скобраўцы каля Мар'інай Горкі быў лагер, дзе забіралі ў дзетак кроў...
"Так уладкаваны свет: усё жыве пэўны тэрмін. І толькі мастацтву дадзена сіла падоўжыць жыццё", — гаварыў Міхаіл Савіцкі.
...Як да Эль Грэка едуць у Таледа, да Сальвадора Далі — у Фегейрас, так і да Міхаіла Савіцкага будуць ехаць у Мінск.
Таццяна Падаляк.