Бяспека людзей — на першым месцы
Учора ў Брэсце адбылася міжведамасная нарада па пытаннях умацавання бяспекі і дысцыпліны на прадпрыемствах закрытага акцыянернага таварыства "Холдынгавая кампанія "Пінскдрэў".
Нагадаем, што 25 кастрычніка 2010 года на адной з фабрык холдынгу прагрымеў выбух, які прывёў да шматлікіх чалавечых ахвяр. 14 чалавек загінулі, 20 атрымалі цяжкія апёкі і траўмы. Расследаваннем крымінальнай справы займалася Генпракуратура краіны. І падчас расследавання, і пазней прадпрыемствы наведала шмат розных праверак, якія выявілі цэлы шэраг недахопаў у арганізацыі бяспекі на вытворчасці.
Кіраўніцтва Савета Бяспекі Беларусі і Генеральнай пракуратуры краіны разам з кіраўніцтвам холдынгу, кіраўнікамі міністэрстваў і ведамстваў рэспублікі, кіраўніцтвам Брэсцкай вобласці абмеркавалі вынікі праверкі выканання патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта РБ №1 на асобна ўзятай вытворчасці. Нарада праходзіла ў закрытым рэжыме. Пасля яе заканчэння Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Леанід Мальцаў у кароткім інтэрв'ю журналістам адзначыў, што канчатковая мэта падобных нарад і пасяджэнняў — дабіцца парадку на "Пінскдрэве". Там накапілася шмат праблем. Неабходна замена абсталявання на многіх вытворчасцях. Але на гэта патрэбны час і сродкі. Бяспеку ж трэба захоўваць кожны дзень. І кіраўнікі холдынгу, паводле слоў Леаніда Мальцава, запэўнілі ўдзельнікаў нарады, што яны самі вырашаць усе праблемы.
Генеральны пракурор Аляксандр Канюк звярнуў увагу на неабходнасць строгага выканання дысцыпліны. Супрацоўнікі пракуратуры выявілі факты, калі не робяцца элементарныя рэчы. Напрыклад, рабочы пасля змены не прыбірае станок. На такой спецыфічнай вытворчасці гэта недапушчальна. Тэхналагічны працэс у частцы падтрымання парадку павінен строга захоўвацца.
Святлана ЯСКЕВІЧ.