Я ўжо герой славы трох ступеняў "Звязды"!

Источник материала:  

Так пажартаваў шматгадовы верны падпiсчык газеты, ветэран Вялiкай Айчыннай вайны Аляксандр Мазуркевiч. І не беспадстаўна!

Аляксандр Аляксандравiч — даволi ўдачлiвы падпiсчык: тройчы яму шанцавала ў звяздоўскай латарэi. 10 гадоў таму выйграў тэлевiзар (i дагэтуль добра працуе), потым — шпалеры (10 трубак), а па вынiках апошняй звяздоўскай латарэi — чайнiк.

Ён выпiсвае "Звязду" некалькi дзесяцiгоддзяў — таму што любiць беларускую мову.

— Заўсёды ўдзельнiчаю ў латарэi, — прызнаецца ветэран. — Захоўваю вернасць любiмай газеце, раблю выразкi цiкавых матэрыялаў па самых розных тэмах.

Я ўжо герой славы трох ступеняў "Звязды"!

Мы калiсьцi ўжо пiсалi пра цiкавы лёс Аляксандра Мазуркевiча. Сваё 18-годдзе ён адзначаў 10 мая 1945 года ў Берлiне. А да гэтага, у 1943-м, юнак (ды што юнак — па сутнасцi, падлетак!) быў прыняты ў склад дыверсiйна-разведвальнай групы партызанскай брыгады iмя Чкалава. Даводзiлася займацца ў тым лiку i агiтацыйнай работай сярод мясцовага насельнiцтва.

Паколькi Саша Мазуркевiч добра ведаў родную мову, у яго абавязкi ўваходзiла чытанне лiстовак, зводак Саўiнфармбюро, падпольных газет, сатырычных лiсткоў, iншых партызанскiх друкаваных выданняў, якiя ў асноўным выпускалiся на беларускай мове.

— Я быў партызанам асобнага атрада Iвянецкай зоны Баранавiцкага партызанскага злучэння. Ранiцай 3 лiпеня атрымалi загад рухацца да Мiнска, да якога было амаль 25 км. Ужо добра было чуваць грукат гармат. У небе праляталi нашы знiшчальнiкi. У сярэдзiне дня пад'ехалi да вёскi Пцiч. Нам паведамiлi, што ў суседняй вёсцы Новы Двор ужо, мабыць, нашы войскi. Рушылi туды. На падыходзе да вёскi з хмызняку насустрач нам выходзяць чырвонаармейцы. Спачатку спыталi, хто мы, праверылi дакументы: партызанаў яны бачылi ўпершыню. А што пачалося потым, нават цяжка расказаць! Моцныя поцiскi рук, гарачыя абдымкi, пацалункi, падкiдванне ўгору... Гаворцы не было канца. Нас шчыра частавалi трафейнымi ласункамi, а пасля запрасiлi на салдацкую вячэру. Але яна, на жаль, не адбылася. Пачалася моцная стралянiна, на вёску рухалася нямецкая калона: вораг не ведаў, што гэты населены пункт ужо вызвалены Чырвонай Армiяй (думалi, што тут толькi партызаны). Мы вымушаны былi адкласцi ўбок кацялкi з такой смачнай салдацкай кашай i ўзяцца за зброю. Разам з вайскоўцамi адбiвалi варожы нацiск... Калi стралянiна амаль спынiлася, наступiла трывожная ноч. На досвiтку, 4 лiпеня, як толькi мы крыху ад'ехалi ад вёскi, адразу трапiлi пад варожы агонь. Гэта былi немцы, якiх мы вечарам разагналi ў час бою. Дзейнiчалi сумесна: чырвонаармейцы i партызаны. Мяне i яшчэ чатырох хлопцаў (з iх памятаю Пятра Лукашэвiча i Юзiка Мяцельскага) з двума ручнымi кулямётамi камандзiр накiраваў нанесцi ўдар па ворагу з тылу... Сярод немцаў пачалася панiка, яны сталi разбягацца, кiдаючы зброю i параненых. I вось тут вельмi спатрэбiлiся нашы конi. Мы даганялi ворага i бралi ў палон. У гэтым баi было знiшчана i ўзята ў палон каля 100 захопнiкаў, сярод iх некалькi здраднiкаў са Смаленскай службы бяспекi, якiя ў апошнi час люта зверствавалi ў Мiнску.

Але тады, у лiпенi 1944-га, Мазуркевiча ў армiю не ўзялi: з-за ўзросту. Некалькi месяцаў працаваў на чыгунцы. "А як толькi пачалi прызываць мой год, адразу пайшоў добраахвотнiкам на фронт. Ад бронi, якую меў, адмовiўся".

У складзе войскаў 1-га Беларускага фронту Аляксандр Мазуркевiч дайшоў да Берлiна.

...Адзiн з самых любiмых фотаздымкаў Аляксандра Аляксандравiча — яго маленькiя ўнукi ўдваiх "апранаюць" дзядулеў пiнжак з узнагародамi.

— Ну, цяпер ужо яны разам у мой пiнжак не ўлезуць! — усмiхаецца ветэран. — Лёша скончыў гiстфак i магiстратуру педунiверсiтэта iмя Максiма Танка, рыхтуецца да паступлення ў аспiрантуру. Людачка таксама скончыла гэтую ВНУ.

Сам Мазуркевiч адразу пасля дэмабiлiзацыi ў 1951-м (у 25 гадоў!) пайшоў вучыцца: у 7 клас вячэрняй школы. Пасля вячэрне скончыў тэхнiкум i завочна — iнстытут.

Ён стаў будаўнiком, таму што за вайну надта шмат бачыў разбурэнняў-руйнаванняў. Паўвека працоўнага стажу!

Таццяна Падаляк.

Фота Марыны Бегунковай.

←Паровозы стоят на запасном пути

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика