SoDra ўжо не ў стане аплаціць свае даўгі

Источник материала:  

Літоўскія пенсіянеры зноў абураныя. У прэсе з'явілася інфармацыя аб неплацежаздольнасці Фонду дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ("Содра"), які абавязаны выплачваць дзяржавай прызначаныя пенсіі. Абяцанне прэм'ера Літвы Андруса Кубілюса, дадзенае некалькі гадоў назад, аб тым, што фінансавае становішча "Содры" ў далейшым будзе паляпшацца, павісла ў паветры. "Содра" загразла ў даўгах. З'явілася рэальная пагроза, што ў верасні пенсіянеры могуць не атрымаць свае заслужаныя пенсіі.

Урад Літвы вырашыў тэрмінова ратаваць становішча. Спяшацца прымушае і тая акалічнасць, што ў краіне пачалася перадвыбарная кампанія — набліжаюцца выбары новага Сейма, будзе створаны і новы ўрад. У такой сітуацыі затрымка з выплатамі пенсій можа мець небяспечныя вынікі для праўладнай партыі кансерватараў і яе лідара Кубілюса.

SoDra ўжо не ў стане аплаціць свае даўгіУрад прыняў рашэнне пазычыць "Содры" 795 мільёнаў літаў. Гэтай сумы хапае, каб можна было выплаціць у верасні—снежні пенсіі, а таксама дапамогі, прадугледжаныя сацыяльным страхаваннем. Таму да Новага года "Содра" зможа плаціць. 14 кастрычніка пенсіянеры на выбары ў Сейм (парламент) прыйдуць, атрымаўшы свае пенсіі. Але многія з іх да выбарных урнаў прыйдуць з трывожным сэрцам, бо будучыня пенсіянераў застаецца не яснай.

Пенсіянеры не забыліся, як у 2010 годзе ўрад Літвы пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра А. Кубілюса ўдарыў па іх кішэні. Тады ў мэтах зніжэння фінансавага дэфіцыту "Содры" ўрад знізіў да 10 працэнтаў пенсіі па старасці і інваліднасці. Праўда, паабяцаўшы, што пазней гэтыя недаплаты будуць вернуты.

Акрамя таго, урад, ратуючы "Содру", прапанаваў Сейму зраўняць пенсійны ўзрост жанчын і мужчын і павысіць яго да 65 гадоў. І гэты закон прынялі, ведаючы, што сярэдняя працягласць жыцця ў Літве ў жанчын 77, а ў мужчын толькі — 65 гадоў. Думалі так: чалавек будзе даўжэй працаваць, будзе менш пенсіянераў, меншым будзе і ціск на "Содру", яе бюджэт, які трашчыць па ўсіх швах.

Урад часова залатаў пазыковую дзірку. Не за гарамі 2013 год, калі "Содра" павінна пачаць аддаваць старыя даўгі дзяржаве і камерцыйным банкам. Толькі ў наступным годзе давядзецца вярнуць у дзяржбюджэт 475,4 млн літаў, камерцыйным банкам — 500 млн літаў.

Доўг "Содры" зараз вырас амаль да 10 мільярдаў літаў. І будзе расці далей, таму што ў Фонда дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ўжо не першы год штомесячныя выдаткі нашмат большыя, чым зборы. Афіцыйна абвешчана, што ў 2012 годзе "Содра" плануе сабраць 11,29 млрд літаў, а выдаткаваць давядзецца 13,62 млрд. Планаваны дэфіцыт — 2,3 млрд літаў.

"Бюджэт "Содры" будзе збалансаваны ў 2015 годзе", — абяцае міністр фінансаў Літвы Інгрыда Шыманітэ. Але ў гэтых абяцанняў няма рэальнай глебы. Ды і ці будзе яна міністрам у 2015 годзе, калі ўжо пасля кастрычніцкіх выбараў у Сейм улада можа карэнным чынам памяняцца?

"Содра" свае праблемы не вырашыць да той пары, пакуль не будзем клапаціцца аб змяншэнні ўзроўню беспрацоўя, тармажэнні эміграцыі, заахвочванні нараджальнасці. Напрыклад, у Расіі дэмаграфічныя праблемы паднятыя на першае месца. А ў нашай Стратэгіі дзяржаўнай бяспекі яны нават не ўзгадваюцца. Мы спачатку павінны вырашыць дэмаграфічныя, эміграцыйныя, эканамічныя праблемы. Толькі тады праблемы "Содры" будуць меншымі. А мы нічога не робім", — гаворыць член Сейма Мечыславас Засчурынскас.

Член Сейма мае рацыю. Узровень беспрацоўя ў Літве зараз 13,3 працэнта. Нараджальнасць у нас, у параўнанні з 1950 годам, паменшылася больш чым у два разы. За мяжой працуюць каля 0,5 млн грамадзян Літвы, і яны працуюць не на Літву. Апошняе апытанне насельніцтва паказала, што яшчэ каля 13% жыхароў Літвы маюць намер з'ехаць працаваць у іншыя краіны.

А пакуль урад, лішніх сродкаў не маючы, пазычае "Содры" сродкі іменем дзяржавы. Дарэчы, доўг дзяржавы становіцца каласальным. Цэнтральная ўлада ўжо завінавацілася амаль 43 млрд літаў, муніцыпальныя ўлады вінаватыя каля 1,6 млрд літаў. У старой літоўскай прымаўцы гаворыцца: доўг не рана, сам не загоіцца. Даўгі, рана ці позна, давядзецца аддаваць.

Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС,  уласны карэспандэнт "Звязды" ў Літве. Фота аўтара.

Вільнюс.

←Паровозы стоят на запасном пути

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика