...Вялікае з адлегласці нам бачыцца
У Выканаўчым камітэце СНД у Мінску прайшла прэзентацыя кнігі "Подзвіг Эмамалі Рахмона" таджыкскіх пісьменнікаў Ато Хамдама і Леаніда Чыгрына, выдадзенай на беларускай мове.
Біяграфію жыцця і палітычнай дзейнасці прэзідэнта Таджыкістана пераклала Ірына Качаткова. Яшчэ раней яна выявіла сябе як уважлівы да літаратур народаў Сярэдняй Азіі перакладчык. Пра тое, якія сілы — палітычныя, маральныя і фізічныя — патрэбны, каб кіраваць краінай у далёка не простых умовах таджыкскай рэчаіснасці мінулых гадоў, на прэзентацыі гаварылі Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Таджыкістана ў Рэспубліцы Беларусь Казідаўлат Каімдадодаў, першы намеснік старшыні Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Уладзімір Гаркун, начальнік упраўлення двухбаковых адносін з краінамі СНД МЗС Рэспублікі Беларусь Мікалай Дзямчук, старшыня СПБ Мікалай Чаргінец, старшыня Прэзідыума Беларускага таварыства дружбы з замежнымі краінамі Ніна Іванова, аўтар кнігі Ато Хамдам, перакладчыца Ірына Качаткова, кінарэжысёр Маргарыта Касымава і іншыя ўдзельнікі імпрэзы. Варта заўважыць, што суаўтар Ато Хамдама Леанід Чыгрын нарадзіўся ў 1942 годзе ў Беларусі, на Віцебшчыне. Але з маленства жыве ў Таджыкістане, добра авалодаў таджыкскай мовай. Шмат зрабіў на перакладчыцкай ніве, прадставіўшы свету на рускай мове многіх паэтаў і празаікаў гэтай усходняй краіны.
Ато Хамдам, між іншым, — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, часты госць у Мінску і іншых гарадах нашай рэспублікі. Мастацкія і публіцыстычныя творы аднаго з аўтараў кнігі "Подзвіг Эмамалі Рахмона" неаднойчы друкаваліся ў літаратурна-мастацкіх часопісах і газетах нашай краіны. А нядаўна міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ато Хамдаму аб'яўлена падзяка.
Сяргей Шычко.