Яблычны год

Источник материала:  

У Круглянскім раёне школьнікі дапамагаюць пенсіянерам збіраць і здаваць яблыкі

Іх арганізоўвае раённае падраздзяленне гандлёвага прадпрыемства "Магілёўская міжрайбаза".

— Цяпер самая гарачая пара ў нарыхтоўцы яблык, і сёлетні ўраджай добры, — расказаў начальнік Круглянскага падраздзялення Магілёўскай міжрайбазы Павел ПРАКОФ'ЕЎ. — У раённым аддзеле адукацыі нас падтрымалі, і навучэнцы школ робяць добрую справу. Разам з нашымі супрацоўнікамі яны прыязджаюць да старых вяскоўцаў і збіраюць яблыкі ў іх садах, каб людзі без лішніх клопатаў маглі прама на месцы здаць садавіну і атрымаць за яе грошы.

У вёсцы Загараны Круглянскага раёна мясцовыя школьнікі абтрэслі (на абсалютна законных умовах) яблыні каля хаты пенсіянера Мікалая Фёдаравіча Малалеткіна, а пасля сабралі падалкі ў мяхі. Яблыкі заважылі на больш чым паўтоны, і з вяскоўцам адразу расплаціліся: 280 тысяч рублёў — добрая прыбаўка да пенсіі.

Мужчына задаволены, бо ў самога сіл не хапала заняцца збіраннем ураджаю, а грошы — заўсёды дарэчы. Дзеці працуюць добраахвотна, каб дапамагаць адзінокім і састарэлым людзям. У раённым падраздзяленні міжрайбазы таксама маюць сваю выгаду: выконваюць план па нарыхтоўках яблыкаў.

Яблыкі і іншую садавіну і гародніну ад насельніцтва прымаюць ва ўсіх сельскіх крамах Круглянскага раёна і ўвогуле Магілёўскай вобласці. Як паведамілі ў Магілёўскім аблспажыўсаюзе, у рэгіёне ужо нарыхтавана каля 14 тысяч тон яблык, што на траціну болей за леташні ўзровень.

— Цяпер нарыхтоўваецца штодня па 500 тон яблык, якія адпраўляюцца на перапрацоўчыя заводы, — сказаў начальнік аддзела нарыхтовак, знешнеэканамічнай дзейнасці і рынкаў Аляксандр УТКІН. — Мы цяпер прымаем таксама грыбы, журавіны, рабіну — чырвоную і чарнаплодную. Асабліва хачу звярнуць увагу людзей на чарнаплодку: мы яе прымаем па 3 тысячы рублёў за кілаграм.

Ілона Іванова.

←Время посадить дерево

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика