Каб свята адбылося, папрацавалі ўсе шмат і рупліва

Источник материала:  
У НЯДЗЕЛЮ ў Глыбокім урачыста і святочна прайшоў Дзень беларускага пісьменства. Мерапрыемствы ж, прысвечаныя гэтаму святу, пачаліся 1 верасня, у Дзень ведаў. Адразу некалькі выключна цікавых выставак адкрылася ў гэты дзень у Глыбокім: «Паэтычная гасцёўня» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прысвечаная творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка, выстаўка друкаваных рарытэтаў з фондаў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Прысвячэнне Году кнігі» і выстаўка гісторыі пісьменства «Ад берасцяной граматы да Інтэрнэту» з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, на якой, акрамя 800-гадовай берасцяной граматы і «Малой падарожнай кніжыцы», выдадзенай Францыскам Скарынам у 1522 годзе, было прадстаўлена яшчэ нямала цікавых экспанатаў.

У ЧАС правядзення міжнароднага «круглага стала» «Пісьменнік. Кніга. Час» творцы з сямі краін свету паспрабавалі знайсці адказы на пытанні, як зацікавіць чытача інтэлектуальнай, а не бульварнай літаратурай і дзе ў сучасным свеце аўтару браць тэмы для творчасці. Глыбоцкія школьнікі ўдзельнічалі ў конкурсе юных чытальнікаў «Жывая класіка». У Глыбоцкай бібліятэцы сямейнага чытання адбылося ўзнагароджванне лепшых бібліятэк і бібліятэкараў краіны.

АСНОЎНЫЯ святочныя мерапрыемствы распачаліся менавіта 2 верасня. Выступаючы на ўрачыстым адкрыцці Дня беларускага пісьменства, намеснік Прэм’ер-міністра і старшыня Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы свята Анатоль Тозік зачытаў віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ён таксама адзначыў, што, акрамя абласной і мясцовай улады, шмат чаго зрабілі і самі жыхары Глыбоччыны, каб годна сустрэць гасцей і прадствіць багатыя культурныя традыцыі свайго краю. Анатоль Афанасьевіч таксама выказаў меркаванне, што дзякуючы такой грунтоўнай падрыхтоўцы Глыбокае ў хуткім часе атрымае сваё развіццё як значны турыстычны цэнтр і Віцебшчыны, і Беларусі ў цэлым.

Дарэчы, Віцебшчына — своеасаблівы чэмпіён па правя- дзенні Дзён беларускага пісьменства — свята на гэтай гасціннай зямлі праходзіць ужо ў пяты раз. Пра што са сцэны расказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Касінец. З цёплымі словамі да гасцей свята таксама звярнуліся намеснік Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Іван Бамбіза, старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат і біскуп Барысаўскі Веньямін, які зачытаў пасланне Мітрапаліта Філарэта.

На галоўнай пляцоўцы свята адбылося ўзнагароджванне пісьменнікаў-пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор. Імі ў розных намінацыях сталі Фёдар Палачанін, Уладзімір Скарынкін, Зіновій Прыгодзіч, Славамір Антановіч, Анатоль Станкевіч, Іван Юркін, Юлія Зарэцкая, Алег Салтук, Мікалай Іллінскі і Мікалай Маляўка.

Вялікае значэнне як для самога Глыбокага, так, безумоўна, і для ўсёй Беларусі стала адкрыццё ў горадзе сквера славутых землякоў-глыбачан. Бюсты, вырабленыя вядомымі скульптарамі, увекавечылі памяць знакамітых людзей, слава пра якіх ідзе далёка за межы нашай краіны: Ігнат Буйніцкі, Язэп Драздовіч, Павел Сухі, Вацлаў Ластоўскі, Алесь Дубровіч, Пётр Казлоў, Элізер Бен-Іегуда, Іосіф Корсак. Напярэдадні свята былі таксама ўстаноўлены памятныя дошкі ў гонар пісьменніка Лявонція Ракоўскага і архітэктара Клаўдзія Дуж-Душэўскага.

ПАКУЛЬ ішлі афіцыйныя мерапрыемствы, свята беларускага пісьменства ў Глыбокім жыло сваім адметным, яскравым жыццём. На больш як пяцідзесяці пляцоўках разгортваліся цудоўныя відовішчы з выступленнямі самадзейных калектываў, забаўляльнымі праграмамі, сустрэчамі з вядомымі паэтамі, пісьменнікамі, іншымі творчымі асобамі. Гасцінна запрашалі наведвальнікаў шматлікія панадворкі, дзе можна было набыць сувеніры, паласавацца прысмакамі, паўдзельнічаць у конкурсах, сфатаграфавацца з удзельнікамі касцюмаваных прадстаўленняў. Здавалася, сюды, у Глыбокае, сабралася на свята добрых паў-Беларусі. А яшчэ ж было шмат гасцей з замежжа.

 На плошчы 17 верасня, паміж славутымі помнікамі архітэктуры, Саборам Ражаства Прысвятой Багародзіцы і касцёлам Святой Тройцы, разгарнулася пляцоўка літаратурнага панадворка і фестывалю кнігі і прэсы. Стэнд «Белорусской нивы» карыстаўся вялікай цікавасцю чытачоў. Вясковая беларуская паэтка Лёля Багдановіч, кіраўнік барысаўскага літаб’яднання «Натхненне» чытала наведвальнікам свае пранікнёныя вершы, частка з якіх друкавалася ў фірменнай рубрыцы “БН” — “Беларускі ручнік”.

Наша чытачка Тамара Паўлаўна з Полацкага раёна сказала:

— Мы з мужам-вайскоўцам аб’ехалі паўсвету, дзе толькі ні служылі: у Расіі, на Камчатцы... І на чужыне нам заўсёды не ставала менавіта гэтага — мастацкага — слова. Зараз жывем на радзіме, у Беларусі. Прыехалі сюды з ваеннага гарадка Ветрына. Глыбокае ад нас параўнальна недалёка, і мы не маглі абмінуць такое цудоўнае свята: сабраліся, прыехалі. І я нават адысціся не магу ад стэнда «Белорусской нивы» — так мяне захапілі вершы Лёлі Багдановіч.

 Завітвалі да нас героі публікацый, прыходзілі чытачы — каб паразмаўляць з аўтарамі артыкулаў, галоўным рэдактарам, задаць хвалюючыя іх пытанні. У тых, хто працаваў у гэты дзень ля стэнда «Белорусской нивы», не было ніводнай вольнай хвіліны — наведвальнікі ішлі бесперапынным патокам.

Прыйшлі павітацца з любімай газетай наш даўні сябра, пісьменнік і рэдактар часопіса «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі, кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Сяргей Забалоцец, рэктар Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандр Курдзека, з якой «БН» падтрымлівае самыя цесныя сяброўскія сувязі, кіраўнік навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» Ніна Загорская і, вядома ж, сельскія жыхары: кіраўнікі і працаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Глыбоччыны і Беларусі.

Завяршылася свята позняй ноччу яскравым гала-канцэртам і відовішчным фейерверкам. Глыбокае перадало эстафету Дня беларускага пісьменства старажытнаму Быхаву, які правядзе юбілейнае, дваццатае па ліку, свята. Якім яно будзе — даведаемся праз год.

А сёння можам канстатаваць: Дзень беларускага пісьменства ў Глыбокім атрымаўся на выдатна! У гэтым упэўнены ўсе, з кім нам давялося паразмаўляць у гэты не па-асенняму сонечны дзень на вуліцах горада.

Анатоль ТОЗІК, намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі:

— Папрацавалі ўсе шмат і рупліва. І вынік кажа сам за сябе: свята ўдалося!

Алег ПРАЛЯСКОЎСКІ, міністр інфармацыі Беларусі:

— Дзень беларускага пісьменства па сваім узроўні, па значнасці, па прыгажосці можна параўнаць, бадай, толькі з «Дажынкамі». Гэтае свята заўсёды праходзіць толькі ў маленькіх гарадах, бо тут асаблівыя каларыт, душэўнасць. І я ганаруся тым, што Беларусь — адна з самых чытаючых краін СНД.

Іван БАМБІЗА, намеснік Дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы:

— Мастацкія здабыткі нельга разглядаць праз прызму адной краіны. Колас, Купала — гэта здабытак не толькі Беларусі, іх творчасць належыць усяму свету, Расіі ў тым ліку. Таму штогод мы ўзнагароджваем дзеячаў культуры і мастацтва, якія ўносяць значны ўклад ва ўмацаванне дружбы нашых краін. Сёлета імі сталі выдавецтава «Літаратура і мастацтва» і кіраўнік суполкі «Беларусы Расіі» пісьменнік Валерый Казакоў.

Марына і Кацярына, вучаніцы сярэдняй школы № 2 г. Глыбокае:

— Мы нават не ведалі, што наш родны горад можа быць такім прыгожым, вясёлым, што ў ім жыве столькі талентаў. Учора нашы сябры ўдзельнічалі ў конкурсе чытальнікаў — нас ажно да дрыжыкаў прабіралі некаторыя выступленні. А сёння нашы глыбоцкія таленты выступалі на галоўнай сцэне. А наш Уладзіслаў Лаўцэвіч! Ён толькі ў сёмы клас перайшоў, а ўжо стварыў сайт, прысвечаны Дню беларускага пісьменства, які стаў не проста папулярным — на яго старонку заходзяць наведвальнікі з усяго свету!

Святлана ШАРЫПКІНА, настаўніца Залескай школы Глыбоцкага раёна:

— Цудоўнае свята! Столькі цікавых людзей: журналісты, пісьменнікі, выдаўцы… Кожны панадворак вабіць нечым, на ўсё хочацца паглядзець. Дзякуй вялікі арганізатарам!

Юлія БАЛЬШАКОВА, «БН»

Фота Паўла ЧУЙКО, «БН»

←Учитесь по-новому!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика