Зоя Падліпская, галоўны рэдактар часопіса "Роднае слова": "Шануючы роднае слова — дбаем пра будучыню"

Источник материала:  

Зоя Падліпская — член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар паэтычных зборнікаў "Палон нябёсаў", "У вэлюме завей", шэрагу публіцыстычных артыкулаў, навуковых матэрыялаў па пытаннях сучаснай беларускай паэзіі.

Працы ў рэдакцыі часопіса "Роднае слова" папярэднічалі шматлікія жыццёвыя дарогі, і ўсе яны былі асвечаны павагай да роднай мовы, настаўніцкай прафесіі, шчырасцю да кожнага, з кім даводзілася супрацоўнічаць.

Зоя Падліпская, галоўны рэдактар часопіса "Роднае слова": "Шануючы роднае слова — дбаем пра будучыню"Пазнаёміўшыся з Зояй Іванаўнай, яшчэ раз пераконваешся, што чалавека, як і дрэва, трымаюць на свеце карані, а яшчэ — любоў да той справы, якой прысвечана жыццё...

— Зоя Іванаўна, калі адбылося ваша знаёмства з часопісам "Роднае слова"?

— Часопіс "Роднае слова" суправаджае мяне па жыцці яшчэ з той пары, калі ў жніўні 1990 года я прыйшла ў школу выкладаць беларускую мову і літаратуру. Хутка я стала адным з аўтараў гэтага выдання (зараз думаецца, што зусім не выпадкова). З таго часу "Роднае слова" для мяне — дарадца і памочнік. Да гэтай пары ў хатняй бібліятэцы захоўваюцца амаль усе экзэмпляры за дваццаць гадоў. Пэўна, так было прадвызначана лёсам, што мне давялося стаць галоўным рэдактарам дарагога майму сэрцу выдання, каб разам з калектывам сапраўдных прафесіяналаў раздзяліць радасць творчай працы, вялікую адказнасць і клопат за далейшы лёс часопіса.

— Ці не ўзнікае жадання зноў вярнуцца ў школу?

— А я яе ніколі і не пакідала. Мяняецца толькі ўдзел у адукацыйным працэсе: настаўнік, метадыст, навуковы супрацоўнік НІА, прарэктар па вучэбнай рабоце, галоўны інспектар Міністэрства адукацыі, і вось зараз — галоўны рэдактар навуковага і метадычнага выдання. Кожная з гэтых пасад дазваляла мне рознабакова ўдзельнічаць у жыцці школы. Мы, "роднасловаўцы", і зараз частыя госці ў агульнаадукацыйных установах краіны.

— На ваш погляд, чым адметны часопіс "Роднае слова" ў інфармацыйнай прасторы беларускіх СМІ?

— "Роднае слова" як знакавае выданне філалагічнага і культуралагічнага плана вядома не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. У студзені 2013 года нам спаўняецца 25 гадоў. За гэты час выбудавана канцэпцыя часопіса, захаваны і зберагаюцца лепшыя традыцыі, ідзе пастаянная праца над удасканаленнем зместу. Зараз у часопісе вызначана пяць раздзелаў: "Літаратура і час", "Мовы рысы непаўторныя", "Нацыянальная і сусветная культура", "Методыка і вопыт", "Калі закончыўся ўрок".

Сярод нашых аўтараў — вядомыя вучоныя з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Балгарыі, Славакіі, Казахстана і нават Кітая. З намі супрацоўнічаюць лепшыя настаўнікі краіны, якім ёсць чым падзяліцца з калегамі на старонках часопіса. У рэдакцыйным партфелі сотні матэрыялаў, і кожны дзень мы атрымліваем усё новыя рукапісы.

Адметнасць "Роднага слова" яшчэ і ў тым, што гэта адзіны ў краіне беларускамоўны навуковы і метадычны часопіс, які мае чатыры навуковыя спецыяльнасці (філалогія, педагогіка, культуралогія, мастацтвазнаўства) і адносіцца да ліку рэцэнзаваных выданняў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь. Яго матэрыялы адрасаваны як настаўнікам, выкладчыкам, студэнтам, так і культуролагам, мастацтвазнаўцам, педагогам, а таксама ўсім тым, хто шануе роднае беларускае слова. Трэба адзначыць, што ў пэўнай ступені часопіс рыхтуе маладую навуковую эліту краіны.

— Як вы лічыце, у чым прынцыповае адрозненне часопіса "Роднае слова" ад часопіса "Беларуская мова і літаратура"?

— Гэтае пытанне можна пачуць даволі часта. На першы погляд, асабліва людзям недасведчаным, можа здавацца, што часопісы дубліруюць адзін аднаго. Аднак гэта не так. Кожны з часопісаў адметны па-свойму.

Разам з галоўным рэдактарам часопіса "Беларуская мова і літаратура", прафесарам Алесем Іванавічам Бельскім мы робім агульную важную справу на карысць нацыянальнай адукацыі. Гэта вялікае дасягненне, у першую чаргу для настаўнікаў роднай мовы, мець два такія неабходныя і разнапланавыя беларускамоўныя прафесійныя выданні. "Беларуская мова і літаратура" — гэта найбагацейшая метадычная скарбонка, якая дапамагае педагогам якасна, на высокім узроўні арганізаваць актыўную пазнавальную дзейнасць на ўроку, абменьвацца вопытам з калегамі, быць своечасова інфармаванымі па важнейшых пытаннях выкладання прадмета.

"Роднае слова" як навуковае і метадычнае выданне скіравана найперш на асвятленне праблем і перспектыў філалагічнай, культуралагічнай, мастацтвазнаўчай і педагагічнай адукацыі ў рэспубліцы і за яе межамі; прапаганду і папулярызацыю практыкі выхавання і навучання школьнай і студэнцкай моладзі, лепшых здабыткаў нацыянальнай і сусветнай літаратуры, культуры, мастацтва.

Таму я цвёрда пераканана, што гэтыя два часопісы, якія ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго і дапамагаюць педагогам павышаць узровень самаадукацыі не толькі метадычна, але і навукова, павінны займаць адно з самых асноўных месцаў на палічках бібліятэк устаноў адукацыі.

— Якім вы бачыце свайго чытача, так бы мовіць, яго партрэт?

— Сярод нашых чытачоў людзі розныя па ўзросце, сацыяльным статусе і прафесіі. Гэта не адны філолагі (<І>усміхаецца. ), як можа падацца на першы погляд.

Як нашы паважаныя аўтары, так і чытачы — людзі дасведчаныя, адукаваныя, якія цікавяцца навуковымі і архіўнымі матэрыяламі, шануюць беларускае слова і адносяцца да яго як да найвялікшай каштоўнасці ў жыцці.

І я гавару зараз не толькі пра настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, культуролагаў і мастацтвазнаўцаў. Чытацкая катэгорыя выдання даволі розная. Часопіс чытаюць і выпісваюць студэнты, выкладчыкі, супрацоўнікі банкаў, вайскоўцы, людзі з медыцынскай адукацыяй; сем'і, якія вывучаюць новую рэдакцыю беларускага правапісу менавіта па нашым часопісе; сем'і, якія пачалі займацца даследаваннем уласнага роду...

Гэта нас вельмі радуе. Безумоўна, хацелася б бачыць сярод нашых чытачоў і падпісчыкаў больш настаўнікаў роднай мовы, бо апошнім часам стан ведамаснай падпіскі выклікае пэўную заклапочанасць. Мы праводзім асветніцкую працу сярод студэнтаў, выкладчыкаў, настаўнікаў роднай мовы, бяром удзел у канферэнцыях, семінарах, фестывалях, пасяджэннях "круглых сталоў".

У Год кнігі толькі ў студзені і лютым рэдакцыяй часопіса "Роднае слова" праведзены тэматычныя сустрэчы з кіраўнікамі метадычных аб'яднанняў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры агульнаадукацыйных устаноў Заводскага, Фрунзенскага, Ленінскага, Маскоўскага, Савецкага, Першамайскага, Кастрычніцкага, Партызанскага і Цэнтральнага раёнаў г. Мінска. Думаецца, сяброў і прыхільнікаў нашага выдання стане больш, а ў часопісе з'явяцца новыя матэрыялы настаўнікаў сталіцы.

— Летась дзякуючы намаганням часопіса "Роднае слова" ў свет выйшаў першы том з серыі кніг пра старажытныя беларускія роды. Распавядзіце крыху падрабязней пра гэты праект.

— Два гады таму мы атрымалі ліцэнзію Міністэрства інфармацыі на выдавецкую дзейнасць. І ўжо ў верасні 2011 г. была падрыхтавана першая кніга з серыі пра старажытныя беларускія роды "Я — сын Ваш: Летапіс беларускай шляхты" аўтара Анатоля Васільевіча Статкевіча-Чабаганава. Першы том "Статкевічы, Сацкевічы-Статкевічы герба "Касцеша". Карафа-Кобруты герба "Корчак"" выйшаў на 592 старонках. Кніга выклікала цікавасць у чытачоў і крытыкаў і была распаўсюджана ў бібліятэкі розных краін свету: Прэзідэнцкую бібліятэку Рэспублікі Беларусь, Нацыянальную бібліятэку Беларусі, Цэнтральную навуковую бібліятэку імя Я. Коласа НАН Беларусі, абласныя і цэнтральныя раённыя бібліятэкі краіны, Расійскую нацыянальную бібліятэку (г. Санкт-Пецярбург), Расійскую дзяржаўную бібліятэку (г. Масква), Дзяржаўную публічную гістарычную бібліятэку Расіі (г. Масква), Нацыянальныя бібліятэкі Літвы, Польшчы, Чэхіі, Балгарыі, Славеніі, Сербіі, Славакіі, Венгрыі і іншыя.

Кнігі вышэйназванай серыі ілюстраваны шматлікімі копіямі гістарычных дакументаў, фотаздымкамі і іншымі матэрыяламі. У іх прадстаўлена апісанне кожнага роду, гісторыі з жыцця яго прадстаўнікоў і радаводныя роспісы за пяцьсот і больш гадоў. Зараз нашым выдавецвам практычна завершана праца над чарговым томам А. Статкевіча-Чабаганава "Некрашэвічы герба "Любіч". Татуры герба "Данброва". Сеўрукі герба "Курч". Кернажыцкія герба "Юноша". Маствіловічы герба "Даленга", а таксама выдадзена кніга Міколы Труса "Янка Купала ў Славакіі".

— Чым яшчэ плануе здзіўляць часопіс "Роднае слова" ў 2012 годзе?

— Сёлета часопіс у другі раз стаў лаўрэатам конкурсу "Залатая Літара" ў намінацыі "Лепшыя матэрыялы навуковай і навукова-папулярнай тэматыкі".

З мая 2012 г. часопіс "Роднае слова" абвешчаны пляцоўкай для развіцця інстытута крытыкі ў краіне. Разам з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь адным з заснавальнікаў часопіса стала грамадскае аб'яднанне "Саюз пісьменнікаў Беларусі". У красавіку ў часопісе адбылася прэм'ера рубрыкі "Беларуская літаратура ХХІ стагоддзя", якая дапаможа настаўнікам беларускай мовы і літаратуры сістэмна ўбачыць праблематыку сучаснай паэзіі, прозы, драматургіі, пазнаёміцца з новымі імёнамі беларускіх пісьменнікаў.

"Роднае слова" ўпрыгожылі працы беларускіх мастакоў, аб'яднаныя рубрыкай "Архітэктурная спадчына": на апошняй вокладцы кожнага нумара чытачы змогуць убачыць шэдэўры нацыянальнага дойлідства, увасобленыя ў творах жывапісу і графікі. У раздзеле "Літаратура і час" працягваем знаёміць чытачоў з літаратурнымі партрэтамі класікаў, архіўнымі знаходкамі, новым прачытаннем спадчыны, помнікамі старажытнай літаратуры, яскравымі імёнамі ХХІ стагоддзя.

З 2012 г. часопіс "Роднае слова" ўключаны ў міжнародны каталог для падпіскі ў Расіі, Польшчы, Літве, Латвіі, ва Украіне, у Казахстане, Германіі, Венгрыі, Балгарыі, Славакіі, ЗША, Канадзе, што будзе толькі на карысць справе пашырэння, папулярызацыі і зберажэння роднай мовы.

Мы прадоўжылі сумесны праект з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. З мэтай падтрымкі адораных навучэнцаў, развіцця іх творчых здольнасцяў і інтэлектуальнага патэнцыялу мы ўжо ў другі раз абвясцілі конкурс навукова-даследчых і творчых прац. Вынікі конкурсу будуць падведзены ў юбілейным нумары "Роднага слова" ў студзені 2013 г.

Пытанні задаваў Ілья ЛАПАТО.

←Сотрудники телеканала "Белсат" эвакуированы из-за обнаружения возле редакции снаряда времен Второй мировой войны

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика