Прэм'ера рубрыкі
А дапамагаць нам будуць калегі з "Вожыка" — часопіса, які больш чым за сем дзесяцігоддзяў набыў рэпутацыю самага ўплывовага сатырычна-гумарыстычнага часопіса краіны.
Дарэчы, пачынаўся сам часопіс з газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну", якую выдавала рэдакцыя газеты "Звязда". Так што мы зноў разам!
Паважаныя чытачы, запрашаем і вас паўдзельнічаць у Суботніку!
НяўдачнікГумарэска
Нядаўна я набыў дачны ўчастак. Каля лесу. Ажно чатыры соткі... Пачаў памалу абжываць яго — пні карчаваць, хмызняк высякаць, зямлю апрацоўваць. А мой сусед тым часам — цагліна за цаглінаю, ужо дамок узводзіць. І не абы-які, а двухпавярховы. Пад дах ужо бярэцца, хутка, глядзіш, і наваселле спраўляць будзе. Калі ён паспеў, дзе матэрыялы бярэ? Ды і цэны цяпер ого як кусаюцца!
Зайшоў да яго, пачаў распытваць: падзяліся, маўляў, вопытам...
— А ўсё таму, — не стаў утойваць ён, — што я па жыцці вельмі няўдачлівы... Не шанцуе мне. Дзе б ні ехаў, ні ішоў, толькі і глядзі, каб цагліна на галаву не звалілася. І валяцца. Добра, калі побач... Ну, што мне застаецца? Пакладу ў партфель, прынясу дахаты. За тыдзень з дзясятак назбіраецца. У выхадны дзень вязу сюды ды кладу сцяну. Так вось паціху і рухаецца справа...
— Дык тая цагліна можа і на галаву ўпасці...
— О, колькі разоў! От паглядзі, — сусед зняў шапку, і я ўбачыў на яго галаве гузакі, шрамы, невялікія і нават адметныя раны, даўнія і зусім свежыя.
— І на нагу цагліны падалі, — працягваў сусед. — Нездарма вунь левая карацейшая за правую. Аднойчы плячо перабіла...
— Сапраўды, нейкі ты няўдачлівы. Але ж, акрамя цэглы, патрэбны і іншыя матэрыялы. Дошкі там, бэлькі, дзверы...
— Гэтак сама! І ўсё таму, што не шанцуе мне... Іду неяк па вуліцы, а мяне абганяе машына, даверху нагружаная дошкамі. На яме грузавік калыхнуўся — і дошкі абрынуліся на мяне, прысыпалі... А машына хоць бы што, далей паехала. Што мне заставалася? Так-сяк выбраўся з-пад завалу, нагу тады вывіхнуў і вось гэтую рану на галаве, каля вуха, атрымаў. Давялося тыя дошкі прывезці сюды — вось табе і столь, і падлога...
— А дзверы?
— Я ж кажу: не шанцуе мне. Непадалёк ад майго дома ў горадзе таксама вядзецца будоўля. Кранам падымалі дзверы на паверх, адны і ўпалі. Ледзь не на мяне... Потым будаўнікі ўстаўлялі ў доме вокны. Дрэнна замацавалі іх, узняўся вецер — і некалькі выдзьмула скразняком. Адно акно ўпала каля майго пад'езда, другое — проста на балкон. Перавёз сюды... Вось чакаю, дах пачнуць хутка крыць, падыду, можа, што ўпадзе. Які рулон толю ці металачарапіца. Мне толь цяпер патрэбны...
"Ну і сапраўды, — падумаў я, — няўдачлівы нейкі мой сусед. Не шанцуе яму".
А можа, і мне паспрабаваць хадзіць побач з будоўлямі?..
Міхась МІРАНОВІЧ
МіранізмыМужык у хаце
Сяброўка
Раіла Агаце:
— Павінен быць
Мужык у хаце!..
— Так, мужыка б
Някепска мець!..
Вось толькі мужа
Дзе падзець?!.
Не мяне...
— Пабачыш, —
Злева чуў і справа, —
Цябе, няйнакш,
Чакае слава!..
— Пабачыў —
Стала сумна мне:
Яна чакала
Не мяне!..
Прыгажосць уратуе свет
А праўда
Ў гэтых словах ёсць —
Аддам належнае
Красе:
Свет уратуе
Прыгажосць,
Але ўратуюцца
Не ўсе!..
Прызнанне
Вы майце, дзяўчаты,
На ўвазе,
Як жыць мне нялёгка
Даводзіцца:
Даўно я не быў
У экстазе —
Забыў ужо,
Дзе ён знаходзіцца...
Не чужая
— Любая,
Не лайся без прычын,
Што хаджу я
Да чужых жанчын.
У суседкі быў я,
Дарагая.
А суседка — наша,
Не чужая!
Не ў сваёй талерцы
Глынуўшы лішку,
На вяселлі сват
Упаў суседу
Тварам у салат.
Кума Анэта
Кажа свацці Верцы:
— Здаецца, сват наш
Не ў сваёй талерцы!..
Васіль ФЕРАНЦ
МІМАХОДЗЬКалi табе няма чаго губляць, першай губляецца трывога.
Дурнi шукаюць лепшыя месцы. Разумныя — займаюць iх.
Тое, чаго ты хочаш, — не збываецца. Тое, чаго ты не хочаш, — збываецца. Значыць, трэба не хацець таго, што не збываецца.
Мужчына павiнен аддаваць жанчыне без астатку сэрца, душу i кашалёк.
Нiколi не спрабуйце спынiць сабаку, якi брэша, i жанчыну, якая плача. Працэс толькi ўзмацнiцца.
Сапраўдны зайздроснiк пазайздросцiць нават магiльнаму помнiку суседа.
Чарвяк не любiў рыбалку, але яго заўсёды бралi з сабой.
Нiколi не ўкладвайце грошы ў тое, што ўмее бегаць.
Дунька ШЫП,
г. Мiнск.