Зялёны Сож і Блакітная крыніца
Напрыканцы лета, цёплымі выхаднымі днямі, людзі імкнуцца выехаць за межы душных гарадоў і наведаць цікавыя мясціны. Блакітную крыніцу (альбо Сіні калодзеж) у Слаўгарадскім раёне нездарма называюць адным з цудаў Беларусі. Ваду незвычайнага бірузовага колеру ў невялікай сажалцы народ лічыць гаючай.
Блакітная крыніца стала папулярным турыстычным месцам. Яна знаходзіцца літаральна за некалькі кіламетраў ад раённага цэнтра — трэба толькі пераехаць па пантонным мосце цераз раку Сож. У выхадныя дні тут шмат людзей. Яны спяшаюцца пабачыць дзіва прыроды і імкнуцца выканаць старадаўні абрад — акунуцца ў ваду альбо тройчы перайсці ручай, каб здабыць шчасце і здароўе. Гэта, дарэчы, не вельмі проста: вада тут мае пастаянную (улетку і ўзімку) тэмпературу — усяго 6-8 градусаў цяпла.
Побач з крыніцай — альтанкі і мангалы, якія дазваляюць сумясціць прыемнае з карысным. Палюбавацца мясцінамі, смачна паесці, добра адпачыць... Праўда, турыстаў, сярод якіх, дарэчы, шмат расіян, папярэджваюць не ставіцца да крыніцы і яе наваколля як да звычайнага пляжа. Гэта ўсё ж такі сакральнае месца, дзе ўсталяваны крыж і ёсць праваслаўная капліца.
Наведвальнікаў таксама папярэджваюць не браць з крыніцы гліну. Пасля пагалосак пра яе гаючыя ўласцівасці, здабыванне белай гліны набыло такія маштабы, што стала пагражаць існаванню крыніцы. Прыкра бачыць у бірузовай вадзе і дробныя беларускія купюры: напэўна, здароўе і шчасце нельга купіць за грошы, а ахвяраванні такога кшталту толькі засмечваюць помнік прыроды.
Акрамя Блакітнай крыніцы, турысты за адным разам заязджаюць у аграгарадок Лясная, цэнтрам якой з'яўляецца вядомы Свята-Петра-Паўлаўскі храм, узведзены тут у гонар перамогі войскаў Пятра І над шведамі ў час Паўночнай вайны. Бітва адбылася ў 1708 годзе, таму ў 2008-м у Лясной адзначалі яе 300-гадовы юбілей. А царква — невялікая, вельмі прыгожая, з мазаічнымі абразамі на фасадзе і ўтульная знутры — пакідае вельмі прыемнае ўражанне.
У самім Слаўгарадзе можна наведаць яшчэ адну царкву — Раства Багародзіцы і палюбавацца старадаўнімі фрэскамі. У гарадскім парку абняць "дуб кахання" (насамрэч, гэта вялізная ліпа), які паводле падання пасадзіла імператрыца Кацярына. А потым з высокага берага ўбачыць зялёную пойму Сожа і захапіцца яе веліччу. Вось вам і турыстычная праграма на бліжэйшыя выхадныя дні, ці не так?
Ілона Іванова. Фота аўтара.
Слаўгарадскі раён